— I ад бабкі, — згадзіўся Міхал, — i ад дзеда.
Гэты хлопец наогул мала калі з кім спрачаўся. Натуры ён быў ціхай і памяркоўнай. Калі не падабаліся яму чые словы, дык ён толькі моўчкі круціў галавой, а ў сварку не лез. Пакуль ён ляжаў амаль заўсёды падагнуўшы ногі, усе думалі, што гэта кволы i маларослы хлопец, а цяпер ён так выпрастаўся, так увайшоў у сілу, што стаў ледзь не вылучацца сярод усіх. Ростам ён быў лічы што на дзве галавы вышэй за Грыцка, статны, спрытны ў рухах. За якую работу ні браўся, яна гарэла ў яго руках. Нават гэтыя валасы збіраў ён так акуратна i хораша, што Зіна міжвольна прытрымала ля вуснаў лыжку з крупнікам і зірнула на яго рукі.
Перад самым адыходам Машкін пастроіў свой атрад. Каманда яго прагучала няўпэўнена, крокі, калі ён прахаджваўся ля строю і аглядаў кожнага байца, былі няцвёрдымі. Мала яшчэ камандаваў Машкін, бо толькі нядаўна скончыў палкавую школу. Аднак, паколькі сярод раненых ён адзін меў камандзірскае званне, то неяк само сабою выйшла так, што ўсе прызналі яго старшым, і ён ужо даўно нёс на сабе гэты крыж.
З усходу, нібы наўмысля для таго, каб заглянуць хлопцам у твары, каб потым асвятляць ім дарогу, выплыў амаль яшчэ зусім поўны месяц. Забялелі вяршынкі ядлоўцу пад яго святлом, у хлопцаў заблішчалі рулі вінтовак і карабінаў за плячамі, рукаяткі гранат на паясах. А буданчыкі, — тыя буданчыкі, у якіх, як здавалася ўсім, пражыта самая важная частка жыцця, — выглядалі пад месяцам адзінока і сіратліва. Уваходы ў іх былі адкрытымі, адтуль віднелася свежае сена і, напэўна, пахла прывабна і зазыўна. «Пераначуйце яшчэ хоць ночку», — быццам-бы гаварылі буданы. Зіна, стоячы збоку і трымаючы за руку Святлану, з жалем глядзела на свой нізенькі, надзіва прыгожы і ўтульны буданчык. Колькі мазалёў нагнаў Грыцко, пакуль зрабіў гэты буданчык! Не давядзецца больш у ім начаваць i можа ніколі ўжо не ўбачыш яго, як не ўбачыш свае роднае хаты, свае роднае сям’і. Такія думкі мільгнулі ў дзяўчыны, але адразу і зніклі, бо стала думацца аб тым, што калі-б нават і праз дзесятак год давялося пабываць у гэтых мясцінах, то ўсё роўна ў першую чаргу пацягнула-б да гэтых незабыўных буданчыкаў.
— Развітаемся, сябры, са сваім лагерам, — сказаў Машкін з вайсковай халаднаватасцю, нібы ён не адчуваў у гэты момант таго, што адчувала Зіна i, бадай, усе хлопцы. — Развітаемся таксама з тымі, хто застаўся тут.
Дасюль глядзелі на буданчыкі, на ўсё тое блізкае, дамашняе, што з’явілася за гэты час у лагеры, а цяпер перад зрокам кожнага паўсталі магілы, хоць ix i не відно было адсюль.
— Шагам марш! — скамандаваў Машкін i сам пайшоў наперадзе.
Байцы строем падышлі да могілкаў. На некаторых магілах пачала прабівацца трава, на ёй блішчалі скупыя кроплі расы, а большасць насыпаў яшчэ жаўцела зверху глыбінным жвірам. Байцы знялі пілоткі, застылі ў жалобным страі. Машкін стаў з аднаго боку магілак, Зіна і Святлана — з другога.
Машкін адчуваў, што трэба нешта сказаць, ды не знаходзіў слоў. Адчуваў ён таксама, што не трэба тут доўга стаяць, бо толькі разжалобіш байцоў, аднак не ведаў, колькі часу адвесці на гэта. Стаяў моўчкі, як і ўсе.
Прайшла хвіліна, другая. Цішыня i спакой у ляску, цішыня і поўная нерухомасць у страі. Яшчэ праз хвіліну нехта з байцоў паварушыўся, у яго пад нагою трэснуў сучок. Машкіна гэта падштурхнула падаць каманду, а Зіна гатова была нават падысці да яго ды папрасіць, каб не спяшаўся. Ёй хацелася яшчэ хоць поўхвілінкі пабыць тут. Кожнага, хто тут ляжыць, яна лячыла, кожнага даглядала. Колькі прайшло цяжкіх, пакутлівых дзён, колькі бяссонных начэй. Дзіцячыя слёзы Святланы ліліся над галовамі гэтых байцоў. Ныла сэрца ад таго, што каб было ўсё патрэбнае для лячэння, калі-б была Зіна сапраўдным урачом, то, магчыма, многія з гэтых нежывых стаялі-б цяпер побач.
— Пайшлі, — раптам зусім ціха і зусім не па-вайсковаму сказаў Машкін.
Байцы самі павярнуліся і сталі адзін за адным. Зіна са Святланай выйшлі наперад. Машкін надзеў пілотку, прапусціў паўз сябе маўклівую калону і з сумам падумаў: «Малая ў мяне каманда, вельмі малая. Большасць людзей засталася тут».
Ішлі байцы доўга і прайшлі, здавалася, нямала, а лініі фронта ўсё яшчэ не адчувалася і ніхто пэўна не ведаў, дзе яна была, гэтая лінія. Ішлі ў большасці выпадкаў начамі, да ўсходу сонца, а ўдзень адпачывалі ў жыце або ў лесе. Хада, такім чынам, была не вельмі спорнай, і выходзіла, мабыць, так, што фронт ішоў хутчэй.
Зіне са Святланай было цяжэй у гэтым паходзе, як усім астатнім. Пасля начных маршаў па лясах, па балотах (добра, калі дарога ляжала праз жыта) дзяўчатам трэба было ўдзень праведваць дарогу на наступную ноч. Яны-ж увесь час выручалі групу і ў самым галоўным, у харчаванні. Маладая бульба-скараспелка ўжо сям-там пракідалася на полі, але-ж не заўсёды лёгка было яе напячы, ды і не працягнеш доўга на адной такой бульбе. Зіна нейкім інстынктам адчувала, да каго трэба зайсці, каб распытаць дарогу, у каго папрасіць чаго-небудзь з харчоў або з адзення. Вясковыя людзі амаль заўсёды даверліва сустракалі яе і дапамагалі, чым маглі. У Святланы была цяпер свая шэрая хустка i нават світка. Праўда, усё гэта хатняга гатунку, але-ж Святлане цяпер i зручней было выглядаць тутэйшай дзяўчынкай.