Выбрать главу

Захад сонца сляпучы дзень

Золатам скрозь мае вочы

Але вочы глядзяць мне ў душу

І бачаць толькі

Бяззорна-біблійную чорнасць

Ледзяное сіне-срэбнае неба

Блякне й шарэе

Шэрай надзеяй, якая ох як прагне быць

Бяззорна-біблійнай чорнасцю

Спагада старога сябра

Жорсткая крывая ўсмешка

Усмешка што значыць пустэчу

Для мяне

Бяззорна-біблійную чорнасць

- Бліскуча, праўда? Гэта той выпадак, калі трэба прачытаць некалькі разоў, і тады прыходзіць пранікненне ў сутнасць, - працягваў захоплены Есіп. - Тут столькі тэмаў і сюжэтаў! Дый сам той час у гісторыі музыкі пакінуў безліч пытанняў, як такое магло быць? Сабраліся тры гітарысты без адмысловай адукацыі, без ведання тэорыі і нот, адно хіба з натрэніраванымі навыкамі ігры. Ну літаральна як у нас у парку на лаўцы. Сабраліся, нешта трэнькаюць. Напісалі за паўгадзіны песню, і ўсё. Цяпер маеш. Гэтую песню граюць сімфанічныя аркестры. Пінк Флойд, гэтых валасацікаў, за якіх нас ганялі ў школе, выконвае прафесійны аркестр мандалін, і настаўнік музыкі, сам гітарыст, які найбольш нас і ганяў, выконвае сола! Валасацікі сталі вялікімі, - зноў выразна паглядзеў Есіп на Імбрыка.

- Ваш настаўнік музыкі яшчэ жывы? - зрабіў Імбрык круглыя вочы. Але Есіп пакінуў ягонае пытанне без адказу.

- Па-мойму, Імбрык нічога не разумее ў музыцы, - з паблажлівым выглядам сказала Наста. - Я, прызнацца, таксама. Прынамсі, мы слухаем зусім іншыя песні.

- А што, без гэтага зусім нельга стаць вялікім? - з выклікам спытаўся Імбрык.

- Па-мойму, калі гавораць пра вялікіх, ну не пра дыктатараў усякіх, там рознае стаўленне, у першую чаргу маюць на ўвазе якраз музыкаў, - сказала Наста. - Можа быць, табе трэба вучыцца граць на барабане? - яна відавочна хацела яго падчапіць.

- Не ведаю, музыка прыгожая, а словы. - падшукваў як назваць Імбрык, - беліберда нейкая, па-мойму.

- Ну давай паспрабуем прачытаць гэта так, як бы яно было напісанае прозай, - угледзеўся Есіп у нататнік. - Вось што атрымліваецца. Яркае сонца сядае, але вочы глядзяць не на яго, а ў адваротны бок, у цемру душы. І неба, дзе толькі што было сонца, таксама ператвараецца ў цемру. Значыць, і ззаду, і спераду ў цябе - біблійная чорнасць, цемра егіпецкая, якую можна памацаць рукамі, сцяна. Бязвыйснасць, бяззорнасць, тупік. Што застаецца? Можа быць, нешта збоку? Натуральна, усмешка старога сябра, спагада мусіць быць выйсцем. Трэба зірнуць, што там у цябе збоку. Але ніфіга, усмешка чамусьці жорсткая і крывая. Збоку таксама - глухая чорная сцяна.

- Адным словам, поўная задніца, - сказаў Імбрык. І не вытрываў. - Не падабаецца мне гэта ўсё.

- Можа задніца, а можа й пярэдніца, - перадражніў Есіп. - Няўдзячная справа разбіраць жывы куст паэзіі, нібыта гэта нейкая электрашвабра. Але памарыць разам з аўтарам - чаму б і не? Хоць словы заўсёды значаць непараўнальна мала побач з музыкай. Мізэрна мала. Ніякая літаратура табе нічога ні пра што не раскажа, калі яна не музыка. Я разумею, што біблійная чорнасць - гэта для цябе пра нейкае хентайскае порна. Але насамрэч нявыкруткі, якія нараджаюцца ў дачыненнях са старым сябрам ці нават з самім сабой, - яны зусім не такія, як з іншымі. Вось што трэба зразумець. Яны заўсёды ўтрыраваныя да ўпору, напроч незразумелыя, невытлумачальныя, і ты адчуваеш сябе перад імі абсалютна бездапаможным, нават калі ты самы вялікі і ўсемагутны фараон. Бог паказвае табе сваю сілу. А што яму застаецца рабіць, калі ты ў яго не верыш, хоць гэта яшчэ сяк-так, вер не вер, але калі ты парушаеш ягоныя планы.

«Як у яго гэта спалучаецца: сэкс і Бог? Што б тут сказаў Севярынец?» - згадаў Пашу Імбрык, і яму ні з таго ні з сяго стала весела. Імбрык заўсёды лічыў, што Паша моцна перабірае з клерыкалізмам і суе Бога куды трэба і куды не трэба.

Есіп тым часам ізноў чытаў з нататніка:

«І сказаў Гасподзь Майсею: працягні руку тваю да неба, і будзе цемра на зямлі Егіпецкай, асязальная цемра. Майсей працягнуў руку сваю да неба, і была густая цемра па ўсёй зямлі Егіпецкай тры дні; не бачылі адзін аднаго, і ніхто не ўставаў з месца свайго тры дні.»

- Разумеет, гэтая цемра ідзе з самога пекла, яна не проста сцяна, яна напоўненая дэманамі, - тлумачыў Есіп, - тое, што чакае нераскаяныя сэрцы ў вечным зняволенні змроку.

- Сартр! - усклікнуў радасна Імбрык. - І Юра Дракахруст, які парыцца на 12-м паверсе.

- «Сыход», - паправіў яго Есіп. - Гэта стары сюжэт. Сартр толькі мадэрнізаваў яго па-свойму, наблізіў да разумения сённяшняга чалавека. Але гэта бясконцая гаворка, і нам пара перайсці да музыкі. Словы могуць нічога не значыць. Вакаліст выдае процьму быццам бы неабавязковых сентэнцыяў, бо перад тым, як зблізіцца, мы заўсёды гаворым усякую лухту, хіба не праўда? І самі не надаем значэння словам. Як калі б ты гаварыў з любімым сабакам. Здаецца, ён усё разумее, але гэта размова крыві з крывёю.