Імбрык вырашыў падыгрываць Есіпу і старацца, наколькі магчыма, захоўваць той самы прыязны тон, каб да апошняга моманту не выдаць сваіх сапраўдных адносінаў. Гэта сур’ёзны крок, таму ў гэтым месцы аўтар перадае асадку самому Імбрыку:
«Не трэба думаць, што Імбрык быў кончаным тупаком ці занадта наіўным маладзёнам. Ён перфектна ведаў некалькі моваў, добра разбіраўся ў кампутарах і сацыяльных сетках, быў надзвычай камунікатыўным і сяброўскім, асабліва з начальствам. Старэйшыя маглі ў савецкіх традыцыях лічыць яго кар’ерыстам, ці авантурыстам, ці нават аферыстам, але знакі часу памяняліся і сёння без гэтага проста не станеш ні вялікім, ні ўплывовым у справе таго ж нацыянальнага адраджэння і барацьбы з дыктатурай. Імбрыка нямала раздражняла, што навокал у рэдакцыі спрэс былі людзі, старэйшыя за 50 гадоў, хоць ён усім сэрцам паважаў іх яшчэ з самага маленства. Ён разумеў, што яны стаміліся рабіць нацыянальную справу гэтак паспяхова, як яны яе рабілі раней, таму ставіць трэба на маладых, такіх, як Імбрык, якія змогуць нешта данесці да аўдыторыі 18-ці, не, нават 12-цігадовых, чаго пярэстаркі, натуральна, зрабіць не змогуць».
Добра напісаў, дзякуй!
Зашамацелі кароны над Альшанскімі кладамі, прычым магло падацца, што гэта перамаўляюцца помнікі. Міма хуткай хадою прайшоў іхні дырэктар: «Джэнтльмены, пара абедаць. Збіраемся ўнізе». Выйшлі на тэрасу людзі з рускай рэдакцыі разам з амерыканскім начальствам - курыць.
- Аднойчы ў нас праходзіў стаж адзін малады журналіст з Менску, звалі яго Франак, Францішак, - распавядаў Есіп. - Добры хлопец, шустры. Але вось у нататцы пра нейкую паездку кудысьці Лукашэнкі ён назваў яго мімаходзь «немаладым прэзідэнтам». Мы, вядома, усе не любім Лукашэнку, але ўзрост ніякім чынам не тычыўся самой паездкі і сутнаснага боку інфармацыі. І слова «немалады» выглядала ў той нататцы нечаканым наездам з боку самога журналіста. Такі сабе падсрачнік без прычыны. Бо прызнаныя ў свеце прэзідэнты рэдка не бываюць немаладымі. Той жа Рэйган, побач з якім Лукашэнка якраз малады прэзідэнт. Гэта ўсе ведаюць і гэта ў кантэксце нашага часу. Таму наезд атрымаўся шпаноўскі, ён касаваў паважлівае стаўленне да самой інфармацыі. Ну, як калі б ён напісаў «вусаты» ці «таўстажопы». А што было сур’ёзна? Што журналіст парушыў правілы нашага Радыё і самой журналістыкі. Але й гэта не самае страшнае. Што журналіст выявіў свае комплексы - герантафобію. Зрэшты, бог і з гэтым. Самае істотнае трэцяе. Паводле шкалы ўсяго і ўся ёсць тры тлумачэнні ўсяго, што звязана з чалавекам: важнае, няважнае і не вельмі важнае. Апошняе самае падманлівае. Гэта я пра «немаладога прэзідэнта». Не вельмі важнае зрабіла няважным усё астатняе.
- Ну, гэта цяпер распаўсюджаны комплекс маладых казыраць сваёй маладосцю, - няшчыра падыграў Есіпу Імбрык. - А можа і заўжды так было. Вы лепш скажыце, дзе ўзяць вялікіх беларусаў?
Есіп ізноў угледзеўся ў затэрасную далеч і сказаў:
- Вялікія беларусы вырастуць з вялікіх справаў, якія, на першы погляд, не такія ўжо вялікія. Шмат залежыць ад надвор’я ў антрапасферы, у калектыўным несвядомым. Якая тэмпература, вільготнасць, які ціск, якія вятры, ападкі. І тады важнае ўчора робіцца неістотным сёння, і БНФ, які меў масавую падтрымку ў народзе, скукожваецца да невялічкай секты. Калектыўнае несвядомае стварае або не стварае вялікіх, яны зоркі на ягоным небе.
Есіп павярнуўся да дзвярэй, запрашаючы Імбрыка ісці з сабою, і яны скіраваліся ў нутро станцыі, праз шумны буфет прабраліся да ліфта.
- А хіба гэта не рэжым давёў да такога стану? - пытаўся Імбрык. - І Пазняк, які ўцёк за мяжу? І лідэры Фронту, якія пагразлі ў грантах і цяпер страцілі ўсякую падтрымку?
Яны ўвайшлі ў ліфт. Разам з імі ўвайшлі косаўскія албанкі, якія вялі сваю размову. Усе суцішылі галасы.
- Не, - сказаў Есіп, які глядзеў не на Імбрыка, а на жанчын. - Гэта аблуда мінулых эпох - што нейкі лідэр ці нейкая ўлада можа паўплываць на калектыўнае несвядомае. Адсюль, дарэчы, марнасць усіх палітычных прагнозаў, якія заўсёды варажба - патрапіш ці не патрапіш. І немагчымасць адназначна растлумачыць, чаму адбылася якая-небудзь рэвалюцыя. Усе тлумачэнні гісторыі заўсёды супярэчаць адно другому. Версіяў шмат, але гэта таксама версіі варажбы. На гэтым трымаецца наша аналітыка - як ты расставіш факты, то так, то гэтак. Тое самае ўсялякія «буджэнні народнага духу» - абудзіць можна, толькі ніколі невядома, да чаго гэта прывядзе. Трэба проста глядзець на надвор’е і яго ўлічваць - браць парасон, калі ідзе дождж і надзяваць чаравікі, каб не застудзіць ногі. Можна, вядома, разагнаць хмары ці выклікаць завею, калі ў цябе ёсць на тое рэсурс. Але гэта немагчыма рабіць пастаянна і, што галоўнае, з гэтага нічога не злепіш, ніякай палітыкі. Мы проста не ведаем прыроды гэтага ўсяго і бясконца наракаем на гідраметцэнтр, які зноў памыліўся з прагнозам.