Выбрать главу

Дык вось. «Міт першы. Калі б Макс Брод выканаў запавет, пісьменніка Кафкі папросту не існавала б. Але гэта няпраўда. Кафка і пры жыцці друкаваў свае творы ў прэсе і асобнымі кнігамі, меў прыхільнікаў і быў вядомы ў пражскіх літаратурных колах. Брод мусіў спаліць толькі адзін недапісаны раман “Замак”. Але ён яго апублікаваў».

- Дарэчы, - падняў Есіп вочы ад нататніка, - варта было б папрасіць каментар да гэтай сітуацыі ў акадэміка Радзіма, ці слушна Брод зрабіў ці не. На маю думку, «Замак» адзін з найлепшых твораў Кафкі, класіка сусветнае літаратуры, яго вывучаюць на ўсіх філалогіях. Але як расцаніць учынак Брода? Як хлусню ў імя дабра ці нешта такое? І што б мы мелі, калі б Брод не парушыў запавету? Нічога. Як не маем і тых лістоў Акутагавы і Камю, дзе яны пішуць пра Гарэцкага. Думаю, тэма вартая яшчэ аднаго адлупу ў апазіцыйнай газеце, - горка пасміхнуўся Есіп. - Але слухай далей:

«Міт нумар два. Дзеля хваробы і ранняе смерці Кафку прынята любіць і шкадаваць, таму выснова: Кафка быў бедны. А што насамрэч? Паходзіў з сям’і багатага камерсанта, вучыўся ў прэстыжных школах, жыў усё жыццё ў самым цэнтры старой Прагі. Дазваляў сабе здымаць кватэру на Златай вулічцы - як рабочы кабінет пісьменніка (дзеля цішыні і спакою, не выносіў, калі недзе скрыпяць дзверы). Можна сабе ўявіць, колькі гэта каштавала ў такім месцы. Ездзіў па Еўропе, у тым ліку ў санаторыі і на спатканні са сваімі каханкамі. Урэшце, працаваў на добра аплатнай працы.

Міт нумар тры. Кафка не ведаў шчасця кахання. Ну, каб існавала такая шкала вымярэння гэтага самага кахання, думаю, мала хто б яму дараўнаў. Прынамсі, заняты ягоны розум быў гэтай справай на ўсе сто. Так, уласнай сям’і і дзяцей ён сапраўды не меў. Але чаму? Выключна з-за свайго характару. Іншы раз заручаўся, пасля перадумваў, ізноў перадумваў і гэтак далей. Словам, напрацягу жыцця меў некалькіх заручоных.

Чацвёрты міт. Кафка - хворы. Паводле асацыяцыі з Багдановічам, калі сухотнік, дык табе капцы. Ледзьве не ад нараджэння. Але як было насам­рэч? Да апошніх двух гадоў свайго жыцця хворым Кафка не пачуваўся дакладна. Улетку быў заўсёднікам гарадскіх пляжаў, а круглы год ягоную высокую постаць можна было сустрэць на шпацырах дзе заўгодна па ўсё Празе. Шпацыры па горадзе не мусілі быць карацейшымі за дзве гадзіны.

І апошні міт, нумар пяць, зусім жаласлівы. Калі б не літаратура і напісаныя ім творы, свет ніколі б не даведаўся пра Кафку. Аказваецца, нават гэта няпраўда. Працуючы ў страхавой кампаніі, Кафка бясконца вёў справы пра траўматызм работнікаў. Прага тады моцна разбудоўвалася, і выпадковыя цагліны часцяком падалі работнікам на галаву. І таленавітаму страхоўшчыку прайшла ў галаву ідэя жорсткай каскі для работнікаў (такія й цяпер носяць на будоўлях). Ідэю ўкаранілі ў жыццё, смяротнасць адразу знізілася, і ў 1912 годзе Кафка як вынаходнік быў уганараваны залатым медалём».

- Цікава, як Дубавец можа адначасова выступаць то стваральнікам мітаў, то іх разбуральнікам? Калі, вядома, усё цяпер прачытанае праўда, - заўважыў Імбрык.

- Вось менавіта, праўда, - зірнуў на яго скосу Есіп, - ёсць праўда, аб’ектыўны факт, гэты самы жалезны стол, металічны, каб ужо зусім аб’ектыўна, і ёсць праўдападабенства - галоўны апорны матэрыял усяго мастацтва, які прымушае захоплена перагортваць старонкі рамана і плакаць над імі. Крычаць «Брава!» на прэм’еры спектакля. Нервова жаваць папкорн у кіназале...

З дзвярэй у дзверы тэрасы міма іх спешным крокам прайшоў дырэк­тар: «Пара ў горад, джэнтльмены!» Яны згодна кіўнулі. І Есіп працягваў з ранейшым запалам:

- А ці стане нехта жаваць папкорн і плакаць над дысертацыяй па мінералогіі ці ад сузірання гэтага металічнага стала? Ясна ж, не. Бо ў аснове мастацтва ляжыць праўда, прадстаўленая аўтарам такім чынам, каб апеляваць у першую чаргу да эмоцыяў, а не да логікі. Такую праўду і называюць праўдападабенствам - і ацэньваюць твор па тым, наколькі гэтае падабенства ўдалае. А цяпер скажы мне, чым такая праўда адрозніваецца ад містыфікацыі?

Усё раптам ператварылася ў сапраўдны інструктаж ды яшчэ з пытаннямі напрыканцы, да якіх Імбрык гатовы не быў. Па шчырасці, ён асабліва глыбока і не ўнікаў у сэнс таго, пра што казаў Есіп. У такіх выпадках найлепшы спосаб зрабіць выгляд, што пытанне было рытарычнае і адказаць на яго сваім:

- І якія высновы робіць Дубавец са свайго выкрыцця мітаў?

Есіп зірнуў на Імбрыка, пасля ў нататнік і прачытаў: