Выбрать главу

Пшчолка, працягвае Імшэньнік, «у нашаніўскую пару рашуча выступаў супроць нацыянальнага адраджэньня бела­рускага народу і праводзіў погляд на беларускую мову як на такую, на якой можна было казаць толькі нешта сьмешнае».

А. Шлюбскі прыводзіць некалькі цытатаў з артыкулаў Пшчолкі, надрукаваных у рускіх чарнасоценных выданьнях. Давайце і мы паслухаем шчыры голас «истинно русского человека» родам зь Віцебшчыны: «Кто говорит, пишет, рату­ет за целость русской земли, за крепость и величие русской власти, русского имени, кто открыто высказывает привязан­ность к родине, к родным полям, лугам, к русской песне, кто не пресмыкается перед врагами России, кто не требует для инородцев государства в государстве, того не постесняются назвать черносотенцем. Наоборот, кто ругает в России все русское, кому даже стыдно “за свое русское имя”, кто готов раздать веками добытые поля, луга “чужестранцу задарма, безденежно”, того называют “возродителем”, спасителем, ос­вободителем отечества, передовым человеком» (Пахарь. 1906. Нум. 8).

А вось як Пшчолка стагнаў у 1917 годзе, калі ў народаў «імперыі» зьявілася рэальная магчымасьць, кажучы словамі Янкі Купалы, «парваць аковы»: «Что же сталося с русским народом? Неужели же он целые века рос, крепился, расширяя без конца свои владения, собирал, устраивал Русь великую, объединял под своей “высокой рукой” множество инородцев, — неужели этот народ задумал погубить себя, стереть себя с лица земли? Где же ты, наша Русь смиренная, кроткая, долготерпеливая?» — пытаўся разгублены «Белорусс».

«Пшчолка зьяўляецца правакатарам, які добра ведае бе­ларускую мову, ведае яе распаўсюджанасьць — выступае пе­рад вышэйшымі органамі нашага саюзу і перад чарнасоценным грамадзянствам, не спачуваючым беларусізацыі — з запэўненьнем таго, што ніякай беларускай мовы няма», — робіць суровы прысуд Хв. Імшэньнік.

Давайце задумаемся: ці ёсьць логіка ў паводзінах Пшчолкі? Быць узгадаваным гэтаю зямлёю, выдатна валодаць роднай (і для яго ж таксама) моваю народа і ўсё рабіць, каб зьнішчыць яе, зьнішчыць у сваім народзе любыя праявы нацыянальнае самабытнасьці, запабягаючы перад іншым, хай сабе і мацнейшым народам?

Але ёсьць нейкая заканамернасьць у тым, што людзі, якія сьвядома адышлі ад нацыянальнай культуры, ад свайго на­рода, зьдзекуюцца зь яго найбольш, хутчэй імкнучыся зьнішчыць у ім усё самабытнае і адметнае. I няма страшней для народа за такіх вось выпладкаў, якія вядуць барацьбу з ім, пры выпадку сьцьвярджаючы: «Не надо нам этого. Не надо. Ведь я тоже белорус и ничего страшного со мной без “мовы” не происходит».

Дыскусія наконт беларускай мовы ў 1926 годзе паказала нам глыбокія гістарычныя карані «тоже белоруссизма». Прадбачваючы з хадою дэмакратызацыі і паступовы працэс беларусізацыі — вяртаньня беларускай мове правоў рэальнага ўжытку ва ўсіх сферах грамадскага жыцьця, мы павінны ведаць, што гэты шлях не будзе лёгкі і просты і што знойдуцца беларусы празь «ять», якія будуць спрабаваць спыніць кола гістарычнага разьвіцьця з мэтаю павярнуць яго хаду ў іншы бок.