Выбрать главу

- Так бывае, калі Бог і Д’ябал існуюць асобна, - рэзюмаваў сваю гісторыю Есіп, - і кожны з іх робіць сваю справу на роўных. Але ж нябеснае і зямное ў адной асобе не могуць адштурхоўвацца, бо тады наступае разлад, які праходзіць па тваім целе і па тваёй душы. Вось калі набожная малельніца можа ў цяжарнай убачыць прастытутку.

- А чаму Дубавец не апісвае жаночыя імёны? - раптам спытаўся Імбрык.

- Іменнікі гартаюць, калі выбіраюць імя дзіцяці, - адказаў Есіп. - Мужчынскае імя характарызуе чалавека - таго, якім стане мужчына. А жаночае імя жанчыну не характарызуе, яно расказвае пра яе лёс. Таму калі выбіраюць імя хлопчыку, хочуць, каб ён стаў такім, як Вася ці Пеця. А калі выбіраюць імя дзяўчынцы, хочуць, каб у яе жыццё склалася, як у

Тані ці Лены. Выбіраюць паспяховы, напоўнены, шчаслівы лёс. Пры гэтым не так важна, якой вырасце дзяўчынка, з якім характарам і якое будзе імя. Мужчыны - толькі фігуранты жыцця, якое ствараюць жанчыны.

На месцы скульптурнай кампазіцыі з Пракопам і д’яблам, запрэжаным у плуг, яны пабачылі абвестку: «Пракоп на рэстаўрацыі».

Імбрык прачытаў на твары Есіпа расчараванне, блізкае да роспачы. Першы раз за дзень гэты твар мэтра быў такі насцеж адкрыты чужому воку. «Во дагуляўся» - падумаў Імбрык.

- Я ведаю, чаму яны яго забралі! - крычаў Есіп. - Мадэль чалавечай гармоніі - гэта ж мадэль шчасця, праўда? А людзі хочуць толькі прадчуваць шчасце ці ўспамінаць шчаслівыя імгненні, але не жыць імі. Яны баяцца. Шчасце - гэта насамрэч вельмі шмат. Для многіх яно зусім няўздымнае. Таго, хто жыве ў шчасці, наш выкладчык эканомікі Юшкевіч калісьці назваў ідыётам. «Толькі ідыёт бывае шчаслівым!» Вось чаму шчасце заўсёды, заўсёды на рэстаўрацыі, - здаецца, ён крыху ўзяў сябе ў рукі. - Ідзем паміраць? - гэта было сказана раптам і амаль з насмешкай, што непрыемна кальнула Імбрыка. - Але гэта фантазіі, не больш. Проста мы чамусьці не карыстаемся гэтым.

- Так, ідзем. Я, вядома, не збіраюся, - паспяшаўся Імбрык рацыянальна прапісаць працэдуру.

Зноў праз натоўп яны прамінулі мост і скіраваліся налева, да Рудальфінуму, пражскай філармоніі, дзе іх мусіў сустрэць дырэктар іхняе службы са сваёй жонкай Светай. Гэтая сямейная пара любіла гасцей, доўгія гутаркі пра ўсё на свеце і любіла такія запрашэнні, неістотна, ці да сябе дадому, ці куды-небудзь.

- Вы любіце Вівальдзі? - спыталася Света ў Імбрыка.

- Вівальдзі? - шкляным вокам зірнуў на яе Імбрык. Паўза. - Канечне,

- Імбрык расплыўся ва ўсмешцы.

«Кар’ерыст, - падумаў сабе Есіп, - што ён можа любіць?»

У вялікай зале - адначасова раскошнай і лапідарнай - было няўтульнае ўсё. Кандовыя крэслы, сцены, абіўка якіх дыхала старызнай, людзі ў адзенні «на выхад», набытым яшчэ ў часы далёкае маладосці, і тое, што яны сабраліся слухаць, - напэўна ж, сотні разоў чутага імі Вівальдзі. Прынамсі, так гэта ўсё ўспрымаў Імбрык. Ён хадзіў на канцэрты часта, але гэта былі выступы ягоных сяброў ці гуртоў, якімі захапляліся ягоныя сябры. У такой вось рэтраграднай стылістыцы тэатра, які згубіўся ў невядомых часах, Імбрык апынуўся ці не ўпершыню.

Гралі «Сезоны». Пачалі з «Восені». Нешта такое Імбрык чуў яшчэ, калі дома была радыёкропка. І ён старанна падглядаў за дырэктарам, які напружана глядзеў на сцэну. Было такое адчуванне, што ўсе слухаюць, а пры тым чагосьці чакаюць. Сыгралі «Зіму», пасля «Вясну». Імбрык не паспеў заўважыць, у які момант дырэктар раптам расслабіўся тварам і цяпер пазіраў на сцэну спакойна, нават лагодна, хоць матыў чакання па- ранейшаму прысутнічаў на ягоным твары. Імбрык паспрабаваў таксама зрабіць лагодны твар. Але было позна.

Знешні акадэмізм самой залы, ансамбля і музыкі аказаўся падманлівым. Бо раптам тут пачалася такая кругаверць, што ўсіх быццам падкінула, падхапіла хваляю і панесла ў невядомым накірунку. А-а-а - закрычаў Імбрык. А-а-а - закрычаў Есіп... Хто ж ведаў, што іх адправяць проста ў космас. Але галоўнае чакала наперадзе. А наперадзе было - «Лета». Самы страшны ў сваёй неверагоднасці, немагчымасці, нерэальнасці твор. Як бы ўсё памірала, пагружалася ва ўсеагульную дэпрэсію, і раптам, як свежы вецер заляцеў, гэтыя скрыпкі. Дэпрэсія, канечне, таксама не адступае. Кожнаму сваё. І скрыпкі кажуць: не хочаш - не трэба. Тут зусім апускаеш галаву. І раптам нешта ажывае ў крыві. Інтанацыі яшчэ пахавальныя, але ты ўжо прадчуваеш, што неўзабаве настане новая рэальнасць. Ну яшчэ трошачкі. Паехалі. Першы Ніягарскі вадаспад. Ну, не спяшайся. Яшчэ крыху пасумуем. Зацягнем момант. Мы ж верым, што нас чакае штосьці абсалютнае. Пацярпі. Альты ззаду ўвесь час нагадваюць, што гэта толькі прэлюдыя. А, вось! Пагналі. Палілося! Кас-ка-ад! Так не бывае! Ні за што на свеце... Адно за адным! Усе святыя заспявалі! І - музыка, якая музыка, як усхваляванае дыханне! Каскадамі. Ну чаму мы не так жывем?..