Выбрать главу

Імбрык прайшоўся па пакоі, узяў з серванта Іменнік Дубаўца і, разгарнуўшы яго, прапанаваў:

- Давайце лепш чытаць гэта.

07. За чытаннем

- Штука даволі суб’ектыўная, - сказаў Есіп, падліваючы Насце віна, - таму чытай цяпер сам.

Імбрык інакш сабе гэтага і не ўяўляў, бо меў цікавасць да гэтай кніжкі. У Менску яму часам траплялі на вока цытаты з Іменніка або нехта спасылаўся на яго, але цалкам кніжку ён не трымаў у руках ніколі. Пагаворвалі, што гэта забароненая літаратура, у кагосьці нават адабралі Іменнік на мяжы. А дзе яшчэ можна было знайсці ўсё забароненае і антысавецкае, як не ў супрацоўнікаў Радыё Салярыс у Празе?

Імбрык зручней сеў на сваім крэсле і пачаў чытаць:

«Вядома, як карабель назавеш - так ён і паплыве. Са свайго ўласнага досведу я складаю гэты Іменнік. Ацэнкі, само сабой, нельга лічыць універсальнымі. Яны пра тых, каго я ведаю асабіста, а значыць, магу абагульняць характарыстыкі. Бывае, праўда, што з пэўным іменем я ведаю толькі цябе і абагульніць адметнасці не магу. Да прыкладу, ведаў я аднаго Севярына... Тут нешта сказаць пра імя можна толькі з нагоды другога Севярына».

- І я ведаю аднаго Севярына, - перабіў Есіп.

- Я таксама, - сказала Наста. - Мабыць, той самы.

- Ну і што, што ён адзін? - запаліўся раптам Есіп. Імбрык ужо заўважыў, што Есіп ставіцца да Дубаўца неяк падкрэслена, увесь час яго цытуе, але так, нібы раўнуе, спрачаецца з ім адначасова. - Можа быць, ён задае трэнд. І наступныя Севярыны будуць у ягоным рэчышчы. Наш Севярын доўгі час быў «вечным піянерам», які аднойчы а 12-й РМ раптам ператварыўся ў такога сабе Бовіна з тэлевізара юнацтва. Севярын шмат думае, аналізуе і выходзіць у яго ўсё лепш і лепш. Ён па-ранейшаму падае надзею на сваю прыўкрасную будучыню. Вось галоўная рыса Севярына - падаваць надзею.

- Трапна, - сказала Наста, - хоць я і не ведала ніякага Бовіна.

Імбрык працягваў чытаць:

«АЛЕГ. Алег ходзіць побач са сценамі турмы і сам робіцца светлым ад іх».

- Прыгожа, у стылі глёбусятніка, - сказаў Есіп. - Але ніколі не называйце дзяцей Алегамі, бо дастанецца пасля іхнім дочкам. Найбольшы беларускі паэт усіх часоў і народаў Алег Мінкін моцна пацярпеў праз гэта, меў дзвюх дачок і кожная з іх - Алегаўна. Бедныя дзеўкі.

- Толькі праславіліся не імем па бацьку, - заўважыла Наста. - Пра Міхаліну пісалі ўсе літоўскія газеты. Маўляў, добра зарабляе ў Парыжы. Мы яшчэ ў ліцэі пра гэта чыталі на партале ДЭЛЬФІ.

«АЛЕСЬ. У Алесю жыве прага царавання - ад цёзкі Македонскага. Седзячы на пасадзе, Алесь пачуваецца гаспадаром не крэсла, а душ. Пры тым ён увесь час рызыкуе «згубіцца ў лесе», куды яго адправіў Кастусь Цвірка. Алесь, як слімак сваю хатку, нясе на сабе гэты свой дрымучы лес, у якім так проста страціць арыенціры».

- І нават тое, што наш шэф Алесь, не разбурае дакладнасці гэтага назірання? - здзіўлена і крыху роспачна спытаўся Імбрык. Але не пачуў адказу.

«Ведае, усё ж, куды прыехаў і як трэба сябе паводзіць», - падумаў Есіп, але змаўчаў.

«АНТОН. Антон гатовы легчы на касу».

- Гэта з Гарэцкага. Хаця. Згадваю ўсіх сваіх Антонаў. - Есіп зрабіў паўзу і задумаўся. - Ну не Андрэі яны дакладна. Андрэй на касу не ляжа ніколі. У мяне пляменнік Антон. Ціхі, сімпатычны, правільны, без падвоху. На якой халеры бацькі аддалі яго ў Менску ў сувораўскую вучэльню? Але ж аддалі. Дык праз нейкі час хлапцу зламалі там абедзве нагі. І вось не паверу, каб сярод тых аднакурснікаў быў хоць адзін Антон. Антоны не ломяць. Іх ломяць, яны самі сябе ломяць. Але не яны кагосьці.

«АРКАДЗЬ. Вясёлы гаварун Аркадзь жыве нялёгкае жыццё, бо шмат працуе».

- Я ведаю толькі Аркадзя Куляшова, - сказала Наста. - Ну як ведаю, вершы і біяграфію ведаю, бо вывучалі. Але не думаю, каб ён быў вясёлым гаваруном.