- Гэта я і сказаў тады Славаміру, - Есіп пачаў патроху збочваць управа, вулічкі змяняліся, але нязменна вялі ўгару. - Сабака закапаны не там, дзе яго шукаюць. У нашай сітуацыі можна выходзіць на гей-прайды, якія разганяе міліцыя пад ухвальнымі позіркамі натоўпу. Але гэта нічога не мяняе, калі не сказаць - пагаршае. Забойства мусіць быць расследаванае не як забойства гея, а як забойства чалавека. На тое ёсць усе законы. І калі гэтага не робіць следчы, гэта мусіць рабіць журналіст. Ёсць незалежная прэса, ёсць таленавітыя карэспандэнты, ёсць рэспандэнты навокал, хай сабе і ананімныя. Усё, што трэба, дакапацца да ісціны, а не ўспрымаць трагедыю як шабаш ведзьмаў пад непераадольным містычным покрывам нейкіх «нам не зразумелых» істотаў. Д’ябла трэба запрэгчы ў плуг. У нашым выпадку журналіст павінен прымусіць закон працаваць. Толькі тады можна разбурыць гэтую аблуду пра інакшасць геяў. Перад законам нічым яны не інакшыя, такія ж грамадзяне, як і ўсе астатнія.
- Цікава, - Імбрыку хацелася збіць гэты жарсны маналог Есіпа, абвергнуць яго, выкрыць, паказаць, што ён не мае рацыі, нават хлусіць у сваіх прыгожых казуістычных канструкцыях. - А што рабіць тады з вашым сэксізмам?
- Я не ведаю, што гэта такое, - пасміхнуўся Есіп. - Сэксізм-фэмінізм для мяне мала што значаць. Гэта нейкае абвастрэнне ці што? Ёсць роўныя правы палоў, якія гарантуюцца законамі, калі б тыя працавалі. А ў астатнім, як па мне, дастаткова катэгарычнага імператыву: не рабі іншаму таго, чаго не хацеў бы каб рабілі табе. Ёсць асаблівасці фізіялогіі, але яны проста прымаюцца да ведама. Як і ў сітуацыі з геямі, рабіць з жанчын нейкіх «інакшых» людзей - гэта барбарства і злачынства. Няма ніякіх інакшых, апроч індывіда, які сапраўды кожны - інакшы.
«Ліберальна-касмапалітычныя абстракцыі», - вынес вердыкт Імбрык. Ён ужо не адчуваў ранейшага яраснага раздражнення на Есіпа, бо сілы і думкі канцэнтраваліся на ўчынку, да якога яны набліжаліся.
- Ці далёка нам яшчэ? - спытаўся Імбрык.
- Зусім блізка, - крыху запыхаўся Есіп. - Сцямнела, але ты ўсё адно зможаш пабачыць і ацаніць гэты дзівосны аб’ект - Нусельскі мост. Колькі ні хаджу па ім, ён не перастае заварожваць.
Гэты мост не праз раку, не праз чыгунку. Гэты мост праз неба. Пад ім, куды ні глянь, - разложыстыя паркі і цэлыя кварталы старых шматпавярховых дамоў, між якімі ходзяць трамваі. Але гэта ўсё так далёка ўнізе! Відовішча такое, нібы ты глядзіш з самалёта, які набірае вышыню. Адначасова і страшнавата, і прыцягальна, быццам выходзіш у іншую рэальнасць. Мост настолькі магутны, што ў ягоным нутры праходзіць метро. І ты нават не чуеш, як толькі што проста пад нагамі прагрымеў цягнік.
- Некалі я вырашыў заняцца бегам, - распавядаў Есіп, пакуль яны ўзбіраліся па Сакольскай вуліцы, - і бегаць вырашыў менавіта па гэтым мосце. Каб перамагчы свой страх. Але мост заўсёды перамагаў мяне. Страшна высокі, страшна доўгі і страшна магутны. Мабыць, усім гэтым страхоццем ён ад самай сваёй пабудовы і прыцягваў самагубцаў. Пражскі Нусельскі мост.
«Сёння прыйдзецца табе перамагчы мост», - думаў Імбрык. Нейкая панурая ярасць абуджалася ў ім.
- Ходзячы праз гэты мост, - працягваў расповед Есіп, - я часцяком рэканструяваў сабе ў галаве, як тое адбывалася з самагубцамі. Нейкая дзяўчынка пакідала дома запіску: «Мама, нішто больш не трымае мяне ў гэтым жыцці.». Мама вярталася з працы. Божа, які жах! Мама тэлефануе ў паліцыю - так і так, і паліцыя з мігалкамі ляціць да Нусельскага мосту. У паліцыянтаў таксама не слабы выкід адрэналіну. Вось яны выскокваюць з машыны, а Ленка ці Бажэнка ўжо стаіць з таго боку парэнчаў, уся светлая такая, і глядзіць у вочы свайму нябеснаму прынцу. І не паспяваюць яны тузануцца са сваім планам перахопу (дарма складалі, ці што), а яна ўжо ступіла наперад... Ляцець ёй доўга, бо надта высака. Можна шлягер Карэла Гота паслухаць за гэты час. Прынамсі, палову. Вось толькі ім, паліцыі, што рабіць, што казаць маме? І ляціць яна зусім бясшумна, бо ёй ужо хораша, яна нават усміхаецца анёльскай усмешкай. Як Карэл Гот. А праблема яшчэ і ў тым, што ўнізе парк, мамашы, куча дзетак неразумных трохгадовых на трохкалёсных роварыках, клапатлівая бабуля адводзіць унучка ад фантана. Так і бачу стоп-кадар. Усе замёрлі, і толькі яна ляціць, ляціць. Усе ў эйфарыі, і яна, і мамашы ў эйфарыі, і дзеткі, і бабулька. І раптам эйфарыя на эйфарыю плясь! Колькі тут было такіх сюжэтаў?
Думаю, шмат. Чаму мэрыя і паставіла замест парэнчаў гэтыя металёвыя заслоны-сеткі, загнутыя ўсярэдзіну. І Ленка з Бажэнкай перасталі рабіць глупствы, прынамсі ў гэтым месцы. Але назва засталася, і турысты абавязкова хочуць пабачыць «мост самагубцаў».