Выбрать главу

Есіп ужо прыабняў Насту, і Імбрык з агідай прыгадаў раптам сцэну з «Апошняга танга ў Парыжы». Герой Марлона Брандо, такі самы пярэстарак, як Есіп, просіць маладую дзяўчыну абстрыгчы сабе пазногаць і засунуць палец яму ў зад. Стала зусім ніякавата. Есіп тым часам працягваў распаляцца:

- Пасля пачынаюцца фрыкцыі. Чуеце? Яны трошкі манатонныя, але гэта той выпадак, калі манатоннасць моцна жаданая. Як рытуал. Рытуал - гэта выхад у іншую прастору, у паралельнае жыццё. Ты як бы раздвойваешся паміж сабою ў звычайным жыцці і сабою ў рытуале. Цяжка чалавеку разгледзець свае грахі, бо сам сябе не бачыш, затое ў іншым сходу можаш налічыць, у чым яму каяцца. А ты прыходзіш на споведзь і не ведаеш, што сказаць, здаецца, ніякіх грахоў і няма. «Няма мне ў чым каяцца, святы айцец», - кажаш ты на споведзі. І што табе адказвае святар? Слушна. А ты хадзі на службы, удзельнічай у рытуалах, раздвойвайся, каб убачыць сябе як іншага, збоку. І тады табе адразу знойдзецца пра што расказаць святару. Збоку заўжды відней. Тое самае манатонныя фрыкцыі. І заўсёды ёсць прадчуванне адкрыцця, эйфарыі, раскрываюцца ўсе ісціны разам. Рап­там ты пачынаеш разумець музыку з той сілай, як бы ты пачаў разумець мову раслінаў і жывёлаў. Што адбываецца? Адбываецца ініцыяцыя. Ты паміраеш ранейшы і нараджаешся новы. У гэтым вялікі сэнс рэлігіі, і ўсё, што нас у ёй можа карабаціць, - гэта ханжаства і карупцыя, бо рэлігія сама па сабе - гэта і ёсць сэкс. Совокупленіе. З Богам духоўна, фізічна - з цёцяй, якая раскрыла табе п...

- Брава! - крыкнула Наста.

- Дзякуй, - адно вока ў Есіпа стала мокрым. - Толькі не слухай тэксты Кінг Крымсан, - звярнуўся ён да Імбрыка, - мы заўсёды лапочам абы што. Музыка, а не тэксты, расказвае пра тое, што адбываецца. - Ён крыху памаўчаў і працягваў. - Цікава, што ў першым кліпе на гэтую песню, які трапіў мне на вочы, а гэта быў афіцыйны кліп, камера паказвала могілкі. Ты чуў увасабленне акту, вострыя выкіды раскаленай лавы, а бачыў мяккую панараму старых кладоў: замшэлыя пліты, паўразбураныя каменныя фігуркі анёлаў, у аднаго замест крылка тырчала арматурына, фамільныя склепы. Кліп, што праўда, знік з ютуба, колькі я яго пасля ні шукаў. Але жанчыны і могілкі - усё, чым варта захапляцца ў гэтым жыцці.

«Што ён вярзе, - не стрымваўся ў думках Імбрык, - у Кадырава ў інстаграме ўжо два мільёны падпісчыкаў, а мы тут боўтаемся, як гаўно ў палонцы пра сэксы-шмэксы, пра жанчын і могілкі і ледзьве можам набраць 50 тысяч. Трэба нешта рабіць з гэтымі ўсімі.., каб не заміналі працаваць з аўдыторыяй вірусна, на апярэджанне».

Імбрык схаваў твар у далоні. Было яму пагана і горка, а цяпер стала яшчэ горш. Трэба проста пераадолець самога сябе, узяць сябе ў рукі і зрабіць тое, што пастанавіў зрабіць, можа быць нават зараз, пайсці на кухню, узяць доўгі нож. Не, гэта, вядома, не метад. Гэта не мусіць быць сваімі рукамі. Заляпаешся, да канца дзён не адмыешся. І якое тады табе адраджэнне. Трэба, каб ён сам.

Тым часам Есіп выходзіў з лазенкі, бо нейкая жамярына патрапіла яму ў вока, а Наста кінулася дапамагчы прамыць зрэнку. І цяпер расчырванелы мэтр, вярнуўшыся на сваё месца, быццам працягваў дыскусію з падапечным:

- Ведаеш, я не стану Кадыравым, нават калі б захацеў. Я бачу сэксуальную подшыўку, як сказаў бы калега Дракахруст, гэтай сітуацыі. І калі я й супрацьстаю Расеі, як Кадыраў, дык з пазіцыяў эпохі Адраджэння, гуманізму і найвышэйшасці чалавечага жыцця, а не асабістае ўлады ці джыхаду. Як ні круці, а гэта супрацьлеглае разумение любові, кахання і сэксу. Асабістае ўлады нашым людзям хапіла і хапае па самае не магу, а ад джыхаду дык і ўвогуле беражы Гасподзь.

«Што страшнага ў дыктатуры і джыхадзе, калі гэта свае дыктатура і джыхад, скіраваныя на адраджэнне і незалежнасць? І што наўзамен ім - сядзець, склаўшы рукі, і жуваць возгры. А тым часам чытаюць Кадырава, а не цябе! Два мільёны, - Імбрык рэагаваў у думках. - Як ён дастаў мяне сваімі сэксамі! Ён проста знішчае ўсіх нас! Нашто мне гэта ўсё слухаць? Я харошы вернік».

- Вернік. - прычапілася Наста да слова. - Першы савецкі тэлевізійны плэйбой, які прыходзіць у галаву.

Есіп ізноў запарыў усім кавы і паглыбіўся ў развагі пра маладых, якія заўсёды імкнуцца «скінуць папярэднікаў з карабля гісторыі»:

- У гісторыі колькі заўгодна прыкладаў гэтага. А вось каб наадварот

- нечага афарыстычнага сходу і не прыгадаю. Ну, каб старэйшыя скідалі маладых. Знайдзі мне такі прыклад. І каб ён быў гэткі ж пераканаўчы, як гісторыя майстра Хірама, што кіраваў будоўляй сабора цара Саламона ў Ерусаліме. Хірама забілі, і што? Храм ягоны ў выніку так і не быў дабудаваны. А ведаеш, хто яго забіў? Ягоныя ж падначаленыя, моладзь, чаляднікі. Скінулі, што называецца, з карабля гісторыі. Знайшлося трое вырадкаў, якія хацелі гвалтам дамагчыся ад майстра таемнага слова, каб самім стаць майстрамі, хоць на тое яшчэ не мелі падставаў. Не дараслі. Страшны ўзрост. Ты ўжо не вучань, ты ўмееш абчэсваць дзікі камень. Ты чаляднік. Але каб быць майстрам, трэба ўмець мысліць усім будынкам, трымаць яго ў галаве. Гэта як пісьменнік трымае ў галаве ўсю кнігу, якую піша, ці як рэдактар сайта трымае ў галаве ўвесь сайт. Галовы, натуральна, рознае ўмяшчальнасці бываюць. Але факт, што ты гэтага яшчэ не можаш. Толькі спяшаешся. Я добра памятаю гэты стан, бо сам быў такім.