— Дык вам-жа холадна, — з добрай ласкавасцю ў голасе працягваў баец, — От ужо цяпер усё расою прыпадае, а пад дзень можа і зусім прыстудзіць. Вы тады змерзнеце ў такой адзежы, як у вас. А ці адна цяпер такая ноч наперадзе?
— Нічога, не змерзну. — Зіна цясней прытулілася да Святланы. — Вось мы ўдваіх вашым шынялём накрыемся, а там я што-небудзь дастану ў вёсках: свет не без добрых людзей.
— Я вас вельмі прашу, — ледзь не з крыўдай пачаў гаварыць баец. — Да мацеры цяпер ужо мне не даехаць, хоць і білет у кішэні і дакументы, што адслужыў свой тэрмін. Мне хочацца зрабіць вам гэты падарунак, усё роўна, як сваёй мацеры.
Зіна пакуль што нічога не адказвала. Ёй здалося, што ўсе байцы ‘слухаюць іхнюю гэтую, магчыма, залішне інтымную размову, а каму гэта трэба — да аднаго адносіцца лепш, як да ўсіх астатніх. Цяпер трэба было любіць і паважаць ycix аднолькава, быць для ўсіх шчырым таварышам, сястрой. Аднак калі Зіна прыслухалася, то заўважыла, што ўсе байцы, у тым ліку i цяжка хворыя, спяць. Ціхая летняя ноч, напоўненая пахам малочнага жыта, зняла з іх сэрцаў хваляванні і трывогі, зняла нават боль з ран.
— А вам далёка трэба было ехаць? — спытала Зіна, калі ўпэўнілася, што ніхто лішні іх не слухае. — Адкуль вы родам?
— Ды яно i недалёка, калі ехаць, — з радасцю, што ўзнавілася размова, адказаў баец. — А калі ісці, то наўрад ці хопіць ног. З нашага Палесся я, з вёскі Забалоцце. Можа чулі пра такую?
— Не чула, — з павагай да шчырасці байца адказала Зіна, — але рада, што вы адтуль.
— Чаму? — у голасе байца адчулася здзіўленне.
— Зямляк мой, — задаволена сказала Зіна, — гэта па-першае, а па-другое — блізка вам да родных мясцін. Усё-ж-такі гэта прыемна.
— Дык i вы адтуль? — баец ужо не толькі здзівіўся, a і ўзрадаваўся.
— Я не адтуль, — нібы з жалем, што сапраўды не адтуль, сказала Зіна, — але-ж і ў такіх выпадках байцы завуць адзін аднаго землякамі. Я з-пад Брэста.
— Дык вядома землякі! — ледзь не ўскрыкнуў баец. — З адной рэспублікі, значыць і землякі.
Ён памаўчаў з хвіліну, а потым яшчэ больш шчыра і па-сяброўску папрасіў:
— Дык вазьміце маю вязанку, зямлячка.
Вяірнуліся хлопцы з свае першае разведкі. Грыцко сказаў Зіне, што тут непадалёку за жытам знайшлі хмызнячок. Расце там ядловец, маладая алешына, крушыннік. Ёсць месцамі мох. Збоку ад дарогі — балотца, і ідзе яно далей, аж на той бок хмызнячку. Да ўсходу сонца трэба туды перабрацца.
Невялічкі лагерок адразу прачнуўся. Сталі вызначаць, каго несці на насілках, каму дапамагчы рухацца сваім ходам, а хто можа хоць як-небудзь і колькі-небудзь прапаўзці.
Апошнім неслі чарнявага байца, параненага ў галаву. Недзе каля сярэдзіны дарогі ён раптам падняўся на насілках, закрычаў, замахаў рукамі. Святлана спужалася яго крыку і ледзь не кінула кончык насілак, за які трымалася, ідучы побач з Грыцком. Трымалася яна, каб дапамагаць Грыцку, а Грыцко прымаў яе дапамогу толькі для таго, каб дзяўчынка не згубілася ў цемры. Чарнявы баец раптам змоўк, адкінуў на насілкі забінтаваную галаву і пачаў часта, роспачна ўздыхаць.
— Куды вы мяне нясеце, браткі? — жалліва спытаў ён.
Зіна, ідучы з Машкіным наперадзе, прыпыніла крок, аглянулася. Яна ўпершыню пачула гаворку гэтага байца і ўзрадавалася, што, магчыма, яму стала лепш. Яна паімкнулася загаварыць з хворым, але Грыцко апярэдзіў яе.
— У шпіталь едзем, — сказаў ён спакойным голасам, — у шпіталь, браце.
— Не трэба мяне нікуды несці, — стаў прасіць хлапец, — не трэба мучыцца. Усё роўна ўжо…
I пасля гэтага ён зноў прыціх. Зіна чакала, што баец скажа яшчэ што-небудзь, але ён пачаў стагнаць цяжэй, як раней.
— Мабыць не ачуньваюць людзі, калі іх параніла ў галаву? — задумліва прамовіла Святлана.
Грыцко адразу адказаў:
— Самая цяжкая рана — гэта ў жывот, а ў галаву нічога. Галава ў чалавека моцная.
— Калі i выжыве, — працягвала Святлана, — то можа калекам застацца: уздурнее або яшчэ што…
— Хто?
— Ну вось ён.
— Нічога кепскага з ім не будзе, — упэўнена сказаў Грыцко. — Бывала мы на скачках колькі разоў пераляталі цераз галовы коней i чорт нас не браў: цэлымі заставаліся і мазгі варылі.
— Дык то на скачках, — не згаджалася дзяўчынка.
— А што на скачках? — пачынаў ужо ісці на спрэчку Грыцко. — Ты яшчэ не ведаеш, што часам бывае на скачках. Бывае там горш, як на фронце. Аднаго разу наш камандзір узвода Бандарэнка так грымнуўся разам з канём, што думалі — канец. А паляжаў крыху ў санчасці і ўстаў. Каня больш лячылі, чым яго.
— Лютага? — нясмела спытала дзяўчына.