Выбрать главу

- Тут вельмі трапна, - пракаментаваў Імбрык.

- Нехта грукае ў вакно, - раптам сказала Наста.

- Можа, мы загучна ўключылі «Старлес»? - выказаў здагадку Імбрык.

- Пайду пагляджу, хоць тут фактычна дах дому, - сцепануў плячыма Есіп. - Што там за Карлсан прыляцеў?..

Грукалі нібыта з боку спальнага пакоя, але тэраса была адна на ўсю кватэру.

- Гэта птушка, крумкач, - сказаў Есіп, вызірнуўшы на тэрасу, - вярнуўся. Ён часам прылятае. Тут многа птушак жыве, асабліва драпежнікі, ястрабы нябесныя віюць гнёзды на дахах. Але гэта крумкач, мой прыяцель.

- А што ён сказаў?

- Never more, натуральна, - бліснуў эрудыцыяй Імбрык.

Наста перасела на далейшы ад вакна канец канапы. Яна яўна асцерагалася гэтых грукаў з тэрасы.

«ІГАР - чалавек даступны, але не адкрыты. Ніколі не ведаеш, што сабе думае гэты лёгкі ў дачыненнях Ігар.

ЗМІЦЕР упарта йдзе да свае мэты. Аднак, пачынаючы справу, заўсёды думае не пра поспех, а пра правал.»

- Бартосік! - пазнаў Імбрык.

Нехта ізноў пагрукаў у вакно, але іншымі, чалавечымі грукамі.

- Хто там? - крыкнуў Есіп.

- Гэта я, - пачулася з тэрасы. - Бартосік. Слухай, у цябе ёсць дзе пераначаваць? Нас няшмат, мы з жонкай і чацвёра дзяцей.

- Оп! - сказаў Есіп.

Бартосік тым часам уваліўся ў пакой:

- Едзем з Венецыі. Юця выйграла конкурс і выступала на фестывалі. Ну і мы ўжо за ёй, прычэпам.

- Хадзем, - пацягнуў яго Есіп у дзверы на лесвіцу. - Здаецца, тут ёсць пустая кватэра. Я патэлефаную дырэктару.

«ЛЁНЯ, - працягваў чытанне Імбрык. - Лёня любіць сябраваць. І з Лёнем усе хочуць сябраваць. Але ў сваіх адносінах з іншымі ён раптам адкрывае такія непераадольныя прорвы, што сябры тыя асыпаюцца з яго шалухой. Чаму? Ды таму, што Лёня - чалавек забыўлівы.

МІХАСЬ. Харошы чалавек, але то там не задалося, то тут. Бывае і думаеш - о, задалося, а прыглядзішся - ну не так, па-іншаму магло быць. Ізноў як бы і не задалося».

Есіп вярнуўся ўжо без Бартосіка і хутчэй заняў сваё месца. Імбрык працягваў чытаць:

«ПЯТРУСЬ. Пятрусь абжываецца ў кожнай справе і пакідае ўражанне “таго, хто прыйшоў”. Аднак рана ці позна вонкавыя (так здаецца) абставіны бяруць над Петрусём верх, і ён без бойкі сыходзіць у цень. Бо ўсе яго доблесці, якія прымярэсціліся яму і нам учора, сёння падаюцца ілюзіяй - і яму, і нам. Нематэрыяльныя каштоўнасці ў асобе Петруся не маюць шанцаў».

- Пятрусь Броўка піша... лоўка, піша... лоўка і даўно, але ўсе яго алоўкі... - пачала было Наста, але яе з дакорам абарваў Імбрык:

- Дарэмна ты так. Хрэстаматыйны верш Броўкі «Пахне чабор» нядаўна выкінулі са школьнай праграмы.

- Кажуць, што Броўка не ўмеў чытаць свае вершы, ён іх крычаў, - згадаў Есіп. - І што ніколі не пакідаў справы, за якую ўзяўся. Нават такой вялікай, як Беларуская Энцыклапедыя, дзе забілі Сачанку. А стварыў тое выдавецтва Броўка. І няхай паэт ён быў не геніяльны, але нацыянальная энцыклапедыя - штука на парадак больш крутая, прынамсі, чым каска Кафкі.

«ТОЛІК нясе ў сабе глыбокі раскол. Ён страсна жадае быць салдатам якой-небудзь арміі, а толькі наблізіцца да ваенкамату, як усю натуру ягоную працінае анарха-індывідуалізм. Так і ходзіць Толік каля зборнага пункту і так ніколі ў яго не патрапіць. Прапары, якім надакучвае ўвесь час адчыняць дзверы пры ягоным набліжэнні, кідаюцца нарэшце, каб узяць рэкрута сілком, але тут анархічны настрой Толіка дасягае апагею, і непазбежны скандал».

- Зноў грукаюць у вакно! - ускочыла Наста.

- Есіп, гэта я, Дзёня. Ну калі ты даробіш трэцюю частку?

- Гэта Раманюк, - шэптам сказаў Есіп. - Дэманы мае не пакідаюць мяне на захадзе сонца. Я рэдактар ягоных кніг, - і крыкнуў: Пачакай яшчэ тыдзень. - Ізноў шэптам, - ён робіць вялікія мастацкія альбомы пра Беларусь, абавязкова са сваім тэкстам, а там працы.

- Вялікія ў сэнсе «большие»? - спытаўся Імбрык.

- Не думаю, што я браўся б за іх, калі б яны былі толькі «большие», - адказаў Есіп і дадаў, - яны вялікія ў сваёй амбіцыі вынесці беларускае на ўвесь свет і ў найлепшай падачы. Акурат тое, чаго ты хочаш. Толькі ты ж не хочаш стаць альбомам.

«ЮРАСЬ, як правіла, чалавек мажны ці даўгавязы. У яго фізічнае цела нібы не зусім сваё. Ён альбо надта высокі і проста не паспявае супадаць з рухам гэтых даўжэразных ног, альбо зашырокі. Істотай сваёй Юрась ужо тры разы ўвайшоў у гэтыя дзверы і збегаў назад. А вось толькі цяпер у дзвярах паказалася цела. Ён гэта адчувае, і яму ад гэтага некамфортна. Адсюль - шмат дробных лішніх рухаў».