Выбрать главу

«Але, ясная рэч, што перадусім Кафку памятаюць як пісьменніка, як аднаго з самых праўдзівых празаікаў у сусветнай літаратуры. Памятаюць і нясуць на яго магілу ў Празе каменьчыкі».

- Адзін з самых праўдзівых... Дзіўнавата гучыць, - сказаў Імбрык. - Здаецца, ні пра якога пісьменніка я такога не чуў.

- Угу. Асабліва калі ўлічыць, што пісаў ён не дысертацыі па мінералогіі. Сакрэт у тым, што падабенства праўды часта бывае для нас больш важным і нашмат больш магутна ўплывае на нас, чым тыя дурацкія дысертацыі ці той металічны стол, - сказаў Есіп, калі яны выходзілі з прапускнога пункту Радыё на вуліцу, дзе з лязгатам паварочвалі ў розныя бакі трамваі.

05. На вуліцы

Палюбіць Прагу праз Кафку можна, але з той самай прычыны яе можна і разлюбіць. Калі ты прыехаў сюды, напоўнены духам «Працэсу» ці «Замка», а з’язджаеш, спустошаны назольным чаргаваннем плоскай матэрыі брэндавага імя і такога самага твару. Міжволі захочацца зноў схавацца ў кнігу. А калі не захочацца - яшчэ горш.

- Напэўна, беларусы палюбляюць Прагу ўсё ж не праз Кафку, - сказаў Есіп і паказаў Імбрыку на шэры будынак за высокай каменнай агароджай, які яны праміналі. - Гэта элітная габрэйская багадзельня. Мне распавядалі, што тут багатыя суродзічы Кафкі з усяго свету чакаюць перасялення за агароджу Альшанскіх кладоў. Іхнія ціхія і дзіўныя працэсіі час ад часу назірае з вокнаў усё наша Радыё. Не ведаю, ці гэта ўплывае на журналістыку. А гэта «Дон Джавані», - паказаў ён на высокі ружовы хвалісты будынак без кутоў і без ніводнай роўнай сцяны. - Табе падабаецца Дон Жуан? Юра Дракахруст ходзіць сюды парыцца на 12-м паверсе. Нешта містычнае, як па мне, ёсць у гэтай парылцы пад самым небам. Мяне запрашаў.

- А вы не пайшлі? - безудзельна спытаў Імбрык, разглядаючы пяцізоркавы гатэль.

- Не пайшоў. Не сабраўся. Нешта спыніла, - намацваў адказ Есіп. - Можа, страх вышыні. А можа, прыгадаў раптам «Пры зачыненых дзвярах» Сартра, помніш?

- У ліцэі вучылі, не помню.

- У п’есе гісторыя такая. У адным пакоі сядзяць людзі, памерлыя людзі, усё адбываецца на тым свеце. Сядзяць, ім камфортна, папіваюць розныя напоі, балбочуць на розныя тэмы, яны спакойныя, расслабленыя, добра ім разам.

- Як вам? - спытаўся Імбрык.

- Магчыма. Але пакуль яны абціраюць знаёмых і свае дачыненні, успамінаюць, хто каго пакрыўдзіў, дакопваюцца да нейкіх прычын, высвятляюць, хто ва ўсім вінаваты, яны пачынаюць разумець: як жа яны ўсе тут адно аднога ненавідзяць! І нянавісць гэтая назапашвалася доўгія гады, яшчэ там, пры жыцці. Ім робіцца страшна, і ад гэтага пачуцці абвастраюцца. А пры тым пакой, у якім яны сядзяць-размаўляюць, зачынены на ключ. Выйсці немагчыма. Аднаму адмоўлена ў візе, другі перакананы, што яго пры перасячэнні мяжы заб’юць, трэцяму проста падабаецца тут і не падабаецца там, адкуль яны прыйшлі, чацвертаму ляніва пра ўсё гэта думаць. Але ж тут яны ненавідзяць адно аднога, спадзеючыся, праўда, як разумныя людзі, што здолеюць памяняць сітуацыю, што нянавісць удасца перамяніць на любоў. Часам ім і здаецца, што яны любяць адно аднога, прынамсі, яны шчыра хочуць верыць у гэта. Але ў п’есе - той свет, дзе нічога ўжо перамяніць немагчыма. І тут да іх даходзіць, што яны - па­мерлыя і патрапілі ў пекла!.. Каб вось так сядзець у зачыненым пакоі і ненавідзець адно аднога. Уяўляеш? І наперадзе вечнасць.

«Нічога сабе паралелі ў яго са сваімі калегамі. Пекла! Зрэшты, калі ніякага асабістага руху не адбываецца, дык і сапраўды можна, відаць, дадумацца да такога параўнання. Ён яўна пераседзеў на станцыі свой час», - падумаў Імбрык, а ўголас сказаў:

- Нечакана! Яны стварылі сабе пекла самі?

- Менавіта. Сартр ім стварыў. Ён лічыць, што большага пекла, чым людзі ўчыняюць сабе самі, ніхто іншы ім не зробіць, - сказаў Есіп, робячы крок на зялёны сігнал святлафора. - Табе ў слове «Сартр» не гучыць слова «чорт»?

Імбрык, які ішоў следам, ці то не дачуў пытання, ці то не меў схільнасці шукаць алітэрацыі.

- А пры чым тут саўна Дракахруста на 12-м паверсе гатэля «Дон Джавані»? - спытаўся ён.

- Калі сон - гэта рэпетыцыя смерці, чаму б саўне не быць рэпетыцыяй пекла?..

- Але ж вы не пайшлі ў саўну. Што тут робіце вы?

Яны прабіраліся праз скрогат трамваяў, сіпатыя выхлапы карчаватых гарадскіх аўтобусаў, праз чалавечы натоўп і рушылі далей. Усё ніяк не сканчалася каменная агароджа Альшанскіх могілак, пачаліся шапікі з садавіной-гароднінай, да ўсяго дадавалася атмасфера кірмаша. Есіп спыніўся і, закурваючы, сказаў:

- Ужо амаль нічога. Аднойчы я схадзіў праверыць дзверы. Аказалася, яны адчыненыя. Геніяльны Сартр прадугледзеў і гэта. Дзверы адчыненыя, але тыя людзі, героі п’есы, яны павязаныя сваім пеклам і ніколі не выйдуць з пакоя, настолькі моцна яны злепленыя міжсобку сваёй нянавісцю.