Выбрать главу

Есіп стараўся вытрымаць эфектую паўзу як найдолей, але Імбрык гэтым разам яму не падыграў.

- Толькі ж гэта містыфікацыя, не? Гэта ўсё сам Дубавец і прыдумаў?

- сказаў ён, страчваючы надзею.

- Акадэмік Радзім Гарэцкі, пляменнік пісьменніка, таксама зрабіў такое дапушчэнне, - лектарскім тонам сказаў Есіп. - На нейкай канферэнцыі ці ўрачыстасці з нагоды дзядзькі ён з гонарам і радасцю цытаваў тэкст Дубаўца. Пасля нехта адвёў яго ў бок і акуратна намякнуў на легкавернасць, ну ці як гэта намякаюць акадэмікам, не ведаю. Ясна, што акадэмік Радзім зараз жа ўскіпеў не на жарт, як той вулкан, і выбухнуў артыкулам у апазіцыйнай газеце: ды як жа так, ды дзе ж сорам, ды дзядзька быў самы-прысамы рэаліст-прарэаліст! Хоць, дарэчы, у апошнім сцверджанні снарад другі раз патрапіў у тую самую варонку. Максім Гарэцкі быў унікальным містыфікатарам. Згадаць тую ж кніжку «Адвечным шляхам», якую ён напісаў прычэпам пасля «Дзвюх душ» і якая загадкавым чынам прыпісваецца сёння Ігнату Канчэўскаму, дый шмат чаго яшчэ.

- Але.

- Але далей самае цікавае, - уваходзіў Есіп у азарт. - Успомні, з якім захапленнем цытаваў акадэмік Радзім тыя лісты пісьменнікаў, імёны якіх ва ўсіх на слыху. Ягонага сярмяжнага дзядзьку, якога дагэтуль ён сам, акадэмік, у глыбіні душы залічаў да выдатных, але ўсё ж беларускіх пісьменнікаў, то бок сваіх, працягні руку - памацаеш, ясна, што да сусветных высотаў яны не дацягваюць, бо проста не могуць дацягваць, як і ўсе мы тут, акадэмікі, як і ўся наша Беларусь з яе мовай і культурай. Дык вось, гэткага ягонага дзядзьку абмяркоўваюць пісьменнікі першае велічыні! Проста шок! Пра нашага Гарэцкага кажуць Рэмаркі з Джойсамі, ды так пераканаўча кажуць і з такой павагай. Ушчыкніце мяне, ці я сплю?.. У момант цытавання акадэмік Радзім быў самым шчаслівым чалавекам на свеце, нібы споўніліся тры ягоныя самыя запаветныя жаданні.

- Тры жаданні?.. Цікава, - пачынаў астываць Імбрык, ягоная цікавасць да тэмы згасала. - Але ж Дубавец пашырае невуцтва, а вы лічыце яго ледзьве не асветнікам.

- Невуцтва ў іншым, - сказаў Есіп. - Калі б акадэмік Радзім у той самы шчаслівы момант цытаваў Дубаўца як Дубаўца, як ягонае эсэ ці як верш, была б проста музыка і не трэба было б пасля махаць кулакамі ў апазіцыйнай газеце. А ён яго прачытаў, зразумеў і цытаваў як нейкую дысертацыю. І рабіў гэта таму, што ўнутрана не настроены на музыку - як нешта не менш сур’ёзнае і важкае, чым усе гэтыя скрыпучыя запыленыя дысертацыі, якім ён прывык безумоўна верыць. Бо калі ўдумацца, цытаты славутых пісьменнікаў - гэта вершы, а вершы апелююць да эмоцыяў, а не да фактаў. Так можна ўварвацца на “Сезоны” Вівальдзі, паслухаць “Лета” і абурыцца: дзе тут лета? Якое вам лета? Няхай аўтар адкажа. Нас, дарэчы, дырэктар запрасіў сёння ў Рудальфінум, акурат на “Сезоны”. Гэта начныя канцэрты.

Імбрык канчаткова заблытаўся. Праўду кажучы, яму бліжэй была пазіцыя акадэміка, чым Есіпа і Дубаўца. Адно крыху бянтэжыла, а гэта бянтэжыла яго часцяком, - ён адчуваў небяспеку выглядаць лохам. Не такім ужо дасведчаным ён быў у вершах і ў музыцы, надта яно ўсё падавалася яму няўчэпным, эфемерным і па выніку бескарысным. Зямное было бліжэй.

«З іншага боку, як тады быць з вялікімі, - думаў Імбрык. - Есіп жа слушна кажа пра “сярмяжнага дзядзьку”, які пры такіх адносінах да ўсяго свайго ніколі не будзе прызнаны вялікім. Пры ўсім сваім велічэзным на тое патэнцыяле і праве. І “сярмяжны дзядзька”, і хто заўгодна іншы з беларусаў для саміх беларусаў ніколі не будзе вялікім. Бо яго можна памацаць рукой. Нізкая самаацэнка вінаватая - чалавечая, нацыянальная, культурная. І што з гэтым рабіць? Можа быць, шлях містыфікацыі, які абраў Дубавец, якраз нармальны, тое, што патрэбнае сёння, хоць у ранейшых пакаленняў і не прызнаецца за нармальнасць. Як той жа мой кар’ерызм, які яны асуджаюць, а я бачу ў ім усяго толькі незаменны і карысны інструмент».

- А наша ўяўленне пра саміх сябе і пра іншых? - працягваў Есіп. Чамусьці надта яму залежала на тым, каб адстаяць пазіцыю Дубаўца. - Таксама містыфікацыя! Колькі людзей, столькі меркаванняў і ніводнае не адназначна слушнае. Урэшце, і наша рэальнасць таксама. Адкуль гэтыя сцверджанні, што ўсё, што адбываецца, адбываецца ў маёй галаве? Адсюль. Не містыфікацыя - вось гэты жалезны стол на тэрасе, - Есіп некалькі разоў ударыў даланёй па стальніцы. - Бо ўсе гатовыя пагадзіцца, што гэта жалезны стол на тэрасе. Усё. Але гэта ўжо і не літаратура.