Выбрать главу

— Не, тады ён быў на другім кані. Люты, ого! Люты не спаткнецца. У яго ногі, як у чорта. Хату пераскочыць i не пачуеш, седзячы на ім. Ты, нябось, часта ўспамінаеш Лютага, га?

Святлана маўчала, Грыцко адчуў, як пры яго пальцах задрыжала яе рука.

— Чаму ты нічога не кажаш?

Дзяўчынка ўздыхнула i прызналася, што Зіна просіць не распытваць пра вайсковы гарадок.

— Гэта яна баіцца, — сказаў Грыцко. — А чаго тут баяцца? Я вось таксама ўсё не мог з табой пагаварыць, хоць адчуваю, што ты чакаеш гэтага. Гарадка ўжо няма, вядома, а людзі ёсць. Людзей нашых не так лёгка знішчыць. Твой бацька, напрыклад, жыў і здароў. Сам бачыў, як ён лётаў на кані між казармаў і аддаваў распараджэнні. Бачыў, пакуль разанула мне па вачах, а потым чуў яго голас. Ты надта не бойся за свайго бацьку. Чалавек ён смелы, адважны, а смелых і кулі не бяруць. Помніш Чапаева?

— А Бандарэнка як? — ціха спытала дзяўчынка. — Ці не бачылі вы Бандарэнкі?

— Як-жа не бачыў, — ахвотна пачаў расказваць Грыцко. — Разам быль Ты толькі добра трымайся, а то тут ужо няроўна пад нагамі: жыта скончылася. Бярыся за маю руку, калі хочаш. Разам мы былі з камандзірам узвода, i абодвух нас адным махам аглушыла. I абодвум нам павязло, трэба сказаць. Мне хлопцы памаглі выбрацца, а Бандарэнку — Люты. Калі загарэліся канюшні, — гэта мне байцы потым расказалі — Люты сарваўся з прывязі і з дзікім гігатам пачаў насіцца па гарадку, шукаць свайго гаспадара. Байцы злавілі яго, падвялі да параненага Бандарэнкі. Люты ўбачыў ляжачага камандзіра, ціха заржаў і апусціўся перад ім на пярэднія калені. Памаглі камандзіру сесці, і Люты ўстаў, раздзьмуў ноздры, выцягнуўся і плаўна, але віхрам памчаў на выхад, хоць там рваліся бомбы і ўсё было зацягнута дымам. Вынес камандзіра з агню, а там наша санітарная машына падабрала яго. Машына пайшла па шашы, а Люты з усёй сілы пусціўся за ёю. Памчаў так, што толькі і бачылі яго. Так што ты не бойся i за Бандарэнку.

Святлана ішла моўчкі, стараючыся больш глядзець пад ногі, каб не спатыкацца i не штурхаць насілак. Твару яе не відно было, таму Грыцко не мог вызначыць, паверыла яна яго словам ці не. Яму вельмі хацелася, каб яна паверыла, хоць i цяжка было гаварыць дзяўчынцы няпраўду i шкада было яе за тое, што яна так уважліва слухае і ўся дрыжыць ад хвалявання.

— Дзе-ж цяпер Люты? — нібы спытала, нібы так сабе сказала Святлана.

— Люты?.. — Грыцко быццам не адразу расслухаў пытанне. — Гэты конь не прападзе. Вярнуўся, пэўна, у часць, ваюе цяпер. Такіх коней мала.

Падышлі да балотца, паклалі насілкі на зямлю, таму што Зіне і Святлане трэба было скінуць абутак. Адпачылі хвілінку і пайшлі далей. Шлёпаў Грыцко мокрымі ботамі па балоту і ўсё думаў: добра ён зрабіў, што расказаў Святлане нешта падобнае на байку, ці нядобра? Сам ён быў упэўнены, што і камандзір палка і Бандарэнка загінулі.

* * *

Больш за месяц жылі байцы непадалёку ад дарогі. Спачатку ў тым хмызнячку, куды перабраліся ў першую ноч, а потым знайшлі яшчэ больш зручнае месца. Па дарозе сунулася, плыла фашысцкая зграя. Сунулася яна да таго самаўпэўнена, што амаль не азіралася па баках. Удзень з-за той жытнёвай горкі, што аддзяляла хмызнячок ад дарогі, можна было наглядаць клубы пылу, калі машыны і ўсялякая іншая тэхніка кранала шынамі абочыну. У лясок далятаў лязгат гусеніц і гул матораў. А начамі амаль заўсёды было ціха і быццам-бы нават спакойна. Спакой гэты непакоіў і хваляваў хлопцаў горш, як недалёкія стрэлы, як узрывы бомбаў. Людзі, адарваныя ад усяго свету, ледзь не пазбаўленыя слыху, зроку, руху, палохаліся гэтай цішыні. Нахлыналі цяжкія думкі, з’яўляліся жудасныя здагадкі. Калі ўсюды гэтак ціха, то можа няма i супраціўлення ворагу, можа ўсе нашы байцы ляжаць вось так у розных месцах, хто паранены, а хто забіты, можа ўся наша тэхніка ляжыць вось гэтак-жа на дарогах, як тая машына, на якой яны не так даўно ехалі. Дзе-ж цяпер фронт, куды зайшоў вораг?

У гэтыя зманлівыя па сваёй цішыні ночы, а часам і ўдзень Зіна i Святлана выходзілі з лагера. Зіна завязвала тады чорную хустку, падарунак адной бабулі, каб на людзях выглядаць старэйшай, каб Святлану маглі прызнаваць за яе дачку. Хадзілі яны ў бліжэйшыя вёскі, а іншы раз наведваліся і ў далёкія. Перад некаторымі людзьмі яны былі проста бежанцамі, а перад некаторымі — самі сабой. Толькі яны маглі здабыць для раненых кавалак хлеба і сёе-тое да хлеба, толькі яны маглі знайсці такіх людзей, да якіх можна было потым наведацца Грыцку, Машкіну або шафёру. Праз гэтых людзей іншы раз удавалася ўлавіць якую-небудзь вестку з фронта. Цяжка было верыць ёй, аднак-жа, калі гэта была прыемная вестка, то не трэба было ў той дзень для раненых лепшага лякарства.