Выбрать главу

Тут да Імбрыка дайшло: «Дык гэта ж пра нас, пра беларусаў - як пра вялікіх! - уразіўся ён. - Трэ будзе абавязкова гэта ўсё адшукаць ці перапісаць у Есіпа. Вось бы я такое расказаў сваім ліцэйскім, гонару было б! І ніякіх комплексаў! Ніякіх табе сціплых, талерантных, памяркоўных.»

- Далей з ліста сучаснікаў. Харэўскі піша Антаняну:

«Дружа мой, мілы хачык. Сёння наш рэдактар назваў славуты раман Максіма Гарэцкага “Віленскія камунары” “Віленскімі кулінарамі”. Але ты не крыўдуй на яго. Там сапраўды так шмат кулінарыі, іншы раз здаецца, што галоўны герой нічога не робіць, толькі есць, прычым - смачна. Я не кажу пра фуагра і міндалі ўсякія (ты ж ведаеш, я сам кухар), але і вараныя пацукі, аказваецца, у нейкі час прыдаюцца. Неверагодна. Твой С.»

Харэўскага Імбрык ведаў. Хто ў Менску не ведае Харэўскага! Харэўскі не аднойчы прыходзіў да ягоных бацькоў. Яго заўсёды цікава было слухаць. Але цяпер Імбрыка адназначна турбавала іншае. Гарэцкі. Ён паўставаў з гэтых лістоў як рэальна вялікі, проста як вялікі Вітаўт. Хоць, з іншага боку, вялікі Гарэцкі, на вычуванне Імбрыка, гучала не зусім забойна і брэндава. Можа быць, ад нязвыкласці. Ці ад таго, што прозвішча надта звычайнае? Ды нічога яно і не звычайнае, чыста беларускае, не зблытаеш. Не тое, што Быкаў ці Арлоў, якіх Імбрык таксама бясспрэчна паважаў з маленства.

- Гэта не ўсё, - сказаў Есіп, ухвальна назіраючы, якая актыўная работа адбываецца ў галаве Імбрыка. Спрабуе, відаць, прымераць Гарэцкага на ролю вялікага. На тое і разлічана, падумаў ён, і працягваў. - Пачынаецца цяжкая артылерыя. Камю піша Сартру пра тое, чаму ён выходзіць з кампартыі:

«Пасля прачытання апошняй кнігі Францішка Аляхновіча (“У кіпцюрох ГПУ” адначасова выйшла на сямі еўрапейскіх мовах, першая ў свеце кніга пра ГУЛАГ. - Есіп) не бачу для сябе ніякай магчымасці заставацца ў вашай камуністычнай кампаніі. Гэтае рашэнне спялілася даўно. Цяперашняя навіна пра арышт Гарэцкага стала апошняй кропляй».

- Што, проста так Камю Сартру пра Гарэцкага і піша? - чарговы раз быў уражаны Імбрык.

- Яны тады пасварыліся на ўсё жыццё, - сказаў Есіп. - Але вось з ліста Буніна Джойсу. Слухай:

«Вашы “Партрэт мастака ў маладыя гады” і “Дублінцы” мне нагадалі мяне самога. Гэта неперадавальна. Так шмат ад Гарэцкага! Стыль! Дзівосная лёгкасць пяра і - карціны. Я нават задумаўся, каб наследаваць - як Гарэцкі ўмее ствараць візуальныя вобразы пісьмом. Увесь час шукаю выхад на гэта. А “Уліс”, даруйце, не ўразіў. Пасля табуяванай (але я дастаў) “Камароўскае хронікі”. Праўда, не буду нападаць на вас, бо пісьменніку важна быць у цэнтры ўвагі, але гэта спрацуе пазней. Гэта вельмі цяжка, але нашчадкі знойдуць “Камароўскую хроніку”, верагодна, пасля “Уліса” і акажацца, што “Уліс”, прабачце.»

- Обана! - ускрыкнуў Імбрык. - Не можа быць! Бунін пра «Уліса» і Гарэцкага. Прабачце.

- Далей болей, - чытаючы, захоўваў роўны тон Есіп. - Акутагава піша Борхесу:

«Добра вы абышліся з бібліятэкай, гэткім чынам акрэсліўшы межы таленту, пра якія мне даводзілася пісаць. Хіба што ў Гарэцкага я гэтых межаў не заўважыў».

- Ну і зусім троху засталося. Рэмарк - Прусту:

«Я заўсёды паслядоўна вызнаваў стылістыку “светлага лесу” і цяпер з цікавасцю назіраю, як іншыя пісьменнікі пераходзяць у “лес дрымучы”, быццам зусім не дбаючы пра камфорт чытача. Прымаю гэта як знакі на­шага часу, як дадзенасць. Напэўна, жаданне такога пераходу нарадзілася з “Дон Кіхота”, прызнанага найлепшай кнігай усіх часоў і народаў, хоць чытаць яго ў арыгінале зусім немагчыма. Затое ўсе ведаюць, пра што ён. У найноўшым часе, я мяркую, “дрымучы лес” адрадзіў Гарэцкі ў сваіх “Дзвюх душах”. Кажуць, яны таксама нечытэльныя ў арыгінале, аднак калізія вядомая кожнаму школьніку. Напэўна, гэта нейкая зусім іншая літаратурная ліга, далучыцца да якой я, бадай, ужо не змагу».

- І апошняе, - Есіп падняў вочы, каб пераканацца, што Імбрык увесь ператварыўся ў слых. - Зноў сучаснікі. Бахарэвіч напісаў у каментах Шупу:

«Гарэцкі ў “Дзвюх душах” раскрыў сваю асабістую рэальную гісторыю, гэта бясспрэчна. Гэта ён быў тым падмененым у немаўленстве шляхцюком. А Кафка, Гашак, Джойс, Бунін і іншыя напісалі з гэтага свае творы. (Пройдзе яшчэ паўсотні гадоў, і на “Дзвюх душах” вырасце цэлы свой Балівуд:)) Ну канечне, засланыя палітрукі з усёй іхняй вузкалобасцю, злосцю і некаленапрыклонствам перад Захадам будуць нам зацята даказваць, што Джойсы-Буніны-Кафкі Гарэцкага не чыталі. Але чаму яны ўсе растуць з яго, як з гогалеўскага шыняля? Загадка прасторы і часу! Будзьма са сваім».