- Дык што, нічога не трэба рабіць? - іранічна ўсміхнуўся Імбрык. - Сядзець і чакаць пагоды? А пратэсты? А шэсці, мітынгі? - яны выйшлі з ліфту і скіраваліся ў сталоўку.
Імбрык не пераставаў здзіўляцца, наколькі калідоры Радыё сапраўды нагадваюць станцыю, згубленую недзе ў космасе ці ў кнігах касмічных фантастаў, чытаць якія ён не любіў.
- Бачыш, якія яны нешматлікія, мітынгі і шэсці. Значыць, яны сёння не важныя. Дакладней, не вельмі важныя. У часы бяззорнасці лідэры нацыі ператвараюцца або ў псіхапатаў, або ў бажаволкаў. На жаль. Першага мы ўжо маем шмат гадоў і другіх багата. Помніш юродзівага ў «Барысе Гадунове»? «Месяц едет, котенок плачет.». Хто там у нас з лідэраў забіў у дзяцінстве кацяня? Не помніш?
- Мяне тады яшчэ не было. Я пазней з’явіўся.
- Зрэшты, той прызнаўся публічна, - заўважыў Есіп і працягваў. - Трэба рыхтавацца да кожнага надвор’я. Чым мы і займаемся па жыцці ў асяродку сваёй сям’і, свайго дому, тое ж трэба рабіць у грамадстве. Адзінае, што спрацоўвае ў пазітыўны бок - гэта пашырэнне тэрыторыі свабоды ў антрапасферы. Не канструкцыі, структуры і ўсякія членствы, а пэўныя мікрасферы свабоды ў агульным моры, якое працягвае жыць у псіхалогіі рабства. Такое заўсёды спрацоўвае. Рана ці позна. Пачытай сёння ў нас на сайце. Адкрылі тайм-кафэ ў Асіповічах. У Асіповічах! Там, дзе людзі дагэтуль мысляць катэгорыямі самых нізкіх стандартаў жыцця і калгаснага прыгону. Яны і блізка не могуць уявіць сабе, што такое можа быць. Тайм-кафэ! Кавярня, дзе не п’юць-жаруць і равуць караоке, а толькі папіваюць каву ў лёгкім стыльным інтэр’еры і нягучна перагаворваюцца пра ўсё на свеце. Адзін зазірнуў, спалохаўся і ўцёк, другі раз прыйшоў з сябрам, пасядзелі, спадабалася, з’явіліся заўсёднікі. Стыль абавязвае да адпаведных манераў і таго, як ты апрануты. Такая сабе малюпасенькая несавецкая і чалавечная кропка свабоды пасярод татальнага мора ўсё яшчэ саўка. Вакол мат-перамат, п’янь, карупцыя, гыр-гыр. А тут кропачка, дзе ўсяго гэтага быць не можа. І ў яе з’яўляецца аўра. Яна ператвараецца ў самотную зорку пасярод суцэльнага сутоння. А дзе адна зорка, там і дзве, і тры... І аўра іх распаўзаецца, патроху адбіраючы месца ў сутоння. Спачатку здзіўляліся: што такое ў нас можа быць? Не можа, натуральна, але ёсць. Пасля сталі прывыкаць, што такое ў нас ёсць. Ёсць, але яно пакуль нікому не важнае. А тут бац, змянілася надвор’е ў антрапасферы. І няважнае стала важным. Свабода, якая сёння «ды каму яна патрэбная, твая свабода», раптам стала патрэбная ўсім. Тое самае з беларушчынай. Спачатку з’яўляецца мода на вышыванкі. Яна не самая важная, але яна ёсць. І калі змяняецца надвор’е, беларушчына раптам становіцца важнай для ўсіх.
02. У сталоўцы
На Радыё Салярыс гаварылі заўсёды й паўсюль, не толькі ў мікрафон. Гаварылі многа, маштабна, заўзята, пераважна пра палітыку, але і пра ўсё на свеце таксама. Гаварылі на тэрасе, ідучы, на працоўным месцы і, само сабой, у сталоўцы. А паколькі новых уражанняў на касмічнай станцыі бывае няшмат, часта гаварылі пра тое, пра што ўжо было гаворана, і так, як было гаворана. Лагічныя довады, ракурсы, показкі прамаўляліся, забываліся і прамаўляліся зноў, прычым калі мінулы раз суразмоўца А. нешта даводзіў суразмоўцу Б., дык у новай сітуацыі тымі самымі аргументамі суразмоўца Б. тое самае даводзіў суразмоўцу А. І гэта было натуральна, як самое жыццё, у якім усё цыклічнае, усё паўтараецца і, па вялікім рахунку, ад гэтага не становіцца больш зразумелым.
Вялізную ў белых танах сталоўку на першым паверсе Радыё Салярыс называлі рэстаранам. Ці таму, што гэта была пражская традыцыя - падвышаць статус харчовае ўстановы, ці таму, што тут працавалі афіцыянткі. Дзве дзяўчыны і цяпер мітусіліся між сталамі, беручы замовы і разносячы стравы кліентам. Хоць, па вялікім рахунку, у гэтым не было патрэбы - кожную страву наведнік мог накласці або наліць сабе і сам.