Аднаго разу (гэта было ўжо больш як праз месяц пасля выхаду трупы са свайго шпіталя) байцы спыніліся на адным грудку сярод балота i рашылі дні два адпачыць, агледзецца. На другі дзень пад вечар дзяўчаты пайшлі ў бліжэйшую вёску мяняць на прадукты сякія-такія салдацкія рэчы. Разведчыцы ўжо адзін раз наведваліся ў гэтую вёску, немцаў там не было, дык яны ішлі без асаблівай перасцярогі. Што там за рэчы ў іх былі! Вядома, не каштоўнасці якія-небудзь, а тое, што байцы з апошняга маглі адарваць ад сябе: некалькі пар ануч, некалькі ўціральнікаў. З пустымі рукамі цяжэй было хадзіць сярод бел ага дня, ды i выпрошваць у людзей не надта лёгка. Лепш ужо, вядома, прапанаваць мяну якую-небудзь, тым больш, што шлях групы ішоў праз заходнія вобласці Беларусі, а людзі тут былі ўсякія.
Непадалёку ад той вёскі, куды ішлі дзяўчаты, стаяў хутар, добра абгароджаны дзе высокім каменем, а дзе пілёнымі плашкамі. Учора дзяўчаты прайшлі паўз гэты хутар не спыняючыся, а сёння спыніліся, бо ўбачылі на брамцы нейкую аб’яву. Не паспелі яны прачытаць і першага радка, як з двара выйшаў пажылы кіслагубы чалавек і, зняўшы кепку, прывітаўся з Зінай:
— Добры вечар, пані.
— Я не пані, — рэзка адказала дзяўчына.
— Дык гэта я… — чалавек лагодна засмяяўся і кіслагубасць яго адразу знікла. — У нас, ведаеце, так было нядаўна, а можа яно так i будзе. Дык я гэта, ведаеце, па старой звычцы.
— Так ужо не будзе! — рашуча сказала Зіна і ў гэты-ж момант падумала, што дарэмна ўступіла з гэтым чалавекам у спрэчку. Хто ведае, што гэта за чалавек. Ёй трэба было зусім не паказваць тут сябе, але інстынкт пратэсту міжвольна ўзяў верх. Зіна раптам адчула, што вось зараз яна яшчэ больш нагаворыць гэтаму шляхцюку, калі толькі ён пачне даказваць сваё. Але чалавек не палез глыбей у спрэчкі i нават не пакрыўдзіўся на дзяўчыну за яе грозны тон.
— Усё ад бога, усё ад бога, пані, — дробна i абыякава загаварыў ён. — Можа так яно будзе, а можа іначай, — святы ведае. А мы пажывем, убачым. Я не пра гэта хачу ў вас спытаць. Можа вы, часам, прадаеце што ці мяняеце? Учора я таксама бачыў, праходзілі вы тут з клуначкам.
— Нічога ў нас няма, — недаверліва азвалася Зіна і ступіла крок ад брамкі.
— Ну, калі няма, дык няма, — адразу згадзіўся чалавек. — Я толькі думаў папытаць. Чым несці вам што-небудзь у вёску, то ці не лепш пакінуць тут. У мяне, дзякуй богу, ёсць i хлеб i да хлеба. Магу даць пляцёнку цыбулі або вясельца сушаных грыбоў. А ў вёсцы сёння неспакойна, лічу сваім абавязкам вам сказаць. Зранку найшло туды многа немцаў.
Зіна глядзела чалавеку ў твар i не ведала, што яму сказаць. Твар гэты быў непрыгожы, аброслы чорна-сівым шчаціннем, аднак у ім не відно было прыхаванай хітрасці ці яшчэ чаго-небудзь пагрозлівага. Чалавек проста хацеў выменяць што-небудзь i больш нічога. Мабыць, не першы раз ён пераймаў тут бежанцаў.
На брамцы, за яго бронзавай ад загару шыі, бялела аб’ява. Зіна перавяла на яе вочы, але чалавек стаў бліжэй да брамкі і закрыў аб’яву спіной. «Няўжо ён наўмысля? — падумала Зіна. — Што-ж там такое напісана?» Але чалавек раптам адышоў ад брамкі, нібы гаворачы: «Чытай сабе, калі хочаш». Зіна паспрабавала прачытаць, не падыходзячы блізка, але было ўжо цемнавата, цяжка было разабраць не надта выразны рукапіс.
— Дык згаворымся? — спытаў чалавек і паказаў рукою на зінін клуначак.
— Ёсць у мяне дзве пары ануч, — нібы толькі для таго, каб адчапіцца, сказала Зіна, — хочаце, магу вам іх аддаць за хлеб.
— Дык мне вельмі трэба анучы! — задаволена прамовіў чалавек, — давайце зойдзем у хату. У гаспадарцы, ведаеце, усё патрэбна. Зойдзем, пасядзіце, адпачнеце. Скажу старой, то малака па шклянцы налье, якраз карову падаіла. Малая, нябось, сасмагла. Гэта дачка ваша?
Зіна моўчкі кіўнула галавой.
У хаце было ўжо амаль зусім цёмна. Пахла сапраўды свежым малаком, хоць гаспадыня, дарэчы, зусім яшчэ маладая, дзябёлая жанчына, відаць, ужо даўно ўладкавалася з сырадоем, а цяпер толькі паласкала гарачай вадой дайніцу. За сталом сядзелі і аблізваліся, як сытыя кацяняты, двое малых дзяцей: хлопчык і дзяўчынка, гадоў па тры, па чатыры кожнаму. У абоіх у руках былі бязвухія жасцяныя кубкі, відаць ужо зусім пустыя. Дзеці ўставіліся на незнаёмых круглымі, як у сыча, вачамі, і мурзатыя тварыкі іх застылі ў нейкім чаканні.