Выбрать главу

- А калі такія словы вырвуцца выпадкова? Бывае ж такое. Да прыкладу, у запале? Ці ў цытаце?

- Думаю, там разбяруцца, - адказаў Есіп. - Гэта ж не выпадковасць, а сур’ёзнае рашэнне.

- Але ж універсальненька, - Імбрыку яўна спадабалася такая формула. Вось яно, сапраўднае чароўнае жаданне! Сам ён, бадай, замовіў бы сабе гадоў трыста ці пяцьсот. Але што як праўда надакучыць? З адкрытым канцом, безумоўна, лепей. Усё ж яны нармальна мудруюць на касмічнай станцыі. - А далей, напэўна, грошы? Мільён, мільярд, картка з неабмежаванай сумай?

- Гэта б мяне моцна абцяжарыла, - зноў паглыбіўся ў сябе Есіп. - Думай пасля, дзе захоўваць, як легалізаваць і каб валюта пасавала. Як не згубіць тую картку ці каб не скралі. Давай проста - каб заўсёды былі! Тэхнічны бок - не мая справа. Гэта ж чароўнае жаданне. Вось хачу нешта купіць, і бац, у мяне ёсць такая сума.

- Ух ты! І сто мільярдаў?

- І тысяча більярдаў, - перадражніў Есіп. - Глупства прысвячаць сваё жыццё грашам, будзеш, як Кашчэй, над златам чахнуць. Марната. Я не люблю і не павінен думаць пра грошы. А для гэтага яны заўсёды павінны быць.

- Па-мойму, з такім наборам, як вы замовілі, трэцяга жадання і быць не можа. Часу і сродкаў - неабмежавана, рабі што хочаш.

- А Бацькаўшчына? - сказаў, пад’ялдыкнуўшы маладога патрыёта, Есіп. - Трэцяе жаданне такое. Каб беларускі народ вярнуўся да беларускай мовы, загаварыў.

- Стаў такім, як літоўцы, напрыклад?

- Як любая нацыя ў свеце, у якой ёсць свая мова, - удакладніў Есіп. - І далей, якія б знешнія праблемы ні ўзніклі, яны цяжка ці лёгка вырашацца.

- Але калі ёсць неабмежаваныя час і сродкі, беларусаў можна элемен­тарна купіць. Не? Рацыянальна падумаўшы. Тады б вы захавалі трэцяе жаданне.

- Кшталту выкупіць з рабства? Неяк несправядліва гэта ў дачыненні да беларусаў. Выкупляеш ты таго ж раба. Ён ад гэтага не становіцца свабодным. А калі сам усвядоміць сваю суб’ектнасць - ужо больш ніколі не будзе рабом.

Вінаградская вуліца па-ранейшаму настойліва вяла іх уніз. Калі не проста ісці, а думаць пра гэта, дык аж дух захоплівае. Бо канца не відаць. Можна нават дадумацца да таго, што ляціш у прорву.

Раптам Есіп звярнуў налева, на Італьскую, азірнуўся і спыніўся. «Глядзі», - ён паказаў Імбрыку на сцяну каля першага пад’езду першага дома. Справа ад уваходу было простым алоўкам па шурпатым тынку дробненька і блякла напісана: «Здесь жил и творил Константин Чарухин из Санкт-Петербурга».

- Гэта замест памятнай шыльды? - разважаў Імбрык. - Цікава, я такога ніколі не бачыў. Але тут жа сапраўды шмат хто бывае. Можа, так заведзена? Але даты не паставіў.

- Даты паміж дажджамі, учорашнім і заўтрашнім, - сказаў Есіп. - Надпіс зроблены, хутчэй за ўсё, з адчаю перад прагназаваным нябытам. Але прынамсі нешта мы ведаем.

- Ну і што? - адмахнуўся Імбрык. - Мала хто што напіша на сцяне. Можа, проста папрыкалваўся нехта.

- Ага, нехта. Калі б прыкалваўся, напісаў бы «з Піцера», а тут «из Санкт-Петербурга». Усё павінна быць вельмі сур’ёзна, амаль акадэмічна. Між іншым, не нехта, а люстэрка беларускай эвалюцыі, як сказана ў пасляслоўі да ягонай кнігі.

- Беларускай? - здзівіўся Імбрык. - А чаму з Санкт-Пецярбурга? Дык гэта рэальны чалавек, пісьменнік? Нічога не ведаю пра такога. І колькі праіснуе такая слава?

- Можа, дзень, а можа, і тыдзень, - сказаў Есіп. - Хоць якраз з гледзішча славы розніцы няма: ці просты аловак, ці бронзавая шыльда. Шыльда вісіць толькі трошкі даўжэй. Але ўсё адно не вечна.

- Адкуль вы яго ведаеце?

- Чытаю кніжкі.

- І што, ёсць там вялікія?

- Як заўсёды, - кінуў у бок Есіп, - то паэтаў шмат, а з празаікамі цяжкавата, то наадварот.

Яны рушылі, цяпер ужо ў гару, па Італьскай, а насустрач ім з намнесці Міру даляталі гукі адзінокай тубы. Вялізная жалезіна выдзімала тонкую і знаёмую мелодыю. Неба наперадзе перакрыла чорная готыка сабора святой Людмілы. Стаў накрапваць дожджык, быццам нехта зверху заплакаў.

- Гэта любімая песня Сталіна «Суліко», - сказаў Есіп. - Ты не можаш яе ведаць. «Доўга я брадзіў срэдзі скал, я магілку мілай іскаў. Но её найці нелегко. Гдзе же ты мая Суліко.»

- Сапраўды, жанчыны і могілкі.

06. У кватэры

Есіп жыў у доме на Ландынскай, 33. Тут было шмат службовых кватэраў, якія для сваіх работнікаў здымала Радыё. Жыллё Есіпа з доўгай і вузкай тэрасай мясцілася на самым апошнім паверсе, і з вокнаў адкрываўся раскошны від чырвоных дахаў пражскага раёна Вінаграды. Сюды Есіп і прывёў Імбрыка перад тым, як паказаць яму самае важнае, што ён меўся паказаць яму ў Празе.

«Дэсерт жыцця, дэсерт жыцця, - працягваў уядаць сябе ў думках Імбрык, нервова аглядаючы насычаны колерамі і геаметрычнымі формамі краявід. - Добра ўладкаваўся, дэсертнік. Во якое слова! Дэ-сер-тнік. Толькі гучыць неяк па-кандытарску саладжава».