Выбрать главу

Лесвіца сапраўды паслухмяна спынілася, і дзве постаці пачалі павольнае ўзыходжанне.

Яны былі ледзь бачныя ў цемрыве ночы. Нават, можна сказаць, зусім нябачныя, і невядома з чаго можна было здагадацца, што яны ёсць і што нешта там адбываецца.

Між тым, навокал іх чым далей, тым болей усё рагатала, шыкала і кпіла з іх, кожная жаба, кожны парастак, кожная расколіна ў бетоне. Але яны гэтага не чулі. Ні падчас узыходжання, ні калі выйшлі нарэшце ўверсе на дол.

Шум, рогат і кпіны, якія з усіх бакоў абрынуліся на падарожнікаў, паступова сціхалі, бо новыя экстэр’еры, у якіх ім даводзілася ісці, не бачылі іхняга канфузу на лесвіцы і не маглі пра яго ведаць.

На бязлюднай начной вуліцы іх сустракалі грамады велічных будынкаў, якія рабілі выгляд, што паснулі разам са сваімі насельнікамі. Але насамрэч яны не спалі і ўсё, што маглі сабе дазволіць, - разглядаць нашых падарожнікаў і разважаць пра іх.

«Што звязвае паміжсобку гэтых мужчынаў, старэйшага і маладзейшага? - думаў першы дом на іхнім шляху. - Яны так настойліва крочаць наперад, і разам з тым адчуваецца, што не ведаюць, куды ідуць. У іх няма мэты, і адзінае, што пра іх можна сказаць, - што яны амаль аднолькавыя і што яны разам».

Дзіўная рэч. Яшчэ напраўду можна было разгледзець, што гэтыя двое - мужчыны і што яны рознага ўзросту, але з кожным іхнім крокам гэтыя адметнасці расплываліся і рабіліся ўсё менш выразнымі. Тым часам постаці іхнія павялічваліся ў памеры.

«Магчыма, іх звязвае любоў, а магчыма, нянавісць, - разважала вакно, у якім адбіліся іхнія цені. - Хоць у кожнай любові ёсць кропелька нянавісці і наадварот».

Як і ў кожнай асалодзе ёсць кропелька болю і таксама наадварот.

«Выглядае, што яны вяртаюцца пасля нейкай важнай агульнай справы», - заўважыў сабе дарожны знак.

«Ці толькі збіраюцца нешта замуціць разам», - звягнуў начны трамвай.

«Яны занадта спакойныя, каб нешта задумляць, і занадта мэтанакіраваныя для тых, хто ўсё завершыў, - далучыў свой голас лёгкі павеў ветру.

- Яны не ў пачатку і не ў канцы, яны даўно робяць тое, што робяць. Але цяпер з імі нарэшце адбылося неверагоднае - яны паразумеліся!»

«Яны паразумеліся», - сам сабе ўсміхнуўся самотны сабака, які прабягаў міма.

«Яны паразумеліся? - у шмат галасоў недаверліва пракрычала зграя варон у небе. - Як жа! Як жа! Як жа! Як жа! (4 разы)».

Насамрэч ніколі не скажаш, ці ёсць паразуменне паміж людзмі, толькі таму, што яны ідуць разам. Адзіны выпадак, калі можна дапусціць, што яно ёсць - калі абое плачуць. Але нашыя постаці не плакалі.

«У мяне адчуванне, што яны ідуць у розныя бакі», - падумаў самалёт, які пралятаў над горадам, ідучы на пасадку.

«Хутчэй яны ідуць у адным кірунку рознымі бакамі», - заўважыў сабе самалёт, які набіраў вышыню.

Сапраўды, адна постаць цяпер ішла перад другою задам наперад.

Паступова яны спусціліся ў гарадскую каменную лагчыну.

На вузкай вулачцы, асветленай з двух бакоў агнямі кабарэ, ад падарожнікаў літаральна адскочылі два зазывалы-мурыны. Рэч у тым, што ў часе руху, вандроўнікі павялічыліся ў памерах, і калі праходзілі міма зазывалаў, стала бачна, што яны ўжо маюць па два росты звычайнага чалавека. Апроч таго, яны пачалі лёгка свяціцца ад зыркіх агнёў рэкламы.

Ачомаўшыся, першы загаварыў Бабаджайд:

- Ты бачыў? Ты бачыў гэтых... цыркачоў?

- Думаеш, яны так зарабляюць? - адгукнуўся Ўзома. - Яны такія страшныя! Хто да іх захоча наблізіцца? Бог іх пакараў.

- Яны самі хочуць зрабіць выклік Богу.

- Бог іх абавязкова пакарае за гэта, - вельмі сур’ёзна сказаў Узома.

Пачаў накрапваць дождж, і зазывалы раскрылі парасоны. Грыбаты Ўзома глядзеў у спіну постацям вырачанымі вачыма. Было відаць, што ён напалоханы не жартам. Бабаджайд стараўся не выдаваць свайго страху.

- Прапускаеце кліентаў, - выскачыла з кабарэ белавалосая распарадчыца Сільвія і, угледзеўшыся ў дзве гліняныя спіны, якія аддаляліся па вуліцы, пачала мяняцца з твару...

Бабаджайд і Ўзома гучна зарагаталі.

- Яны занадта высокія, каб быць нашымі, - сказаў Бабаджайд, - кліентамі.

Але дзве постаці працягвалі свой рух па спусцелай Празе, з вуліц і плошчаў якой дождж прагнаў заўсёднікаў начнога жыцця. На Мелантрыхавай яны рабіліся шэрымі. На Ліловай іх абрысы фарбаваліся ў ліловы колер, пры тым яны ставалі ўсё больш неакрэсленымі праз залеву і тое, што памер постацяў увесь час павялічваўся, а таму больш недалужнымі рабіліся іхнія рухі. Відавочна, калі б ім уздумалася ўзабрацца на Злату вулічку, каб самім афарбавацца ў золата, у іх не хапіла б ні сілаў, ні спрыту. Не дзіва, што ў апошні момант яны павярнулі направа.