Усе задумаліся, быццам і на гэты раз пачулі ягоныя развагі. Як так адбываецца? Можа быць, усе гэтыя людзі за столькі гадоў разам на гэтай закрытай касмічнай тэрыторыі навучыліся чытаць думкі адно аднога? Бо калі паўтараюцца словы, значыць, паўтараюцца і думкі. Думкі перастаюць быць таямніцай ад таго, што яны не прамоўленыя, бо і так усё зразумела, кожны адказ, кожная рэфлексія. Усё ж паўтараецца! І калі новы чалавек трапляе ў гэтае кола, дзе закрытасці думак як такой папросту няма і не можа быць, ён стаіць перад імі, нічым не абаронены, бо тут такой абароны не існуе.
Есіп нахіліўся да Імбрыка і прашаптаў яму на вуха:
- Зараз афіцыянтка прынясе табе замову. Чэшкі таксама бываюць прывабныя. Асабліва ўсмешлівыя. Я адкрыю табе іхнюю таямніцу. Паводле прафесіі яны цырульніцы, скончылі хабзу недзе ў правінцыі. А працаваць уладкаваліся сюды. І ў профілі ў фэйсбуку пішуць месца працы - амерыканскае Радыё Салярыс. Можна што заўгодна сабе падумаць, праўда? Уяўляеш, як сакурсніцы здзіўляюцца, падабайкаюць і зайздросцяць ім...
Імбрык замовіў сабе запечаную ў фользе курапатку, і цяпер ягоныя думкі пераключыліся на гэтае маленькае цельца на вялікай талерцы, якое невядома было як есці. Дакладней, вядома, і ён ува ўсю арудаваў пальцамі, але нешта моцна замінала яму і нічога не атрымлівалася. Ён такога ніколі не еў. Быццам як звычайная кура, але ў пяць разоў меншая, і ўсё ў яе такое маленькае, што. Імгненна прапаў апетыт. Імбрык выцер пальцы і зрабіў выгляд, што не спяшаецца са страваю, узяў у рукі гладкую шклянку халоднага таматнага соку.
- А так прасцей, у эміграцыі, - сказаў Есіп. - Наша жыццё шчаслівае, калі яно далёкае. Мы жывем тут, а ўсімі думкамі жывем там, на Радзіме, удалечыні. Гэта як далёкі гром, перастук колаў далёкага цягніка, праніклівае фартэпіяна за сцяной, брэх далёкага сабакі, святло далёкае зоркі... Тое, што моцна прыцягвае, кранае душу, натхняе... Калі мая дачка чытае ўголас Гарэцкага, мы разам пачынаем плакаць, бо ўсё робіцца невыносна блізкім. Блізкае цяжка перажываць. «Нічога не змянілася за сто гадоў для нас і нашых жаданняў», - кажа дачка. І гэта праўда. Далёкі Гарэцкі ўспрымаецца ледзьве не як шчасце. Як суперзорка, рэальна вялікі пісьменнік. Разумеет? - паглядзеў ён раптам на Імбрыка і казаў далей,
- а блізкі, калі пачынаеш яго чытаць, ён блізкі, як аглушальны грукат цягніка, быццам ён едзе вось тут, проста ў цябе па галаве, ці як блізкі зацяты брэх ваўкадава, што кідаецца на цябе і хоча расправіцца з табой. Блізкая зорка асляпляе і спапяляе. А жыццё ў эміграцыі - далёкае, калі не браць яго блізка да сэрца.
- Як мне нясмачна.
- Тут у Чэхіі, - працягваў Есіп, - я аднойчы апынуўся ў лесе. Мы заехалі кудысьці ў грыбы. За дарогай я не сачыў, бо без толку, усё адно не запомню. Заехалі і заехалі. Ведаеце, як страшна бывае, калі на цябе з брэхам кідаецца вялікі сабака. Рэальна страшна. А тут мы прыехалі, выйшлі з машыны, і якраз побач на самотнай сядзібе каля лесу забрахаў сабака. Міралюбна забрахаў, не злосна і не страшна, бо за плотам. Мы разышліся ў грыбы, страцілі адно аднога з віду. І пакуль я мітусліва бегаў ад баравічка да баравічка, а лес тут не такі, як у нас, а бураломны і бугрысты, ногі паломіш, раптам зразумеў, што я застаўся зусім адзін. У невядомай краіне, у невядома якім баку, у невядомым лесе. І не брэша сабака, мой адзіны арыенцір. Зрабілася вусцішна. Я паспрабаваў гукнуць сваіх таварышаў. Цішыня. Напэўна, зайшоў я невядома куды і занадта далёка. Моцна крычаць не выпадала. Па-першае, сорамна вось так даросламу дзядзьку згубіцца, па-другое, у чужым лесе адчуваеш сябе, як у чужым доме... Што рабіць? Сонца няма, бакі свету ніяк не зафіксаваныя. Тэлефон не ловіць сетку. Ну і дожджык яшчэ пайшоў да ўсяго. І хутка збіраецца цямнець. Літаральна куды б я ні рушыў, шанцаў патрапіць да машыны адзін з тысячы, усё астатняе - у нікуды. Таму я стаяў на месцы. І мяне ахапіла паніка. Я абрабіўся горш, чым калі б на мяне наскочыў сваімі зубішчамі той ваўкадаў. Ну, рэальна страшная невядомасць. Чэшская глухамань - я зразумеў, што і такое бывае. Дождж, холадна, а я нібы на самым краі прорвы, якой не відаць, каб у яе не ступіць...
Есіп зрабіў эфектную паўзу, каб усе перажылі гэты момант.
- Працягвалася тое не надта каб доўга. Хвілінаў дзесяць. Але мутарна так і невыносна, што проста лягай ды памры. І тут бац! - забрахаў той далёкі сабака. Гэта было выратаванне. Я кінуўся на брэх і даволі хутка выйшаў да машыны. Так я навучыўся цаніць далёкае.
- Лёгкія-лёгкія нашы далёкія, цяжкія-цяжкія блізкія нашыя, - спрабаваў упісацца ў гутарку Імбрык. Ён такі асіліў няшчасную курапатку, хоць непрыемны прысмак застаўся, прычым не ў роце, а дзесьці ў мазгах.