Выбрать главу

Перад самым выхадам Зіна са Святланай пайшлі на досвітку ў далёкую дзённую разведку. 1 м трэба было выканаць цяпер складаную задачу ўжо зусім вайсковага характару. Неабходна было выведаць, дзе стаяць немцы i дзе іх няма, якімі дарожкамі і якімі сцежкамі трэба прабірацца, каб не наткнуцца на ворага хаця-б у наступную ноч. Уся група чакала ў гэты дзень дзяўчат яшчэ з большай трывогай, як часта Зіна са Святланай чакалі Грыцко ці Машкіна, калі тыя доўга не вярталіся ў лагер. Вядома, што ад гэтай разведкі залежала вельмі многае. Калі пачало хіліцца к вечару, Грыцко ніводнай хвіліны не мог уседзець на месцы: ён усё выцягваўся на сваіх каржакаватых нагах і паверх кустаўя ўглядаўся ў даль. Усе хлопцы больш трывожыліся за Святлану. Яна, яшчэ не зусім здаровая пасля ранення і кантузіі, ды наогул нязвыклая да вялікіх пераходаў, магчыма, прыстала дзе-небудзь на дарозе.

— Не трэба было пускаць дзяўчынку, — нібы сам сабе выказаў думку Грыцко.

— А яна — галоўная разведчыца, калі хочаш ведаць, — не згадзіўся Машкін. — Без яе Зіна ўсяго не выведае ды i засыпацца можа хутчэй. Малое пралезе ўсюды.

— А калі прыстане, то на руках нясі, — не згаджаўся Грыцко.

Шафёр бліснуў сваёй рэдказубай усмешкай.

— Трэба было табе самому пайсці, — сказаў ён Грыцку. — Зняў-бы сваё галіфэ, дык якраз за малога сышоў-бы.

— Не балбачы! — агрызнуўся хлопец, а Машкін незадаволена глянуў на абодвух і загадаў:

— Праз гадзіну каб усё было гатова да выхаду! Давайце без лішніх размоў!

Шафёр сеў на пяньчук і стаў моўчкі завязваць свой паходны мяшок, а Грыцко з хвіліну яшчэ ўглядаўся, а потым, нібы хто падпёк яго знізу, падскочыў, на хаду перамахнуў высокі ядлоўцавы куст і памчаў у той бок, куды толькі што глядзеў. Неўзабаве ён вярнуўся з Зінай i Святланай. Разведка прайшла добра, не было нават якіх-небудзь надта складаных перашкод, — толькі стомленасць скавала ногі, ісці далей разведчыцы не маглі-б.

— Адпачніце, — сказаў ім Машкін. — З гадзіну можаце адпачыць, а як толькі змеркне, у дарогу. — Ён, нібы ўпотай, глянуў спачатку на Святлану, а потым на насілкі.

— Мы пойдзем! — упэўнена сказала Святлана, і Машкіну стала няёмка.

— Адпачывайце, — паўтарыў ён, а сам адышоў да буданчыка, дзе ляжалі сабраныя за час лагернага жыцця боепрыпасы.

Грыцко прынёс дзяўчатам па поўкацялка ячнага крупніку. У гэты дзень ён быў дзяжурным па лагеру i сам варыў гэты крупнік, сам потым падтрымліваў у пячурцы цяпло, каб страва не надта астыла. Усе хлопцы ўзяліся за апошняе, што было неабходна перад паходам, — за чыстку i змазку зброі, а Грыцко нечакана для ўсіх выцягнуў аднекуль вялікія, што авечак стрыгуць, ножны, задрынкаў імі, заляскаў аб расчоску і, падышоўшы да пеньчука, падаў голас:

— Хто хоча не прыстаць у дарозе ад цяжасці на галаве i ад свербу, падыходзьце сюды! Пакуль нашы разведчыцы i праважатыя з’ядуць крупнік, абгалю ўсіх не горш як у гарадской цырульні!

Першы падышоў без пілоткі і сеў на пень шафёр. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножнамі, зняў яе. Праз некалькі хвілін шафёр трохі нагадваў стрыжанага барана, але быў надта задаволены, паціраў далонямі галаву і ўхмыляўся. Услед за ім сеў на пяньчук Міхал, потым адзін узбек падставіў сваю да бляску чорную галаву, за ім — астатнія байцы. Апошнім падстрыгаўся Машкін, бо ён увесь гэты час быў заняты рознымі падрыхтоўчымі справамі.

— А хто-ж цяпер мяне аголіць? — спытаў Грыцко і, запусціўшы тоўстыя пальцы ў свае злямчаныя валасы, адцягнуў на лоб пасму і адрэзаў.

— Давай я, — падручыўся Міхал. — Ты сам сабе яшчэ вуха адрэжаш.

Астрыгшы Грыцка, Міхал абцёр аб салдацкія штаны ножны, аддаў іх гаспадару, а сам пачаў збіраць у жменю валоссе, што рознакаляровым дываном ляжала вакол пня.

— Каб не балелі ва ўсіх галовы, — нібы жартам, нібы ўсур’ёз гаварыў ён, укленчыўшы каля пня, — трэба зграбці ўсё гэта i закапаць. А то калі агледзіць якая птушка ды зацягне ўсё багацце ў сваё гняздо…

— Гэта ты ад сваёй бабкі чуў? — страсаючы з-за вушэй валасяную сечку, спытаў Грыцко. Галава яго пасля стрыжкі зрабілася круглай, як гарбуз, лоб стаў больш высокі, а рот — больш шырокі.