Выбрать главу

- А калі змагаешся за адраджэнне. Не, не так. Русіфікацыя - гэта ж таксама перадача энергіі? - спытаўся Імбрык.

- Не, гэта наадварот - як забойства, як выключыць ток. У такім выпадку мы перастаем быць народам і як народ ужо не перадаем энергію, страчваем сэнс існавання. Мы ўжо не даем свету людзей, надзеленых чалавечай годнасцю, як тыя эстонец і чачэнец. Ясна, што мы супраціўляемся, не хочам стаць дрэвам, якое не прыносіць плода, не хочам, каб нас, як дровы, кідалі ў топку..

- А вы заўважылі, што вуліца ўвесь час ідзе ўніз? - спытаўся Імбрык.

- Ага, - усміхнуўся Есіп, - і я па гэтай вуліцы кожны дзень шмат гадоў хаджу на працу і з працы. Сорак хвілінаў. Цяпер і ты так будзеш рабіць, калі захочаш. У Празе няма вуліц, якія б ішлі не ўверх ці ўніз. Гэта ўзгорысты горад.

Есіпу не хацелася чарговы раз раздражняцца з наіўнай бесцырымоннасці Імбрыка. Можа, гэта піва так падзейнічала, а можа і хуткая змена жыццёвых абставінаў схіляла не рабіць рэзкіх крокаў. Пакуль. У такіх выпадках звычайна Есіп мяняў тэму.

- Пра топку. «Бьётся в тесной печурке Лазо», - нечакана заспяваў ён. - Была такая хохма ў маім школьным юнацтве. Злыя дзеці з савецкіх герояў смяяліся, што тут скажаш. Лазо ў паравознай топцы спалілі японцы. Ты за каго, за луну ці за сонца?

- За сонца, якая яшчэ «луна»? - Імбрык адчуў, што пачаўся пінг-понг і з азартам адбіў мячык.

Есіп лупіў у адказ:

- Значыць, за праклятага японца. Лазо быў бесарабскі бальшавік. Што ён рабіў у тых японцаў, ніхто не ведае, але вуліца яго ў Менску ёсць.

- А калі за «луну»? - адбіў мячык заінтрыгаваны Імбрык.

- За савецкую страну. Калі ўдумацца, ідэалагічная бомба. Чаму гэта савецкай стране не сонца свеціць, а месяц? Але такі прынцып прапаганды - закладай адваротны сэнс, і лепты эфект будуць мець рыфмы.

Імбрык тым часам знайшоў Лазо ў сваім айфоне:

- Пішуць, што з ім разам спалілі яшчэ двух чалавек, але што ён і адзін рэальна не ўлез бы ў паравозную топку. Нічога не зразумела. Словам, поўная фігня.

«Патыхае ўсё гэта нейкім савецкім касмапалітызмам, - думаў Імбрык.

- Чыстая энергія. Народу патрэбная ярка афарбаваная нацыянальная асвета, народ трэба настройваць супраць антыбеларускага рэжыму, дамагацца рэальнай беларусізацыі і незалежнасці Беларусі. Якая можа быць чыстая энергія. Чыстая ад чаго? Відавочна, Есіп скурвіўся ў Празе. Стаў думаць пра ўсякую несінеціцу і пустату. Да таго ж састарэў. А мы, моладзь, мы жывем сучаснасцю і робім у тых формах, якія зразумелыя моладзі, а не гэтым пярэстаркам. На цябе, наша моладзь, надзея, - пісаў Купала! Ай».

Раздражнёны Імбрык, тым не менш, захоўваў вызначаную лінію паводзінаў. Ён ведаў, што яны ідуць на кватэру да Есіпа, пасля на нейкі мост і яшчэ нейкі канцэрт. А паколькі рашэнне на ліквідацыю было прынятае, трэба было толькі чакаць зручнага моманту, каб дапамагчы Есіпу зрабіць так, каб яго больш не было ні ў беларускім адраджэнні, ні на беларускім радыё, ні ў Імбрыкавым жыцці. Мэта падавалася Імбрыку настолькі важнай і высакароднай, што нават злуючыся на Есіпа, ён не страчваў пазітыўнага настрою.

- А якія былі тры чароўныя жаданні акадэміка Радзіма? - атакаваў ён з нечаканага боку.

- Не ведаю, - сказаў Есіп. - Ды гэта не так і важна. Калі ён чытаў цытаты славутых пісьменнікаў і шчыра ў іх верыў, у гэты момант ён адчуваў, што збываюцца нашмат большыя жаданні, чым ён мог сабе загадаць і пра што звычайна просяць залатую рыбку.

- Цікава. Можаш загадаць самае-самае, а збываецца яшчэ больш са­мае. - сказаў Імбрык. - А што б вы папрасілі?

- Тры чароўныя жаданні? - Есіп задумаўся. - Быць вялікім дакладна не хачу. Хаця.

Яны праходзілі міма пляцу Ежэго з Падэбрад, і Імбрык утаропіўся ў дзіўную стэлу тутэйшага сабора з велічэзным гадзіннікам - такой архітэктуры яму яшчэ бачыць не даводзілася. «На сервант падобны», - адзначыў сабе Імбрык.

- На гадзіннік, - запярэчыў Есіп. - Гэта і ёсць сабор-гадзіннік. Такім чынам, тры чароўныя жаданні. Першае, напэўна, гэта час. Хачу жыць у добрай форме столькі, колькі захачу.

- Як гэта? А пасля што? Ці пасля не прадугледжваецца? Я шмат разоў і шмат ад каго чуў, што людзям у старасці часта надакучвае жыць. Але, кажуць, «жывым у зямлю не палезеш», - бліснуў Імбрык веданнем прыказак. Ён ішоў перад Есіпам задам-наперад і захоплена размахваў рукамі.

- Калі надакучыць, скажу, што проста болей не хачу. Вось так стану на месцы, - Есіп спыніўся, - і прамоўлю: «Стоп-машына! Болей жыць не хачу!»