Выбрать главу

Узышоўшы на мост, Есіп углядаўся ў далёкія магутныя муры Вышаградскага замку. Ён успомніў, як Галя Навумчык, калі стала дыпламаваным гідам і павяла калегаў на экскурсію ў Вышаград, распавядала пра лазню княгіні Лібушы. Есіп заўважыў, што і Імбрык узіраецца ў тыя замкавыя сцены, і сказаў:

- Табе трэба схадзіць туды. Не цяпер, калі-небудзь. Там могілкі, на якіх пахаваныя ўсе вялікія чэхі. У адным месцы. Там іх пантэон. І там таксама ёсць руіны лазні, дзе мылася першая чэшская княгіня Лібуша. Лазня стаяла на высокай гары па-над Влтавай. І ў той лазні, натуральна, учыняліся оргіі, наганялі маладых «жарабцоў». Такая сабе порнаказка ў стылі нямецкіх фільмаў 1970-х гадоў. У лазні быў зроблены каменны жолаб, па якім «адпрацаваны матэрыял» скідаўся ў раку. І чаму чэхі заўсёды адно аднога выкідаюць з вышыні?

- Тут і праўда страшнавата, - сказаў Імбрык. - Мы быццам на хмары стаім. Як такое будуюць?

- А цябе чаго плюшчыць вышыня? У 12+ нічога не страшна, - пад’ялдыкнуў Есіп.

- Страх падганяе яшчэ больш. Вам трэба скочыць з гэтага мосту. Справа вырашаная. Але як гэта зрабіць? - ён замітусіўся, ад чаго Есіпу захацелася быць як найбольш няспешным:

- У ідэале мы павінны гэта рабіць задам-наперад, як у «Сінім караблі» Дубаўца. Тады адкрываецца трэцяе вока.

- А нашто нам трэцяе вока? Каб бачыць наперад? Я й так ведаю, што ў мяне наперадзе выдатная, бліскучая будучыня, а вы - дрэва, якое не прыносіць плода, толькі замінае... - пагаслым голасам прамовіў непрыемныя словы Імбрык.

- Давай папраўдзе, - уключыў Есіп у сабе педагога, які ў ім ніколі не начаваў. - Ты выдатны функцыянер, непераўзыдзены кар’ерыст, абалдзенны аферыст. Інакш бы мы, напэўна, не сустрэліся, бо ўсе любяць чытаць пра аферыстаў. Але журналіст і рэдактар ты ніякі. Прабач. Таму мы, як ні круці, усё ж розныя расліны. І няма чаго папаі раўняцца да маракуі меркамі пакаленняў.

- Добра, - бачна было, што Імбрык абмяк. - Але задуманае трэба завершыць.

- Вось тут цалкам згодны. Задуманае трэба заўсёды завяршаць. Нават калі цалкам не згодны са зместам, форму трэба давесці да канца. У гэтым, магчыма, мая рэдактарская драма.

- Ну скажыце ўжо - трагедыя.

- Не, не атрымаецца. Я ніяк не персанаж для трагедыі, - Есіп зноў паглядзеў на Вышаградскія муры. - Ведаеш, кім бы я хацеў стаць па жыцці? Сам доўга думаў пра гэта. І пасля 50-ці задаваў сабе гэтае пытанне, якое малым задаюць у пяць. Адказ знайшоўся зусім нядаўна. Я хацеў бы стаць паспяховым порнаакторам. Напрыклад, у фільме пра княгіню Лібушу. Зрэшты, быць непаспяховым у мяне б не атрымалася. Натуральна, і радзіме мог бы дапамагчы.

- А што вас спыняе, там, наколькі ведаю, узросты не маюць значэння, ідзі ў сваю катэгорыю. Бліжэй да жанчын і могілак, - абыякава сказаў Імбрык.

- Бяда ў тым, што я ўжо на сваім месцы, - Есіп зірнуў на Вышаград, як апошні раз, павярнуўся да Імбрыка і сказаў. - Ты і праўда харошы вернік. Але глядзі. Устаўшы табе нават на плечы, чаго пасля піва я не зраблю адназначна, я сам не ўскараскаюся на гэты антысамагубчы брыль. І лесвіцы ў нас няма. Давай мысліць рацыянальна. Я табе дапамагу на яго залезці і тады ўжо ты падцягнеш мяне.

- Ну давайце так, - у Імбрыка неяк зусім не было настрою.

Ён абшчаперыў Есіпа і што было моцы падцягнуўся да брыля, закінуў нагу і сяк-так быў ужо там, выцягнуў рукі ўніз. Есіп з усяе моцы ўхапіўся за іх і з дапамогай Імбрыка ўскараскаўся туды сама. Але трымацца дваім там не было як і за што. І дзве постаці сучаснага беларускага адраджэння адразу саслізнулі ўніз.

- Прага - гэта масты і палёт. Горад, дзе вечна кагосьці выкідаюць з вакна, - крычаў на ляту Есіп. - У чэхаў нават тэрмін гэтаму ёсць - дэфенестрацыя.

- І тады выкінутыя становяцца зоркамі? У сэнсе, яны становяцца вялікімі? - крычаў у адказ Імбрык.

- Неабавязкова, але ў нашым з табой выпадку можаш лічыць, што стаў вялікім!

- Кім? - не дачуў Імбрык.

Яны павольна ляцелі ў гэтым бясконцым зніжэнні, хацелася нагаварыцца. Унізе зусім сцямнела, грымелі трамваі, мамашы акрыквалі сваіх дзетак і чамусьці думалася, што тут любіў перад смерцю шпацыраваць Васіль Быкаў.

- Не, - крыкнуў Есіп. - Быкаў любіў хадзіць у Гаўлічкавы сады. Гэта не тут, але гэта тая самая лінія. Там прыўкрасныя вінаграднікі, асабліва зімой.

- Вы, як Навумчык пра Быкава, спяшаецеся зафіксаваць праўду фак­та, - крычаў Імбрык.

- І гэта правільна. Адно што Навумчык не скокне з Нусельскага мос­та, - адказваў Есіп.

- Ну й дарэмна, яму як архівісту трэба размінацца ад сядзячае працы.

- У яго для гэтага ёсць сабачка Шэйла, яна як глазурыраваны сырок, і яе абавязкова трэба выводзіць на прагулку, таму Навумчыку ёсць з кім размінацца.