Выбрать главу

«Пачакаць-пацярпець, - разважаць над словамі Есіпа Імбрыку ўжо не было як. - Цярпілы і пачакуны ўрэшце ніколі не дачэкваюцца нічога. Свабоду не чакаюць, яе бяруць».

Яны прабраліся праз усё новыя і новыя неверагодныя натоўпы на Старамескім намнесці. Есіп кожны раз браў у рэкламнікаў працягнутыя яму афішкі, нязменна кажучы па-чэшску «Dekuji». Праз некалькі крокаў рэкламка выкідалася ў сметніцу.

- Нашто вы гэта робіце? - спытаўся Імбрык.

- Браць афішкі мяне навучыла дачка, - адказаў Есіп. - Каб не пашыраць прастору роспачы і адчаю. Людзі, якія раздаюць іх, спадзяюцца, што ты іх возьмеш. Нашто гасіць іхні маленькі спадзеў на тое, што іх дзеянні хоць камусьці патрэбныя?

«Па-мойму, яны проста лузеры», - падумаў Імбрык. Ён заўсёды адкрыта і паслядоўна казаў, што не любіць лузераў. А хто лузер, вызначаў ён сам. І што яму да спадзеваў нейкіх там лузераў. Сам сябе ён лічыў надзвычай паспяховым, і гэтае запрашэнне на працу ў Прагу было лішнім таму пацверджаннем. Такім у Менску зайздросцілі.

Есіп паказаў Імбрыку друкарню Скарыны насупраць Арлоя (раней Есіпу яе паказаў Абламейка, яны нават зайшлі аднойчы на другі паверх у шыкоўную рэстарацыю, там цяпер ядуць) і пасля выйшлі нарэшце на Карлаў мост.

- Я не буду мучыць тваіх жаданняў, мы ідзем да Пракопа, - казаў Есіп. - Пракоп вырашыў запрэгчы д’ябла ў плуг. Кафка пра гэта пісаў адной са сваіх шматлікіх жанчын Мінце Айснэр.

Есіп дастаў з кішэні нататнік і адкрыў на закладцы. За-за ветру і шуму людское ракі зноў даводзілася крычаць:

«У душы кожнага з нас жыве кусучы, які не дае спаць па начох, д’ябал, і гэта не дрэнна й не добра, бо гэта і ёсць жыццё; калі б д’ябла не было, і жыцця б не было. Тое, што Вы ў сабе праклінаеце, і ёсць Ваша жыццё. Гэты д’ябал - той матэрыял (і па сутнасці сваёй прыўкрасны), які Вам дастаўся і з якога Вы павінны нешта стварыць. Тое, што Вы працавалі ў вёсцы, гэта, на маю думку, не была адгаворка. Вы проста гналі свайго д’ябла, як жывёлу, якая кармілася да таго часу толькі на вуліцах Цепліца, на лепшую пашу. На Карлавым мосце ў Празе пад статуяй святога ёсць рэльеф, які выяўляе Вашу гісторыю. Святы тут арэ поле, а ў ягоны плуг запрэжаны д’ябал. Д’ябал усё яшчэ ятрыцца (што азначае пераходны стан; пакуль не задаволены сам д’ябал, гэта не поўная перамога), ён скаліць зубы, азіраецца спадылба са злосцю на свайго гаспадара і сутаргава падціскае хвост, але ў ярмо ж ён ужо запрэжаны. Вы, Мінцэ, вядома, не святая і не павінны ёю быць, гэта зусім непатрэбна, і было б крыўдна й журботна, калі б усе Вашы д’яблы павінны былі цягнуць плуг, але для большай часткі з іх гэта было б карысна, і гэта стала б добрай і вялікай справай, здзейсненай Вамі. Я кажу гэта не проста таму, што мне так здаецца, - Вы самі ў глыбіні душы імкнецеся да гэтага».

- А слова «кафка» вам не нагадвае слова «чорт»? - нудзіўся Імбрык. Нудзіўся і закіпаў адначасова. Не на той мост яны прыйшлі.

- З савецкага юнацтва я памятаю іншую барадатую алітэрацыю: «Мы рождены, чтоб Кафку сделать былью», - адказаў Есіп і раптам змяніў тон на лектарскі, хоць працягваў пры тым крычаць. - Кафка на прыкладзе Пракопа дае формулу жыццёвай гармоніі. Чалавек застаецца жывёлай, што ні кажы, у ім суіснуюць і боскае, і д’яблава. І мудрасць Пракопа была ў тым, каб жывёльную энергію д’ябла скіраваць у стваральнае рэчышча Бога.

- Глядзіце, каб нас не пагналі адсюль. Вы не маеце ліцэнзіі экскурсавода, а выглядаеце як запраўскі лектар, - крычаў Імбрык у адказ. - Напэўна, у Празе, як і паўсюль, вадзіць экскурсіі без ліцэнзіі забаронена. - Яны ўжо былі прыблізна на сярэдзіне Влтавы. - Цікава, як у вас слова Бог спалучаецца з усялякімі сэксуальнымі прэферэнцыямі? - задаў Імбрык сваё патаемнае пытанне, карыстаючыся тым, што ў шуме натоўпу на мосце Есіп можа яго й не пачуць. Але Есіп пачуў.

- Аднойчы мая цяжарная жонка, - пачаў ён крычаць свой адказ, - пайшла ў царкву, каб паставіць свечкі за памерлых, памаліцца. Яна была шчырая верніца, хустку навязала. А жывот ужо тырчаў вялікі. Дзеці ў двары з яе смяяліся - дзяўчынка мячык праглынула. Яна зусім малой выглядала з гэтым жыватом. Дык вось, памалілася, свечкі паставіла, выйшла і недзе там у скверыку прысела адпачыць. А тут ідуць бабкі са службы. І адна падыходзіць і зло так на яе крычыць: прастытутка! Ну калі з жыватом, дык ясна, трахалася ж. Такая логіка. «Прастытутка!» І другая падыходзіць. А жонка такая ж, як і яны, у хустцы, у доўгай спадніцы, толькі з мячыкам-жыватом. «Прастытутка!» Толькі што стаялі-маліліся разам.

Вакол пазіравалі і малявалі шаржы, прымяралі залатыя завушніцы, слухалі звар’яцелую джазістку з оперным голасам, кідалі манеткі міму, падпявалі гітарысту і рабілі бясконцыя сэлфі. Сэлфі з Прагай, з Карлавым мостам, сэлфі з Влтавай, сэлфі з натоўпам...