Выбрать главу

«Логіка, вядома, жалезная, не паспрачаешся, - разважаў Імбрык, у глыбіні душы адчуваючы, што і жаданне стаць вялікім нясе ў сабе нешта містычнае, як і сама веліч - вякамі наслоеная сума легендаў і паданняў».

04. Перад выхадам у горад

- Я не люблю пляжы, бо на іх трэба ляжаць, - казаў Есіп. - Але некаторыя вылежваюць там сваё жыццё. І яны больш паспяховыя за нас з табой, Імбрык. Яны ляжаць, а справа ідзе. Ці ты любіш валяцца на гэтым пяску?

- Не ведаю. Здаецца, не люблю, бо не валяюся.

Тэраса й сапраўды нагадвала пляж. У добрае надвор’е тут заўсёды было поўна народу, руху, гучныя размовы, крыкі, смех. Пры жаданні можна было нават уявіць сабе, што ўсе гэтыя людзі гуляюць у валейбол. Ну проста Хургада нейкая. І навокал - арабы, персы, прадстаўнікі паняволеных народаў Расеі. Саміх расейцаў хапала таксама. Адно што расейцы на Радыё Салярыс зусім не такія, як у Хургадзе, можна нават сказаць, адваротныя. Яны тут прыцішаныя, падкрэслена незаўважныя і папераджальныя.

Рознакаляровая шматаблічнасць людзей на тэрасе ўзмацняе пляжныя адчуванні, што праўда, людзі тут не купаюцца, а за столікамі ядуць, кураць, гамоняць, проста швэндаюцца і моўчкі назіраюць адны за аднымі. Дакладней, праслізгваюць позіркам адны па адных, бо занадта актыўнае і прыцэльнае назіранне можа быць расцэненае як намёк. Справа тонкая, бо не заўсёды можаш вызначыць, дзе тая мяжа. Праўда, на твой прыязны наўпроставы погляд табе рэдка адкажуць спалоханымі вачыма. Тут не толькі расейцы, тут усе папераджальныя і праязныя. Салярыс - амерыканскае радыё.

Адчуванне пляжу не знікае ад таго, што тэраса выходзіць не на мора, а на могілкі. Бясконцае варушэнне густых старых кронаў заварожвае, як бег вады, як агонь, як плынь аблокаў у небе.

Есіпу за пяцьдзясят і ён, стаўшы некалькі гадоў таму самотным, сярод тых, хто падглядае за іншымі, найбольш актыўны. Ён «у пошуку». Імбрыку за дваццаць і ён разумее, што мусіць паводзіцца так, як Есіп, для хутчэйшае адаптацыі, але ўсведамляе і тое, што ў будучыні гэта не ягоны ўзровень. Каб дасягнуць мэты і стаць вялікім, яму трэба рухацца далей, а гэта значыць, што яшчэ не раз трэба будзе «злізваць» паводзіны з іншых людзей на больш высокіх прыступках ягонае пазітыўнае кар’еры. Што да Есіпа, дык Імбрыку ўжо не хочацца яго «злізваць», ён адчувае, што перарос ужо яго і ўсё часцей прыглядаецца не да Есіпа, а да дырэктара іхняе службы.

- Чалавеку заўжды цікавей выглядаць да сябе падобных сярод да сябе падобных, - разважае Есіп. - Калі не выглядае або завешвае фэйсбук коцікамі, лічы, што паставіў на сабе крыж. А трэба неяк красавацца самому і атрымліваць задавальненне ад красавання іншых, бо такімі стварыла нас прырода.

Імбрык ужо ведае, што ён жартуе. Дакладней, іранізуе. Прычым гэта іронія з яго, з Імбрыка.

У адрозненне ад сямейных калег-аднагодкаў, якія любяць разважаць і ахвотна абмяркоўваюць свае пенсіі і будучую старасць, Есіп бунтуецца супраць уласных гадоў і, маючы ўнукаў, раздражняецца, калі яго называюць дзедам. Вядома, ён імкнецца хаваць сваё раздражненне, але ўдаецца яму гэта дрэнна, калі ён кажа, напрыклад, што «дзед той, які з барадой сядзіць на пяньку і прамаўляе глупствы, а ў мяне ні барады, ні пянька, ні глупстваў».

- Акурат нядаўна мы ездзілі на поўдзень Чэхіі глядзець стары замак, - кажа Есіп. - Тут зрэдку бываюць такія калектыўныя выезды. А гэтым разам да нас далучыліся Гена Мацур і Слава Ракіцкі з Менску. Усе запяцьдзясятнікі, пярэстаркі, як ты кажаш. І зайшла гаворка пра ўзрост, пра тое, што сёння ў жыцці чалавека з’явіўся новы перыяд, якому пакуль няма назвы. З’ява ёсць, гэта ўсе прызнаюць, а наймення няма. Маленства, юнацтва, маладосць, сталасць, старасць. Гэты стэрэатыпны шэраг складаўся вякамі, таму шмат хто пачуваецца разгубленым - чаму ўсё гэтак змянілася менавіта на нашым пакаленні. «Мама, што рабіць?! Мне пяцьдзясят. А я такі самы твой хлопчык, якім быў заўсёды, здаецца, толькі ўчора школу скончыў, універ. І ў нашым аддзеле ўсе такія ж - хуліганы і каб паржаць. А тут бац! Пяцьдзясят. Ма-ма!», - працытаваў Есіп нешта, мабыць, фэйсбучнае і працягваў. - Раней, яшчэ за нашымі бацькамі, старасць пачыналася дзесьці пасля 45-ці. А сёння яна рэальна пачынаецца хіба што пасля 70-ці. Ну вазьмі тых Ракіцкага з Мацурам, я іх ведаю трыццаць гадоў, і нішто ў іх не змянілася, такія самыя «хуліганы і каб паржаць». Дык вось. Невядома адкуль узніклі гэтыя дадатковыя 25 гадоў, якім традыцыйнай назвы няма. Ужо нібыта і не сталасць, бо колькі ж можна, але, паводле ўсіх прыкметаў, яшчэ і не старасць. Здаецца, Барыс Акунін назваў гэты час «дэсертам жыцця». Але гэта паэзія. Ёсць і яшчэ нейкія прыдумкі назвы як бы больш празаічныя. «Шматгадовікі», напрыклад. Ці «безузроставікі». Але наўрад ці яны прыжывуцца паміж сталасцю і старасцю. Не той алгарытм. Вось як цябе агукаюць на вуліцы ў Менску?