Выбрать главу

- Таксама па-свойму акіян, - сказаў ён уголас.

- Гэта скалы, чырвоныя ад крыві, - паправіў яго Есіп. - Тут тэрыторыя драпежных ястрабаў вайны і тлустых галубоў міру. Ястрабы нападаюць на галубоў, адшчыкваюць ім галовы і выдзёўбваюць вантробы. А паколькі гэта адбываецца тут на кожным кроку ці ўзмаху крыла, дык дахі сцякаюць галубінай крывёю. У адрозненне ад Альшанаў, у гэтага акіяна няма інтэлекту і «купальшчыкаў», якія б вынырвалі з хваляў. Тут жывуць самыя звычайныя людзі, у якіх тое купанне наперадзе. Будзеш каву? Зараз зраблю. Але без дэсерту. Я не люблю пірожкі, не ем іх, таму ў мне іх і не бывае.

Імбрык пірожкі любіў, як любіў усё ўвогуле салодкае, нават цукеркі. Напэўна, калісьці ў маладосці і Есіп не адмовіўся б ад дэсерту. Ізноў усё станавілася з ног на галаву. У каго дэсерт жыцця, той дэсерту не прымае, а прымае той, каму да гэтага дэсерту яшчэ далёка. Нейкі збой у натураль­ным працэсе змены пакаленняў праз гэты новы неназваны перыяд паміж сталасцю і старасцю. «Як бы не выйшла так, што гэта пярэстаркі пачнуць скідаць нас з карабля гісторыі, а не мы іх», - асцярожна падумаў Імбрык.

Недзе ў самым нізе паміж шатамі дрэваў віравала жыццё: відаць былі вулічныя мінакі, дзеці, кулямётнай чаргой адбіваліся ад бруку колцы чыёйсьці гружанай валізкі, цэнтар Прагі жыў шумам машын, чалавечымі галасамі, крыкамі птушак. - зусім не так, як на тэрасе Радыё Салярыс, адкуль звонку даляталі хіба што пошум хваляў разумнага акіяна, а то і ўвогуле - цішыня.

- Пару гадоў таму я страціў стрыечнага брата Воўку, - падслухаўшы Імбрыкавы думкі, Есіп пачаў распавядаць сваё. - Бацька Воўкі, спраўны і энергічны трэнер-спартовец, мой дзядзька Валодзя, заўсёды хацеў, каб і сын займаўся акадэмічным веславаннем. Але сын вырас паспяховым праграмістам і бізнесоўцам, заможным, дарэчы, чалавекам. Ён меў некалькі кватэраў, машыны з гаражамі, нейкія свае базы. Гэта мазырская гісторыя. А яшчэ ён з дзяцінства пісаў вершы. Такая лірычная душа, тонкая. Але маці ягоная, цётка Зіна, чамусьці прымала Воўкаў талент паэта ў штыхі і, пакуль была жывая, паліла ягоныя вершы, як толькі іх знаходзіла, - Есіп зрабіў паўзу, задумаўся. - Ведаеш, я маю некалькі такіх гісторыяў, калі маткі знішчаюць вершы сваіх дзяцей. Прычым зацята знішчаюць, як быццам з рэўнасці. Чаму?.. Гэта, вядома ж, асобная гісторыя, трэба будзе некалі яе абдумаць, чым кіруюцца тыя маткі, - ён ізноў памаўчаў і працягваў. - Цэлыя Воўкавы паэмы ляцелі ў печку. Прычым заўсёды ў адсутнасць аўтара. Ён крыўдаваў, крыўдаваў, але ўрэшце яна дамаглася свайго, вершы пісаць ён перастаў. Гэта была першая траўма. Не задалося Воўку і з асабістым жыццём. Ён ажаніўся з самай прыгожай дзяўчынай у Мазыры, а тая, доўга не думаючы, папрасіла, каб ён фундаваў ёй паездку ў Лондан, дзе хутка знайшла працу мадэлі ў модным бізнесе, з’явіліся заляцанты, сапраўдныя лонданскія мільянеры, і куды ўжо ёй было вяртацца ў той Мазыр да таго Воўкі. Другая траўма. Але Воўка не здаваўся, ажаніўся з простай дзяўчынай, сіратою. Але ж і яна аказалася зусім не простай і аблаташыла Воўку, ну не да ніткі, але парад­кам, здрадзіла, адным словам. І тады Воўка запіў. А мы з ім раўналеткі. Я не раз прыязджаў да яго і бачыў, як уся п’янота з раёну збіраецца ў яго на кватэры, і як яны гуртом ідуць за ім у краму па гарэлку, і як пры маім з’яўленні раствараюцца ў паветры, і як пакутуе ягоная тонкая паэтычная душа. Тады дзядзька Валодзя (а ён жыве ў Менску) прыехаў у Мазыр, разагнаў кавалькаду і паставіў Воўку ўмовы. Найперш каб перастаў піць. І Воўка перастаў. Яны разам спарадкавалі кватэру і самога Воўку. Дзядзька Валодзя правёў сына па ўсіх медычных аглядах. Нармальны, нібыта здаровы. Але напрыканцы таго паходу ён прывёў яго ў рытуальную краму. Уяві сабе, два спраўныя мужчыны спартовага выгляду, прыблізна аднаго веку на вока, у добрым гуморы выбіраюць труну. З жартамі, з пад’ялдыкамі. Здзіўленая прадавачка пытаецца ў Воўкі: «А вы каму труну выбіраеце?» - А Воўка са сваёй адкрытай усмешкай адказвае ёй: «Мне». - Сам высокі прыгажун, радасны такі, забаўляе яго сама сітуацыя. Як табе такі сучасны варыянт «змены пакаленняў»?

- То бок, усё наадварот? Але ж гэта ненатуральна, - стараўся зразумець Імбрык. - Дэсерт жыцця перамагае маладосць? Яны абодва і выглядалі на адзін узрост? «Маладыя чалавекі»? Яўны збой логікі. І чым усё скончылася?

- Маеш рацыю. Збой логікі праз гэты новы неназваны перыяд, - сказаў Есіп. - А скончылася ўсё таксама паводле гэтае логікі ці гэтага збою. Дзядзька з’ехаў, Воўка зноў пачаў піць і неўзабаве дапіўся да смерці. Не спалохала яго тая труна.