- Вось ён, д’ябал, запрэжаны ў плуг, - узбуджана казаў Есіп, калі яны выйшлі з канцэрту, развіталіся з дырэктарам і Светай і скіраваліся ў адваротны шлях. - Вяршыне ўсяго і ўся.
- А па-мойму, той жа «Старлес», толькі ў профіль, - скептычна сказаў Імбрык. - І як гэта вы ў «Леце» не разгледзелі фрыкцыяў? Па-мойму, усё так відавочна.
«Глядзі ты, запомніў, пачуў, распазнаў.», - адзначыў сабе Есіп.
«Нейкі дохлы квартэт на сцэне, а сапраўды, вытвараюць нешта нерэальнае, - думаў Імбрык. - Ні табе року, ні рэпу, і напісана ўсё чорт ведае калі, але такая. Усё ж разумею гэта і я, і адчуваю. Не толькі пярэстаркі».
- А ўяўляеш, які табе пярэстарак Вівальдзі? - пасміхнуўся Есіп. - Відаць, справа ўсё ж не ў гэтым.
Яны зноў прабіраліся праз натоўп на Старамескай плошчы міма помніка Яну Гусу, пасля - праз натоўп на Вацлаўскай. У самым пачатку яе Есіп паказаў направа:
- Тут звычайна прастытуткі ловяць кліентаў. Раптам табе спатрэбіцца. Будзеш ведаць. Але дорага, халера. Яны самі высокага класу і «здаюць» сябе разам з даражэзным гатэлем. - І, не мяняючы інтанацыі, - Наста мае рацыю, найбольш эпітэт «вялікі» асацыюецца з кампазітарамі. Бах. Самы вялікі, так мяркуецца. Але мала хто ведае, што Баха на 100 гадоў пасля смерці папросту забылі. Словам, сам Бах так і не адчуў, што ён вялікі.
09. У палёце
- Чайкоўскі адназначна вялікі кампазітар, - сказаў Імбрык.
- Гэта школьны стэрэатып, - адмахнуўся Есіп. - Прычым расейскі. Дзеці вырастаюць і пасля даведваюцца, што ён быў ці не быў гомасэксуалістам, а гэта ў расейскім кантэксце значыць, што веліч яго патрэсканая і падазроная, што лепш пра яго не згадваць. Так там павялося спрадвеку. Дый у нас цяпер таксама. Калі нехта сказаў, што чалавек гей, людзі будуць асцерагацца называць яго вялікім артыстам. Аднойчы, я тады быў рэдактарам газеты ў Менску, і да нас на працу прыйшоў Славамір. Ён меўся як журналіст расследаваць самыя вострыя справы. І акурат адбылося забойства славутага тэатральнага артыста. Страшнае забойства, шаснаццаць нажавых. І было дзіўна, што вакол усяго гэтага стаяла поўная цішыня ў прэсе, толькі ў кулуарах шушукаліся - маўляў, гэта геі забілі свайго з рэўнасці. Ну а мне што? Гей ці не гей, а з культуры выпаў адзін з яе магутных рухавікоў. Дый па-чалавечы было шкада выдатнага артыста. Ну і скіраваў я карэспандэнта Славаміра з усім яго рашучым імпэтам на раскрыццё гэтай справы. Натуральна, ён пайшоў да следчага, а той яму сказаў тое, пра што шушукаліся ў кулуарах: не лезь ты ў гэта ва ўсё, гэта разборкі геяў, цёмная справа. Яна не першая такая, і мы яе спусцім на тармазах. Літаральна так і сказаў. І ўсё гэта карэспандэнт Славамір распавёў мне. Маўляў, расследаваць без сэнсу. Чуткі чуткамі, а да фактаў цябе ніхто не дапусціць, бо тыя, хто мусіць расследаваць факты, высвятляць абставіны, шукаць забойцу, самі гэтага рабіць не будуць. Гейскія разборкі. Чаму такая пазіцыя можа быць? Таму што яна цалкам падтрыманая ў грамадстве. І любы табе скажа тое самае: нечага туды лезці, гэта гейскія разборкі.
- Ну так, - пагадзіўся Імбрык. - Грамадства не даспела да таго, каб успрымаць геяў за роўных. Гэта рэальнасць, яе не пераскочыш. Дык і што вы адказалі карэспандэнту Славаміру?
Яны ішлі нейкімі бакавымі цёмнымі вуліцамі, дзе амаль не сустракалася людзей. Гэта ўвогуле характэрна для турыстычнай Прагі, калі зусім побач з шумнай людской ракой на асветленых пляцах хаваюцца зусім неасветленыя і бязлюдныя вулічкі і завулкі.
- Я адказаў яму тое, што скажу зараз табе, - уздыхнуў Есіп. - Натуральна, забойства славутага артыста прыцягвае ўсеагульную ўвагу. Як жа так?! Што здарылася?! Хто забойца?! Але грамадства дазваляе сабе жыць далей без адказаў на гэтыя пытанні. Яно дазваляе сабе здавольвацца няведаннем, цемраю, пустатой... Ты пакуль што не славуты артыст. Але ты таксама жывеш адзін. Ты ніколі не рабіў акцэнту на сваёй сэксуальнай арыентацыі. Не рабіў камінг-аўту, але і за жанчынамі не ўвіхаўся, не жартаваў на адпаведныя тэмы. Разумеет?
- Але я не гей, - запярэчыў Імбрык.
- Вельмі добра, - адказаў Есіп. - Асабліва ў Беларусі. Але заўтра цябе знаходзяць у тваёй кватэры забітым, шаснаццаць нажавых. Следчы сходу пазнае «почырк» і робіць выснову: гэта разборкі геяў. Справа спускаецца на тармазах. Грамадства прымае гэта як належнае, і нават карэспандэнт Славамір не шнырыць вакол, бо ты яшчэ не славуты артыст.
- Чакайце, але так жа можна забіць амаль кожнага, напрыклад, і канцы ў ваду?