Выбрать главу

Калі Імбрык дачытваў Іменнік, Есіп з Настай ізноў выйшлі з лазенкі. Зноў нешта патрапіла ў вока мэтру.

08. На мосце

- Нам пара, - аб’явіў Есіп.

Ад Ландынскай да Старамескага пляцу зусім недалёка, 15-20 хвілінаў хады. Прычым ідзеш увесь час уніз, у лагчыну, да ракі. І ўвесь час - праз усю раскошу несканчальнага натоўпу, паўз помнік святому Вацлаву, якога тут называюць проста канём. «Сустрэнемся ля каня». Акурат ля кане Есіп і Імбрык развіталіся з Настай і рушылі ўніз, натоўп наўкола працягваў гусцець. У гэтым усеагульным вечаровым шумавінні размаўляць было немагчыма, толькі крычаць. І Есіп крыкнуў:

- Давай пагаворым як вернік з вернікам.

«Ён звар’яцеў».

- Ты ведаеш, што зрабіў святы Пракоп? - Есіп прачытаў думку Імбрыка ў ягоных вачах, але не звярнуў на гэта ўвагу. - Пракоп вырашыў дылему Бога.

- Што такое дылема Бога? - крычаў у адказ Імбрык.

- Паміж Богам і Д’яблам. Мы ідзем да святога Пракопа на Карлаў мост, там ты ўсё пабачыш на свае вочы. Ты гатовы?

«Вядома, я падыграю яму, - думаў Імбрык. - Можа быць, апошні раз. Не сказаць, каб мяне моцна цікавілі прыкметнасці Прагі - колькі такога яшчэ будзе за ўсё жыццё і ў розных гарадах. Усяго не запомніш. Ды і навошта запамінаць усё? Ну пойдзем на твой Карлаў мост паглядзець на твае цацкі».

- А вось і «Люцэрна», дзе найлепшая ў Празе «Пльзень», помніш, я казаў табе пра яе? - крычаў Есіп, паказваючы на вялізны шэры гмах. - Але сёння ў нас часу на яе не будзе.

Яны выплывалі з гэтага віравання на Вацлаўскім намнесці, іх проста выносіла магутнай людской плынню па галоўнай турыстычнай сцяжыне кудысьці ў вузкі праход паміж будынкамі, дзе дзве плыні - туды і назад - суіснавалі разам. На нейкі момант яны нават згубілі адзін аднаго, але неўзабаве і знайшліся каля полай скульптуры Дон Жуана пры моцартаўскім тэатры. Так было паміж імі дамоўлена - калі згубяцца, ісці на імя Моцарт.

«Я ўжо поўны рашучасці знішчыць яго! Але трэба, каб ён зрабіў гэта сам», - ятрыўся Імбрык, якога дадаткова ўводзіў у шаленства гэты ва ўсіх сэнсах нязручны паход і літаральна кожны, хто трапляўся ім на шляху. Асабліва гэтыя вымазаныя залатой фарбай дзядзькі ў цыліндрах, якія па-ідыёцку пасвіствалі кожнаму мінаку.

Імбрык не ведаў, што Есіп ужо мае квіток на самалёт у адзін бок і заўтра адляціць на радзіму, у Менск. Не ведаў ён і таго, што цяпер тут у Празе ён зойме Есіпава месца, стане сапраўдным астранаўтам і арганаўтам. Але Імбрык гэтага не ведаў, таму ўсе жыццёвыя стрэлкі для яго сышліся на задачы «абясшкодзіць» Есіпа. Што зробіш, калі гэтая ідэя стала для яго на гэтым этапе самай галоўнай у жыцці.

З іншага боку, а калі б ведаў? Магчыма, было б яшчэ горш. Есіп вяр­таецца ў Беларусь, а якраз там яго такога Імбрык бачыць і не хацеў. Там, вядома, хапае сваіх шкоднікаў у справе змагання і адраджэння, але ўсе да іх ужо прызвычаіліся як да вар’ятаў. А гэтага слухалі ў радыё, ён меў аўтарытэт, яму першаму дадуць мікрафон на мітынгу. І што ён раскажа? Пра жанчын і могілкі? Пра тое, што рэлігія - тое самае, што сэкс? Пра сваіх косаўскіх албанак?

Магчыма, калі б Імбрык ведаў, што Есіп вяртаецца ў Менск, жаданне знішчыць радыёгероя ягонага дзяцінства і колішняга куміра ўзрасло б у шмат разоў. Прычым зрабіць гэта, па ідэі, трэба было як мага хутчэй, да ад’езду.

- Я чытаў нешта пра мост самагубцаў у Празе, - крыкнуў Імбрык Есіпу проста ў вуха.

- Гэта Нусельскі мост, - адгукнуўся Есіп. - Калі хочаш, мы сходзім на яго пасля, а пакуль ідзем на Карлаў. - Есіп лёгка счытваў думкі Імбрыка з ягонае мімікі, той яшчэ не навучыўся як след маскавацца. - Ты хочаш, каб я скочыў з Нусельскага мосту? Але зразумей, што без тваёй дапамогі ў мяне не атрымаецца. Бо мост цяпер абстаўлены загародкамі, якія сам не пералезеш. І адзін на іх не забярэшся, бо яны загнутыя на гэты бок. Мы сходзім туды, але спачатку я пакажу табе Пракопа.

«Ён адцягвае свой канец, - шыпела нешта ў Імбрыка ўнутры. - Няхай. Гэтаксама рабіў бы і мой бацька. Яны прасралі нашу беларускую справу, і цяпер каяцца ім не выпадае. Яны выдатна разумеюць гэта і, як коні, што загналі самі сябе, гатовыя на ўсё. Ну пагавары...»

Есіп памаўчаў хвіліну, аддыхаўся і прамовіў (яны акурат апынуліся ў закутку, дзе было адносна ціха):

- Калі ж казаць, як ёсць насамрэч, запомні мае словы. Беларускую справу ніхто не прасраў. Яна проста маленькая пакуль. І яна расце, пашыраецца, нягледзячы на памылкі лідэраў і той каласальны супраціў ёй, які ідзе і знутры, і звонку. Але яна не спыняе росту. Варта пачакаць, пацярпець.