Выбрать главу

Есіп закурыў чарговую цыгарэту. Помнікі працягвалі вынырваць у лістоце кладоў. Міма ізноў спешна прайшоў дырэктар іхняе службы: «Прасякайцеся, джэнтльмены». Наблізіўся і павітаўся з імі калега з татарскай службы. «Я навучу цябе курыць у самалёце, - смеючыся, сказаў ён Есіпу.

- Зачыняешся ў туалеце, робіш спуск і адначасова зацяжку над унітазам. Ш-ш-шух! - выдыхаеш проста ў гарлавіну і вакуум уцягвае ўвесь дым. І так кожны раз: спуск - зацяжка, спуск - зацяжка...»

- Ягоны дом у Сыктыўкары, доўга ляцець, - сказаў Есіп, калі татарын перайшоў да іншай кампаніі.

Імбрык ненавідзеў імя «Андруша». Асабліва пасля таго, як у Іменніку Дубаўца прачытаў наступнае:

«АНДРЭЙ - чалавек лёгкі. Ён лёгка працуе з паперамі, лёгка піша. вершы, лёгка кіруе фірмай і дачыняецца з партнёрамі. Ён лёгка выбудоўвае сваю лінію паводзінаў, якая часта аказваецца даволі заблытанай, і тады разабрацца ў ёй Андрэю цяжка».

Ні за што на свеце Імбрыку не хацелася з гэтым пагаджацца, бо з такой характарыстыкай стаць вялікім было немагчыма. Хіба што вялікім акторам, лёсам якога будуць апекавацца вялікія рэжысёры. Зрэшты, і не ягонае гэта імя - Андруша.

- А табе якія жанчыны больш падабаюцца? - Есіп тым часам павярнуўся тварам да тэрасы і аглядаў яе. - Натуральна, пасля беларусак. Ты яшчэ не вырашыў? - Ён мімалётна зіркаў у бок дзвюх маладых жанчын, якія за столікам млявымі рухамі даядалі свае пірожныя з кавай. - Тады запомні, самыя прыгожыя на свеце жанчыны - косаўскія албанкі. Прычым цёмную завуць Албана, гэта значыць, белая, а светлую - Гардана. Па ідэі, павінна значыць - чорная. Але не так важнае імя, важны змест, напаўненне.

«Угу».

Есіп нібы падглядаў за рэакцыяй Імбрыка, а той адчуў сябе канчаткова разгубленым. На тле разгубленасці ягоны ўнутраны пратэст нарастаў. Як бы разгаралася тое «нешта», тая аблачына няпрыязі налівалася свінцовым колерам. Дзякуючы Есіпу, карціна свету мянялася са звыклай і прадказальнай на нейкую абсурдысцкую і як бы не зусім «нашу». Дакладней, зусім не нашу. Косаўскія албанкі паставілі Імбрыка ў тупік. Але й гэта быў не канец.

- Я бачыў гэтых дам на нудысцкім пляжы, - распавядаў Есіп. - Людзей з Радыё часам можна сустрэць на Льготцы. Гэта такое лясное возера, кіламетраў сорак ад Прагі. Мне яно не моцна падабаецца. Часам дырэктар бярэ мяне з сабою за кампанію паплаваць. Я далёка не заплываю, а ён як пайшоў, так і пайшоў, на гадзіну і болей. Мне шмат не трэба, швэндаюся сабе, куру, разглядаюся, пакуль ён не вернецца. Нуднавата, адным словам. Дый які з мяне нудыст... А яны нічога сабе.

«Чаму я павінен пра гэта слухаць і ведаць? - з усіх сілаў стараўся Імбрык не паказваць знешне свайго абурэння. - І хіба павінен казаць такія рэчы змагар, асветнік, хрысціянін урэшце? Хіба для таго, каб высветліць, ці свой чалавек жанчына, яе трэба абавязкова пабачыць голай?»

Імбрык думаў пра Насту, з якой яны разам сканчалі падпольны ліцэй у Менску і якая цяпер працягвала вучобу ў пражскім Карлавым універсітэце. Наста была яму сяброўкай, яны маглі гадзінамі гаварыць пра ўсё на свеце і не надакучвалі адно аднаму. Але каб хоць уявіць яе голай - такога Імбрыку ў галаву не прыходзіла. Якая розніца, што ў яе якое, галоўнае, што яна свая.

Яны адкрыта хадзілі з Настаю за руку, але гэтаксама адкрыта паказвалі, што паміж імі яшчэ нічога не было. Нават без «яшчэ», проста нічога. Як нічога такога не было і ў Імбрыкавых планах. Занадта вялікае жыццё адкрывалася перад ім наперадзе, занадта шмат трэба было зрабіць, каб пра такое думаць. Навокал так шмат гаварылі пра гендэрную роўнасць, пра ўціск гомасэксуалістаў, пра аднаполыя шлюбы, і Імбрык у гэтых тэмах трымаўся празаходняй лініі. Якім чынам гэта ўсё адгукаецца ў душы, ён яшчэ не ведаў. Гэта яшчэ трэба будзе некалі перажыць, адчуць, адшукаць у сабе. Але яўна не цяпер.

«Распуста канчаткова загубіць нашу справу, - думаў Імбрык, пры тым стараючыся не сустракацца вачыма з Есіпам. - Так ужо здарылася з дзядзькам Глёбусам, які піша пра сэкс і пры тым ходзіць на мітынгі пратэсту. Ну што гэта такое? Гэта ж на шкоду дэмакратычнаму руху, бо дыскрэдытуе... Шматлікія захопленыя чытачы Глёбуса яўна ж не за беларускую справу яго цэняць. А за эротыку. Яны прыйшлі на мітынг, пабачылі там мэтра, ага, трэба пачытаць “Толькі не гавары маёй маме”, чытаюць і трапляюць у зусім іншую сферу захапленняў. Нашто ім цяпер тыя мітынгі... “Жыве Беларусь!” Калі ў галаве круціцца “У мяне бліжэй да заду”. І можа стацца, што і Есіп, які выдае сябе за беларускага адраджэнца і змагара з рэжымам, насамрэч шкодны тыпус. Хоць, безумоўна, і адраджэнец».

Неяк вельмі блізка да сэрца круціліся думкі Імбрыка. Неяк надта асабіста ён успрымаў усё гэта, быццам толькі ад яго залежаў поспех нацыянальнага адраджэння. І трэба было хутчэй нешта вырашаць, каб не заблытацца канчаткова. Першая думка: пазбягаць Есіпа. Але як на тое паглядзяць дырэктар і іншыя ў рэдакцыі? Выпадковая думка пра тое, што а можа і яны такія самыя, была адразу адкінутая як выпадковая. Трэба, наадварот, выконваць усё, як задумаў дырэктар, быць побач з прызначаным апекуном, каб усё ж дакапацца да сутнасці і, калі ўсё акажацца настолькі непапраўным, абраць зручны момант і... можа быць нават... абясшкодзіць.