Выбрать главу

- Шыфраваўся, можа, часы ж былі такія, што асабліва не павесялішся і не пагаворыш, - уздыхнуў Імбрык.

«БАРЫС. Можна сказаць так: уважлівы да дэталяў, а можна і так: чапляецца да дробязяў. Таму, на першы погляд, падаецца занудам. Але пры больш уважлівым вывучэнні мы бачым натуру тонкую і ранімую, бывае - крыўдлівую ці пакрыўджаную. Нішто не застаецца па-за ўвагай Барыса».

- Тут у кропку, - сказаў Есіп. - У мяне на першым месцы Барысы Сачанкі, адразу трое, дзядзька і двое пляменнікаў. Дзядзька быў удвая старэйшы за мяне, але хіба што адзіны такі са свайго пакалення, каго я мог лічыць сябрам, як роўнага з роўным. Мы жылі ў адным доме ў Менску на Пуліхава, і часам ён запрашаў мяне «на каньячок». Сядзелі, гаварылі пра ўсё на свеце. Пра пісьменнікаў, пра гісторыю, пра кнігі. У яго было ці не ўсё з забароненага на той час беларускага. Скончыў ён, на жаль, нядобра. Ужо Лукашэнка стаў. А Сачанка быў дырэктарам Беларускай Энцыклапедыі. І Лукашэнка паслаў да яго такога Кучынскага, каб прамацаў, відаць, і высветліў - пакідаць Барыса на пасадзе ці замяніць, свой ці не свой. Яны дзве гадзіны гаварылі пры зачыненых дзвярах, пасля Кучынскі сышоў. А яшчэ пасля знайшлі Сачанку - ён ляжаў на падлозе нерухомы. Сказалі, нібыта сэрца не вытрымала. Толькі хто паверыць? Асабліва з тых, хто ведаў гэтага ва ўсіх сэнсах мужчыну-мацака. Шкада. А пляменнікі ягоныя вучыліся са мной на адным курсе. Адразу два Барысы Сачанкі. Яны ўсе з адной вёскі. Першы прабіўся дзядзька Барыс, ну і пляменнікаў назвалі Барысамі.

«ВАЛОДЗЯ. “Валодзя гаўно салодзя, аладкі мачае, жабак угашчае» - у гэтай трапнай народнай прыказцы ўвесь Валодзя - чалавек сардэчны і геданіст”.

- Ну, не толькі гэта. Вунь Глёбус пра ўсіх гадасці піша, - сказала Наста. - Нават пра мяне, хоць ніколі ў вочы не бачыў.

- Дык гэта ён піша як Адам, а як насамрэч - Валодзя Адамчык - чалавек сардэчны і геданіст. Усё правільна, - чарговы раз заступіўся за Дубаўца Есіп.

- Я яго ведаю, - заўважыў Імбрык, яму хацелася нечым зачапіць Насту ў адказ. - Не думаю, што гэта ён пра цябе напісаў. Многія самі хочуць, каб ён пра іх гадасць напісаў. Абазналася.

«ВАЛЯНЦІН. Самае бездакорнае імя, чамусьці ніколі мне не падабалася. Можа быць, таму, што першымі Валянцінамі ў маім жыцці былі жанчыны, і таму гэтае як бы жаночае імя мужчынам не пасавала. Выхавацельку ў дзіцячым садку на Карламарла ў Менску звалі Валянціна Іванаўна Крышталь. І потым была процьма іншых Валь. Валянцін не схільны думаць пра свой лёс і не верыць у Бога. Затое верыць у іншых і, як квактуха-выхавацелька, апякуецца імі».

- Дубавец занадта суб’ектыўны. Але пра Акудовіча тут дакладна, - сказала Наста.

- Акудовіч можа быць вялікім беларусам? - спытаўся Імбрык. - Вялікі Акудовіч гучыць.

- Філосафаў, як і музыкаў, ахватней за іншых называюць вялікімі, - сказаў Есіп. - Можа быць таму, што яны найменш небяспечныя? Чаго, зрэшты, не скажаш пра Акудовіча. Яго моцна не любіць Навумчык. Кажа, што на ідэйнай глебе. Штосьці дзесьці калісьці Акудовіч сказаў не тое ці не так. Але ў прынцыпе, калі яго няма, дык можа. Хоць ад нас тут нічога і не залежыць. Я б хутчэй разважаў, ці можа быць вялікім Навумчык. Вялікі Навумчык таксама гучыць.

«ВІТАЛЬ. Мяккі, але ўчэпісты і амбітны Віталь любіць дакранацца да агню».

- Вам не здаецца, што Віталь па сэнсе моцна падобны да Барыса? Таксама, можна сказаць, уважлівы да дэталяў, а можа: прыдзіраецца да дробязяў, - актыўна ўдзельнічала ў абмеркаванні Наста.

- З першых, хто прыходзіць на розум пасля Барыса Сачанкі, Віталь Тарас. - згадаў Есіп. - Ну так, абодва рэдактары. Камусьці прыдзірлівыя, а камусьці прынцыповыя ў прафесіі.

«ВІЦЯ. Самае цьмянае імя. Адзін піша данос, другі ад прыроды на такое не здатны. Адзін па жыцці неахайны, другі - піжон. Ён адначасова і фізік, і лірык. Даводзіцца прызнаць: сам Віця нічога нам пра Віцю не скажа. Хаця... Чыста па адчуваннях... У Віці - нейкая “мардатая” сутнасць. Г. зн. мяккая і крыху расплывістая, як пасля парылкі ці выпіўкі. Віця не бывае крышталёвым або графітавым. Віцю ўсё ж такі можна “ўзяць”. Віця падобны да парашутыста ў першым скачку. Ён, вядома, пераможца, але ж і штаны поўныя».

- Дакладна, - сказаў Есіп. - Але, ведаеце, гартаў неяк статыстыку цяперашніх дзіцячых імёнаў. Віці няма! Віцямі не называюць зусім. Пераможцы непапулярныя. Ніхто не хоча быць вялікім.

- Апроч мяне? - усміхнуўся Імбрык.

- Чытай далей, - сказаў Есіп.

«ВЯЧАСЛАЎ. Скрайняя незадаволенасць Вячаслава заўсёды мяжуе са стрэсам. Вячаслаў - змагар, які без бою апусціў рукі перад недасканаласцю свету і сеў з учарнелым тварам на халодны валун мудрасці. Галоўная рыса Вячаслава - абсалютная нецярпімасць да ўсяго, што яго раздражняе і ўводзіць у шал. Гэтак на мяжы страты свядомасці змагаюцца са сваімі монстрамі празаік Адамчык, паэт Дашкевіч, музыка Корань, фалькларыст Калацэй, тэатразнаўца Ракіцкі, палітык Сіўчык.»