Выбрать главу

- Малады чалавек. Мужчына, - сказаў Імбрык.

- Мяне таксама. І, па вялікім рахунку, уся розніца паміж намі ў тым, што табе больш падабаецца «мужчына», а мяне цешыць «малады чала­век», быццам нічога і не змянілася, - сказаў Есіп. - Хоць гэта можа быць і вельмі вялікая розніца, - ён зрабіў паўзу. - Я ў пошуку. Што зробіш, гэта жыццё. А які табе дзед - у пошуку?.. Дзед - калі ўжо ўсё знайшоў і спыніўся. Устаў на прыкол. Прысеў на пянёк.

Сонца стаяла ў зеніце, абеднікі змянялі абеднікаў - кожны паводле свайго гарманаграму, АМ памянялася на РМ. Імбрык ужо зразумеў, што «інструктаж» Есіпа не мае нічога агульнага з урокамі пажарнай бяспекі ці перадачаю навыкаў журналісцкага майстэрства. Час, які яны бавілі на тэрасе, быў насамрэч напоўнены не самым прыемным станам, чаканнем. Чаго? - Імбрыку было няўцямна, дый не так і важна. Ён разумеў, што мусіць прамінуць гэты дзень, і адразу ўсё стане па-іншаму. А «пакуль» непазбежна скончыцца. Магчыма, яны чакалі нейкага сігналу, які мусіць падаць ім дырэктар? Напрыклад, калі недзе ў аддзелах дааформяцца паперы пра залічэнне Імбрыка на працу ці нейкае начальства прыме нейкае рашэнне? А можа, крыху пабойваўся Імбрык, сігнал мусіць сыходзіць ад яго самога, калі ён да нечага саспее, нешта скажа і ўсе зразумеюць, што ён да чагосьці ўжо гатовы? І гэта прагучыць як пароль, з якім яго пусцяць на касмічную станцыю і прызнаюць за свайго астранаўты? У гэтым варыянце была поўная невядомасць, і таму ён крыху палохаў. Так бывае, калі звяртаешся па падказку да ўласнай інтуіцыі, а яна маўчыць. Адно было зразумела, што сігналу не мусіла быць ад Есіпа, які ўсяго толькі запаўняў час чакання сваімі неабавязковымі размовамі.

- А Кафка вялікі? - спытаўся Імбрык.

- Напісаў няшмат, па жыцці дзівачыў, кніжкі не тоўстыя і сам як жэрдка. - усміхнуўся Есіп. - Ну каму ён вялікі? Немцам? Аўстрыякам? Чэхам? Габрэям? І ў чым, скажы мне, ягоная веліч? Ён важкі аргумент для турбізнесу, напэўна ж прыносіць вялікія грошы. Паўсюль, дзе ты ні пойдзеш у Празе, абавязкова сустрэнеш ягоны твар у самых розных стылізацыях. Помнікі, музеі, нават скульптура Кафкі, які сікае ў розныя бакі, ёсць. Кафка лепш надаецца да Глёбусавай кваліфікацыі беларускіх паэтаў: Купала вялікі, а Багдановіч любімы. Лічы, што Кафка - гэта пражскі Багдановіч, любімы.

«Ну вось, колькі часу патрачана, каб разабрацца з вялікімі, адшукаць іх у сябе і ў сабе, а тут на табе, - расчаравана ўздыхнуў Імбрык. - Для таго, каб беларусы паўсталі як мадэрная нацыя, у іх павінны быць свае вялікія. А тут яшчэ нейкія любімыя аднекуль узяліся».

- Заўваж, - нібы суцяшаў яго Есіп, - калі б тады ў дзяцінстве ты на пытанне дарослых казаў «хачу быць любімым», усё было б па-іншаму. Праўда, ты б не зрабіў кар’еры. Любімыя кар’еры не робяць, толькі вялікія, і тое калі пашанцуе. Асабіста мне больш даспадобы любімыя. Яны не аба­вязкова толькі паэты. Яны яшчэ і гарадскія вар’яты, і проста ўсім вядомыя людзі, якія пасля становяцца сімваламі і знакамі, між якіх хочацца жыць. Любімы Кафка, які пісаў даволі змрочную прозу, зрабіў, тым не менш, так, што для многіх сваёй і любімай стала Прага - яе палюбілі праз яго. Мне гэта больш даспадобы, таму што любімымі не бываюць забойцы, дыктатары і д’яблы. Калі б я быў сацыёлагам, праводзіў бы рэйтынгі любімых, а не вялікіх, персанажаў гісторыі і культуры. Каго б тады расейцы паставілі на першае месца? Пушкіна, хутчэй за ўсё. Але не Сталіна.

- Я б паставіў Грабеншчыкова, - сказаў Імбрык.

- Але ж ты не расеец, - Есіп ізноў дастаў свой нататнік. Інструктаж дык інструктаж. - Любоў да Кафкі прыносіць немалыя рэальныя грошы, але трэба разумець, што яна эфемерная, як і ўсякая любоў, і трымаецца на мітах, якія часта не маюць нічога агульнага з праўдай фактаў. У Дубаўца ёсць эсэ, у якім ён тлумачыць самыя папулярныя аблуды наконт Кафкі. Слухай, яно кароткае.

- Ізноў містыфікацыя? - спытаўся Імбрык, але схамянуўся, успомніў, што ўсё ўвогуле містыфікацыя, апрача гэтага жалезнага стала на тэрасе. Есіп тым часам чытаў:

- «Знакаміты пісьменнік Франц Кафка (1883-1924) быў габрэйскага паходжання (і нават цікавіўся перасяленнем у Палестыну), пісаў свае творы па-нямецку, аднак нарадзіўся, усё жыццё пражыў і пахаваны ў чэшскай Празе. (Цікава вызначаць, чый ён пісьменнік. Калі меркаваць паводле ягонай уключанасці ў бізнес, дык найбольш і ў першую чаргу ён належыць чэхам. Калі сыходзіць з мовы, гэта атрымліваецца нямецкая літаратура. Што мяркуюць на гэты конт габрэі, я, на жаль, не ведаю). Кафка памёр ад сухотаў і ў запавеце прасіў сябра Макса Брода спаліць ягоныя рукапісы». Адчуваеш, першы матыў жаласці да Кафкі, матыў, з якога вырастае любоў?