Выбрать главу

Калі Імбрык ачомаўся і падняўся над целам Есіпа, ён адчуваў задавальненне ад таго, што задуманае здзейснілася. Праўда, пры гэтым чамусьці хацелася плакаць. Проста рыдаць ад непапраўнасці. Хоць была ў гэтым і хаатычная радасць - свет стаў інакшым з ягонае, Імбрыкавае волі. Гэта так моцна спакушае. «Хай будзе воля твая». Ён не мог зразумець, ці ягоны плач ад гэтае вялікае перамены, ці ад таго, як на спектаклі Купалаўскага, калі ён плакаў ад таго, што акторы выходзілі на біс. І плакалі ўсе.

Нерухомы Есіп глядзеў у неба. Дакладна, як тады, раніцай, на тэрасе Радыё ён глядзеў у разумны акіян Альшанаў. Толькі цяпер ён сказаў не пра жанчын і могілкі. Ён сказаў: «Парожнія рэкорды бываюць толькі ў кнізе рэкордаў Гінэса, - і пасля паўзы дадаў: - Мы ляжым, а на небе няма зорак, Імбрык».

«Здаецца, ён сціх», - падумаў Імбрык. Прыслухаўся. І пачуў, ці мо падалося, як рытмічна нарастаюць нейкія надта знаёмыя гукі. Дзе ж ён гэта чуў? Гэтыя, блін, фрыкцыі? Гэта Вівальдзі ці Крымсаны ці, можа быць, нешта іншае? Ясна было, што гэта яно, але што? Каторае? Яно ўжо не дасягала апагею, каскадаў з вадаспадамі. І тут Імбрык усё зразумеў. Яно ўжо і не дасягне, бо аддаляецца, адыходзіць, сціхае. Разам з гэтым Есіпам яно ўсё адыходзіць, робіцца не гучней, а наадварот - цішэй, цішэй, цішэй. І было так моцна, як ніколі ў жыцці, шкада, што яно знікае, што наступае ноч, са скрыгатаннем пражскіх трамваяў, але і нават гэтае скрыгатанне, якое хай бы нарастала, яно незваротна аддаляецца, заціхае. Нішто не хацела нарастаць.

Стала зусім ціха. Тут ніколі не бывае ціха, тут круглыя суткі ўсё грыміць, скрыгоча, енчыць на ўвесь свет. А зараз нібы туманам заклала вушы. Гэта канец?

Рэаліст Імбрык адчуваў, што пасля апошняга палёту... пасля апошняга палёту... пасля апошняга па-лё-ту... пасля апо-шняга... «Гэта канец» - прашаптаў ён.

Фі-ні-шшш...

- Божа, як банальна, - Есіп устаў з зямлі, рэзкім рухам абтрос калашыны. - Што б вы 12+ рабілі без нас, пярэстаркаў? Ну нічога не могуць зрабіць. Я як рэдактар раз’ятраны. Якая бездапаможнасць! Якія загалоўкі! Абракадабра. Ну вазьмі, чуеш, сам скажы сабе, пра што ты пішаш. Проста сфармулюй. Пра што? Не пішы, толькі падумай, пра што ты хочаш напісаць. Скажы мне яснай думкай. Гэта і будзе за-га-ло-вак. І ўсё! Далей проста не замінай, увесь матэрыял сам складзецца ў цябе ў прыгажосць.

- Гэта містыфікацыя. - прашаптаў Імбрык.

- Да-а-а! - крыкнуў Есіп па-руску. - Гэта пласты атмасферы, і трэба хоць трохі ўмець у іх рухацца. - І спакайней дадаў: - Я ж не сказаў стоп-машына і што хачу памерці, праўда? І што ты хочаш памерці, не сказаў. А мог!

Заварожаны Імбрык думаў з хуткасцю касавага апарата:

- І што, у нас цяпер куча грошай?

- У нас няма матэрыяльных праблем.

- І беларускі народ вернецца да мовы?

- Нідзе не дзенецца. Пабоўтаецца яшчэ трохі, але іншага выйсця ў яго няма.

- Здорава! - сказаў Імбрык. - А чаму вы такі злы, не радуецеся?

Есіп паглядзеў на яго вострым вокам, адвярнуўся, закурыў і сказаў:

- Ведаеш, тое, што ўсё добра, я ведаў і раней. Усё ішло паводле плану. Найлепшым чынам для мяне, для цябе, для ўсіх. Я ў гэтым ніколькі не сумняваўся і мы ўсе рабілі сваю работу. Але тут раптам усё збілася. Аказалася, што Пракоп на рэстаўрацыі. Гэта значыць, што д’ябал не запрэжаны ў плуг, д’ябал гуляе недзе сам па сабе без ашыйніка. Пакуль ты там бавіўся з Настай, я тэлефанаваў Абламейку. Ён сказаў, што арыгінальны Пракоп цяпер знаходзіцца ў нейкім спецыяльным сховішчы скульптур. І што ён больш ніколі не вернецца на сваё месца, на Карлаў мост. Ні-ко-лі!

Эмоцыі перапоўнілі Імбрыка. Гэты палёт, гэты Есіп зноў і гэты Пракоп. І ён узарваўся:

- Што значыць «пакуль я бавіўся з Настай», гэта вы з ёй бавіліся, вы яе трахалі, пакуль я чытаў вашага гробанага Дубаўца. Што значыць увесь гэты, блін, Пракоп? Чаму я павінен пра гэта думаць? - ад стрэсу Імбрык заплакаў.

- Пракоп, - аддыхаўшыся, сказаў Есіп, - ці, дакладней, прапажа Пра­копа, калі табе гэта цікава, для мяне самы важны аргумент, што я сваю місію, наколькі мог, выканаў. Тут у Празе я больш ні на што паўплываць не змагу. Я ўвесь час думаў пра Пракопа. Ты, хрысціянін, мусіш ведаць словы Папы: кожны хрысціянін і ёсць Хрыстос. Дык я сам для сябе і быў Пракоп. Але больш Пракопа, якім яго бачыў Кафка на Карлавым мосце, няма. І не будзе ніколі. Я вяртаюся ў Беларусь.

«Вось табе маеш, - падумаў Імбрык, і нешта новае нараджалася ў яго ў душы, - ён вяртаецца, я застаюся». І цяжка было адразу сказаць, чаго ў гэтым болей - нейкай глыбокай таемнай радасці або злосці. Імбрык пачынаў разумець, што злосці няма. Няма больш ні раздражнення, ні ярасці, ні рашучасці знішчыць Есіпа. Апошнія яскі гэтых пачуццяў згасалі перад наступам той самай асцярожнай, але вельмі глыбокай радасці жыцця.