Выбрать главу

- Жанчыны і могілкі - вось і ўсё, што цікавіла мяне ў гэтым жыцці,

- сказаў Есіп, расцягваючы словы і абводзячы панарамным позіркам непраглядныя шаты дрэваў. - Інтрыгуе заўжды супрацьлеглы бераг.

Імбрыка раздражняла гэтая Есіпава манера гаварэння з самім сабой у ягонай прысутнасці. Напэўна, так робяць, каб паказаць суразмоўцу, што ён тут як бы і лішні? Усё ж такі астатнія супрацоўнікі Радыё рабілі на Імбрыка шмат лепшае ўражанне, чым гэты патасны самазакаханы старпёр. Яны, вядома, таксама старпёры, апроч хіба што Прыдуманага, але яны пазітыўныя, адкрытыя і не ўдаюць з сябе невядома што. Імбрык пачынаў ужо адчуваць сябе адным з іх, прынамсі, хацеў гэтага. Але і жаданне замяніць іх маладымі кадрамі нікуды не падзелася.

«Божа мой! - думаў Імбрык. - Гэта проста неверагодна! Я толькі прыляцеў з Менску і вось стаю ў гэтым месцы, святым для маіх бацькоў і з гэтым чалавекам, не менш святым для іх. І як бы для мяне. А слухаю нейкія азбучныя канструкцыі, якія яму й самому, відаць, даўно абрыдлі. Дырэктар прыставіў яго да мяне, каб ён праінструктаваў. Хутчэй бы скончыўся гэты “інструктаж”».

Тэраса на даху амерыканскага Радыё Салярыс была памерам з тэнісны корт. Яна рэдка калі заставалася зусім бязлюднай, часцей наадварот, поўнілася галасамі і чамусьці заўсёды без меры адкрытым смехам, які крыху насцярожваў, бо мовы, на якіх смяяліся, былі незразумелыя.

«Бацькі таемна слухаюць Радыё Салярыс - самы першы ўспамін майго маленства, - згадваў Імбрык. - Прыймач трашчыць, шуміць, накладаюцца нейкія музыкі, самыя дзіўныя мовы і галасы, поўная абракадабра. І праз гэта ўсё прабіваецца голас гэтага чалавека, якому цяпер мяне даручылі для адаптацыі ў Празе. А я ўжо амаль не магу яго трываць, прагну хут­чэй пазбавіцца ад яго, проста згубіць са свайго далягляду назаўжды. Але засталося нядоўга».

Пад сляпучым летнім сонцам тэраса была падобная на пляж: вялізныя чырвоныя парасоны, прахаладжальныя напоі і марозіва на століках, разняволеная лагодная публіка з усяго свету, апранутая хто ўва што амаль па-пляжнаму. Тут яны ўсе кураць, ядуць, п’юць каву і вядуць гутаркі на трыццаці трох мовах.

- А Гарэцкі - вялікі? - спытаўся Імбрык. - Вы казалі, што разам з дачкою чытаеце Гарэцкага і ён ад гэтага робіцца блізкім і страшным, а калі далёкі, дык успрымаецца як вялікі.

- Гарэцкі не меншы за Кафку, - усміхнуўся Есіп. - Яны, дарэчы, былі завочна знаёмыя. Прынамсі, такую выснову зрабіў Дубавец, які даследаваў перапіску еўрапейскіх пісьменнікаў пра Гарэцкага. Вось паслухай, гэта не доўга. - Ён разгарнуў нататнік, у якім старонкі былі шчыльна спісаныя ад рукі. Зрабіў паўзу і пачаў чытаць. - Гэта цытаты з лістоў. Кафка звяртаецца да Рэмарка:

«Дарагі Эрых,

Вы напісалі выдатны раман “На заходнім фронце без перамен”. Я ў захапленні. І найперш я захоплены тым, што і па-нямецку магчымы твор такога кшталту, якім раней здзівіў нас усіх Максім Гарэцкі. Разумею, што Ваша кніга натхнёная яго раманам “На імперыялістычнай вайне”. Я зусім не ведаю, што там адбываецца ў таямнічай краіне пад назвай Беларусь, але шчыра рады, што і наша літаратура можа вырабляць такія штукі ў жанры ваеннай прозы».

Двое супрацоўнікаў грузінскай службы Радыё ўважліва пазіралі на Есіпа і Імбрыка, магчыма, да іхняга слыху даляцелі знаёмая імёны класікаў. Спешнай хадою міма прайшоў дырэктар: «Рыхтуйцеся, джэнтльмены».

Адна з косаўскіх албанак вярнулася з буфету за столік да сяброўкі з дзвюма порцыямі марозіва.

- А вось Канчэўскі піша ўжо самому Гарэцкаму, - працягваў Есіп:

«Увесь час працы над маім “Адвечным шляхам” мяне не пакідала ўражанне, што Абдзіраловіч - гэта я сам. Пытаюся Вашага дазволу выкарыстаць гэтае імя як мой псэўдонім, пры тым адчуваю, што такое рашэнне ўжо прыняў сам лёс».

«Адвечным шляхам» - культавая кніжка ў бацькоў Імбрыка. Яму само­му яна падалася нуднаватай і не зусім карыснай, бо там больш ставілася пытанняў, чым давалася адказаў. Ну і агульны настрой - песімістычны, амаль безнадзейны што да будучыні Беларусі і беларусаў, да якіх ніколі не стануць па-сапраўднаму прыязнымі ні Захад, ні Усход. Тым не менш, Імбрык ведаў пра гэты твор, як і пра астатнія кнігі, пра якія згадвае Есіп. На нейкі час яму станавілася цікава.

- Яшчэ адзін пражанін, Гашак, піша Кафку, - чытаў Есіп:

«Агульнавядома, Франц, што камунізм прыдумалі габрэі. А літаратуру ХХ стагоддзя - Гарэцкі. Мяне шчыра ўразілі ягоныя “Дзве душы”, фантастычны раман, у якім відаць і твае людзі-кузуркі, і гэты пякельны “Уліс” Джойса, пра які ўсе цяпер гавораць. Я, між іншым, бываў у Беларусі і магу пагадзіцца з думкай, што літаратуру прыдумалі там. Калі не, з чаго б там акапацца старажытнаму Герадоту? Ну і Біблію яны надрукавалі па-свойму раней за ангельцаў. Быў у Гутэнберга такі прыяцель, як жа яго звалі? Як корачка на хлебе. Ну, хай будзе Корачка - вельмі па-нашаму гучыць. І надрукавалі яны беларускую Біблію ў нашай Празе. У іх нейкая паталагічная цяга ўсё на свеце хапаць, засвойваць і ўсяму ўсіх вучыць».