Шэф-поварам у сталоўцы быў афганец і для карэнных насельнікаў тутэйшых шыротаў гатаваў нясмачна. Чорная ялавічына, незразумелыя спецыі, якімі так лёгка было сапсаваць кураціну, усялякія задубянелыя гарохі... Аднойчы расейская служба запатрабавала іншага рэстаратара. Аднак, заявіла дырэкцыя, трэба выбіраць паміж смачнай кухняй і танным меню. Іранцы, а іх было больш за ўсіх, прагаласавалі за таннасць, пагатоў і кухня ім смакавала.
- Мы тут жывем толькі ўспамінамі, - сказаў Навумчык. Людзі з беларускай службы Радыё ўжо сабраліся за адным сталом. Праўда, дырэктара не было. Тым часам Навумчык працягваў: - Моладзь катэгарычная да нас, «дыназаўраў». У прынцыпе, гэта правільна, мы самі такія былі. Вось я толькі прачытаў у фэйсбуку: «І які плён вашых масавых акцый?» Гэта пра 1990-я гады. А плён такі: незалежнасць краіны, па-першае. Па-другое, калі на шэсце выйшла 50 тысяч, мы сарвалі аншлюс! Ельцыну не патрэбная была другая Чачня, а Захад пабачыў, што далёка не ўсе беларусы згодныя аб’яднацца з Рашай. У 1999 годзе я спыніў членства ў Сойме БНФ і да наступных акцыяў не меў ніякага дачынення, таму пра іх памаўчу.
Імбрыка, які апынуўся ў асяродку зорак свайго маленства, не пакідала вострае адчуванне, што з яго пакепліваюць. Ды так тонка, ветліва і крыху іранічна, што ён перажываў ад гэтага эйфарыю нефармальнага дачынення з сапраўднымі акторамі. Усіх гэтых людзей ён імгненна пазнаваў па галасах, але гаварылі яны зусім не тое, што, як ён сабе ўяўляў, гэтымі галасамі мусіла прамаўляцца.
- Як мне нясмачна, - паўтараў Абламейка, кладучы ў рот чарговы кавалак валакністага чорнага мяса і жуючы з непадробнай крывой грымасай. Знакаміты сваёй пераборлівасцю, Абламейка быў схільны да крытыкі і абструкцыі непазбежных абставінаў.
Важная рыса аб’ядноўвала ўсіх гэтых людзей за сталом, - усе яны былі зоркамі першай велічыні ў розных сферах жыцця па-за Радыё. І калі б заўтра Салярыс закрылі, яны проста перасталі б быць журналістамі, а засталіся б: Навумчык - палітыкам, Абламейка - гісторыкам, а Шупа - перакладчыкам замежнай літаратуры, які ведае 80 моваў.
Навумчыка, як і Абламейку, і Шупу, а калі шчыра, дык і Есіпа, звалі Сяргеямі. Калісьці дырэктар беларускай службы Радыё Салярыс нават выказаў дапушчэнне, што Сяргей - самае беларускае імя. Маўляў, у вайну, калі немцы бралі ў аблогу беларускі партызанскі атрад, яны мусілі б крычаць: «Сяргей, здавайся!» Паводле той самай аналогіі, як усе немцы для нас з дзяцінства былі Фрыцамі, а ўсе расейцы Іванамі.
Усе Сяргеі нечым падобныя. У Іменніку Дубаўца гэтае падабенства тлумачыцца наступным чынам:
«СЯРГЕЙ - змагаецца з дэманамі ўнутры самога сябе. І апантаны, і экзарцысты ў адной асобе. Што зробіш, Сяргей больш за іншых адкрыты для спакусаў. Ён на кожным кроку спакушаецца, пры тым робіць гэта цалкам усвядомлена, але востра перажывае сваю грахоўнасць, у чым, уласна, і заключаецца ягоны “экзарцызм” (гэта ён сам так лічыць). Супярэчнасць закладзеная ў самім імені з дзвюх частак, якія па-сутнасці абазначаюць працэс і дзеянне, скіраваныя ў супрацьлеглыя бакі».
Не сказаць, каб усё тут моцна не падабалася Імбрыку, было весела, ён чуў шмат яму невядомага і карыснага, згадвалі начальства. Але ўсе гэтыя людзі былі зусім не такія, якімі ён іх завочна ведаў і рыхтаваўся тут пабачыць. І трэба было не настройваць сябе супраць іх за гэткую інакшасць, а думаць, як уліцца ў іхні калектыў.
«Такі лад жыцця робіць іх такімі, а не іншымі», - думаў ён. А лад жыцця яму падабаўся.
- Нічога, - ухвальна паглядзеў на яго крыху маладзейшы за астатніх Прыдуманы, быццам прачытаў ягоныя думкі. - Усё наладзіцца.
- Я 20 гадоў у эміграцыі, - казаў Навумчык, - гэта вымушаная эміграцыя, вы-му-ша-ная. Бо на радзіме мяне зараз жа арыштуюць ці, можа быць, нават заб’юць.
- Як мне нясмачна, - паўтарыў Абламейка.
«Але ж і сапраўды кумедзь, - думаў сабе Імбрык. - Дзіўнае пачуццё выклікае змагар, які асцерагаецца пераследу, арышту, смерці. Хіба ты не ведаў, куды і на што ідзеш, які абіраеш шлях? На вайне як на вайне. Можа, пра гэта проста не варта казаць - што цябе арыштуюць і заб’юць, а прыдумаць нейкую іншую “адмазку”? Напрыклад, што тут ад цябе сёння болей карысці, чым на радзіме, бо на радзіме сітуацыя яшчэ не даспела для твайго з’яўлення і ты даспельваеш яе адсюль? (Ён адчуў, што падбірае аргументы ўжо зусім не для Навумчыка, а для сябе самога.) Бо пра арышт і смерць гучыць для змагара не вельмі пераканаўча. Зрэшты, і эміграцыя - гэта ж таксама свайго роду подзвіг, па-свойму змагарны чын, бо напэўна ж не лёгка трываць дваццаць гадоў удалечыні ад Радзімы і пры гэтым захоўваць вернасць ёй... Выглядае, што гэта той выбар, які зрабіў і я».