Выбрать главу

- Як мне нясмачна.

Усе абеднікі завяршылі трапезу, і грамада паводле завядзёнкі рушыла да ліфта, каб падняцца ў верхні буфет і там перайсці да кавы з дэсертам, ну і даказаць недаказанае.

- Што такое нясмачна. Нясмачна бывае па-рознаму, - уздыхнуў Прыдуманы. - Слухайце, як было і што я запомніў на ўсё жыццё. Гэта было ў паўднёвым В’етнаме пад горадам Фантх’етам. Мы з жонкай жылі на беразе мора ў мясцовасці Кога. Ну і час ад часу дзеля разнастайнасці ездзілі на другі бок Фантх’ета ў рэсортную вёску Муйнэ, дзе была цэлая вуліца крамаў і рэстаранаў. І вось у адным рэстаране я спакусіўся замовіць сабе чарапахавы суп. Такая легендарная на маё ўяўленне страва. Праўда, і дарагушчая, зараза. Але гэта ж раз у жыцці! І пакуль мне гатавалі той суп, раптам узгадалася, што ў маленстве я меў сваю чарапашку. Смярдзючку такую, шмат за ёй трэба было прыбіраць. Але запомнілася не столькі гэта, колькі дзіцячая эмоцыя шкадавання, амаль спачування. Проста сэрца сціскалася, гледзячы на яе, ад гэткай прыроднай несправядлівасці. Ну чаму яна створаная такой нязграбнай. Ні павярнуцца толкам, ні пабегчы. Перавернеш на спіну, а яна так мучаецца, каб перакуліцца назад. І гэта ж не ад хваробы ці калецтва, яна такой задуманая. А найбольшае шкадаванне выклікалі гэтыя пярэднія лапкі, загнутыя ў розныя бакі. Яна соўгае імі, хоча рухацца, а нічога не адбываецца і ўсе яе памкненні дарэмныя. Я сядзеў у тым рэстаране, і такая маркота мяне ахапіла, што замовіў гэты чортаў чарапахавы суп. А тут яшчэ жонка іранічна так на мяне паглядзела: «Ты сапраўды будзеш есці Тарцілу?» Эх. Ну вось, нясе афіцыянт маю замову. Ледзьве не пад фанфары, бо ўвесь рэстаран пазірае на нас, на мяне. Вялікая глыбокая міска, поўная ўсяго на свеце. Апошняя надзея - што чарапахавы там толькі булён. Калі афіцыянт паставіў перада мной суп, мне хацелася праваліцца пад зямлю. Вядома, там плавалі нейкія авакады і розныя травы і іншая раслінная прыгажосць. А з усяго гэтага вытыркалася тая крывая лапка.

- Вы не сталі есці? - збаяўся не пачуць працягу Імбрык. Насамрэч ён краў у Прыдуманага эфектную паўзу. Сам таго не хочучы.

- Цераз не магу я раз ці два сербануў кісла-салёнай вадзічкі з краю і адсунуў місу, - працягваў Прыдуманы. - Ну не змог. Дагэтуль не падбяру слова гэтаму пачуццю. Увесь рэстаран глядзеў на мяне са здзіўленнем. Афіцыянты таксама. Але здзіўленне афіцыянтаў было радасным. Я вачыма паказаў, што міску можна забіраць. І калі пазней ішоў у прыбіральню, акурат міма кухні, бачыў, як тры афіцыянты, нібы груганы, наляцелі на маю Тарцілу, разрываючы яе на кавалкі. Так я зразумеў, што чарапахавы суп сапраўды смачны, калі на яго гэтак зацята кідаюцца. Толькі для мяне ён выйшаў канфузам. І тая крывая лапка ўсё яшчэ стаіць у мяне ўваччу.

- Сумная гісторыя, - уздыхнуў Данчык, які далучыўся да іх ужо на тэрасе. Ён рэдка калі расказваў свае гісторыі і ўвогуле гаварыў мала. Ле­гендарны Данчык рэдка пісаў артыкулы і рэдка калі браў у рукі гітару. Чаму? Імбрыка гэта востра цікавіла, і ён пастанавіў неяк разгаварыць вядомага спевака і куміра свайго дзяцінства.

Грамада з каваю і пірожнымі расселася на тэрасе.

- А вы ведаеце, што шмат дзе ў свеце чарапахавы суп забаронены?

- спытаў Навумчык. - Не ў В’етнаме, канечне. Там можна ўсё. Проста чарапаха - рэліктавы від, на мяжы знікнення, яна сапраўды не паспявае за прагрэсам. Адстае. І есці яе - гэта як адшукаць жывога дыназаўра, забіць яго і зварыць з ягоных вушэй суп. - Навумчык на Радыё Салярыс быў галоўным аматарам вэнджаных свіных вушэй, якія яму пры нагодзе прывозілі з Літвы. Але пра гэта Імбрыку яшчэ трэба будзе даведацца пазней.

- Я чытаў, што шмат чарапах развялося ў нас у Чарнобыльскай зоне,

- сказаў Імбрык. - Адзін фатограф распавядаў, што ў закінутай вёсцы пачуў грохат посуду з абрынутай хаты. Зайшоў, а там чарапаха вылазіць з рандэлі.

- Бачыш, не ўсё так проста, - рэзюмаваў Шупа. - Чарапаха сама імкнецца стаць супам.

Сяргеі пачалі наперабой расказваць пра свае самыя смачныя супы ў розных месцах Еўропы. І тут на тэрасу ўвайшлі «салярныя» дзяўчаты - Ціхановіч, Радкевіч і Ганна Соўсь. Такія ж светлыя, як іх галасы ў радыё, што Імбрык чуў з пялёнак. Ды яны ўсе яму як мамы. Здаецца, зараз пачнецца шчасце.

«Што такое шчасце?»

03. На тэрасе (2)

- Што такое шчасце, ведаеш толькі калі яго адчуваеш, - сказаў Есіп пасля таго, як Сяргеі разам з «салярнымі» дзяўчатамі і Прыдуманым разабраліся з дэсертам і чарапахамі і адправіліся працаваць.

Толькі Данчык ад’яднаўся ад усіх за далёкім столікам з бутэлечкай Кока-колы. Імбрык, натуральна, застаўся з Есіпам.