«Эпічна, нічога не скажаш, - думаў ён тым часам. - Але і дзіўна чуць пра ўсё гэта. Нейкія няправільныя словы гаворацца тым знакамітым тэмбрам, які з дзяцінства праз радыё заўсёды казаў толькі тое, што трэба, што ад яго чакалі, за што яго любілі і нават багомілі Імбрыкавы бацькі. - А тут... жанчыны і могілкі... І пра прэзідэнтаў БНР - неяк негрунтоўна, мімаходзь, амаль непаважліва - “цэлых два”, яшчэ й з агаворкай - “праўда, на эміграцыі”».
Змейка дыму ад Есіпавай цыгарэты паляцела за далягляд. Міма спешна, прайшоў дырэктар іхняе службы, кінуўшы на хаду: «Энджёй, джэнтльмены». Гучна засмяялася арабская кампанія за дальнім сталом.
Есіп заўсёды маляваўся Імбрыку чалавекам-легендай. Тут складаліся ў адно і агульная любоў да Амерыкі, і тое, што радыё гаварыла па-беларуску. Гэта быў вобраз інтэлектуала, рамантыка, беларускага адраджэнца, а пры тым змагара з дыктатурай. І калі маладому журналісту выпала прапанова прыехаць у Прагу, калі дырэктар знаёміў яго з Есіпам, аддаючы таму пад апеку, у Імбрыка было адчуванне, што ён цісне руку герою. А тут. нейкія жанчыны і могілкі.
- Могілкі й ёсць разумны акіян, пасярод якога стаіць наша касмічная станцыя, - працягваў Есіп. - Калі хопіць фантазіі, ты не аднойчы ўхопіш тут вобразы тваіх нязбытных мрояў. А яшчэ тут да цябе будуць прыходзіць тыя, пра каго ты не расказваеш нікому, але хто не дае спакою твайму сумленню. Усё як у Лема, нічога больш.
«Блін!»
Бацькі гадавалі Імбрыка сапраўдным патрыётам Беларусі. Дома гаварылі толькі па-беларуску, як і ўсё атачэнне іхніх сяброў, а значыць, і іхніх дзяцей. Патрыётам Імбрык і вырас. Спачатку крыху муляла імя і школьныя дражнілкі, але пасля ён стаў ганарыцца тым, што ён не Вася і не Пеця, а менавіта Імбрык. Бо важная не форма імені, яна ўсяго толькі форма, а змест, напаўненне.
Далёкія сваякі не прынялі імя Імбрык і называлі яго Андрушам.
У маленстве яны пыталіся ў яго: «Андруша, кім ты хочаш стаць?» - «Вялікім», - адказваў чатырохгадовы Імбрык. - «Кім вялікім?»
Кім вялікім, не мела значэння, бо гэта быў выбар жыцця, а не прафесіі. «Проста вялікім», - адказваў ён.
Пасля, калі Імбрык вырас і пачаў моцна перажываць за родную краіну, ён думаў ужо не толькі пра сябе, а пра тое, што Беларусі патрэбныя вялікія людзі, сапраўдныя зоркі, прычым каб такімі іх прызнавалі не толькі ў Беларуси а ва ўсім свеце. І з’явіцца яны мусілі не ў гісторыі, а сярод жывых.
Імбрык схамянуўся, калі пабачыў, што Есіп глядзіць яму проста ў вочы, і зразумеў, што ён чытае ягоныя думкі.
- Тут гульня словаў, - сказаў Есіп. - Памятаеш, Караткевіч мусіў удакладняць: «Вялікі не ў сэнсе “великий”, а ў сэнсе “большой”». І ўся рэч у тым, што меў на ўвазе твой маленькі Андруша: ці ён хоча стаць «большим», значыць, дарослым, высокім, разумным, ці ўсё ж такі «великим».
- На жаль, вызначэнне мовы таго даўняга дыялогу - беларуская ці расейская - тут не дапаможа. Гэта была звычайная трасянка, - уздыхнуў Імбрык.
Ужо стаўшы дарослым, у роздумах сам сабе ён не мог даць рады. Вялікі хтосьці (касманаўт, пісьменнік, архітэктар) на ягоную мару выглядаў драбнавата. Яму хацелася быць проста вялікім. Як Вітаўт. Вялікі Імбрык. Але ён не наважваўся нікому раскрыць гэтую таямніцу.
- Расейцам проста, - працягваў Есіп, - «великий», значыць, велічны, геніяльны, значны. Праўда, гэта максімальная адзнака, і калі, скажам, пісьменнік ці твор не дацягвае да максімуму, кажуць: «большой писатель», «крупное произведение». Першы ў нас усё адно будзе «вялікім», а са словам «буйны» ўвогуле праблема, бо можна выпадкова паставіць націск не туды, куды трэба, і атрымаецца шалёны.
«Гэта ён так жартуе...» - падтрымліваў Імбрык у сабе агеньчык чагосьці, што магло ці мусіла вырасці ў адмоўнае стаўленне да старэйшага калегі. Мусіла ці не мусіла, - пакуль было незразумела.
- Проста вялікімі бываюць багі і тыя, каго багомяць, - разважаў Есіп. - Што да Вітаўта, дык ён не проста вялікі, а вялікі князь, хоць мы і можам глытаць апошняе слова, цешачы свой гіпертрафаваны патрыятызм. Проста вялікі, напрыклад, Сталін, якога такім прызнае большасць расейцаў. Але ён жа і вялікі забойца, нянавісць да якога нічым не меншая, чым любоў да вялікага пераможцы. Для адных бог, для другіх д’ябал. Перастане быць богам, перастане быць вялікім. Як здарылася з Гітлерам. Проста д’ябла ніхто не назаве проста вялікім.
«Гіпертрафаваны патрыятызм», - вылавіў Імбрык з Есіпавых развагаў. Пачынала намацвацца пэўная база для голай напачатку, нічым асабліва не падмацаванай няпрыязі да мэтра. Лёгкі цень гэтай няпрыязі, адразу нават не зразумела было, чаго гэта цень, толькі цень, цяпер набываў цьмяныя абрысы.