Выбрать главу

— Гэта бы сваю дзяўчынку завеце? — ласкава спытала гаспадыня.

— А дзе яна? — Зіна паспрабавала паварушыцца, устаць з падлогі, але адчула востры боль у галаве, у баку, страшэнна нылі таксама рукі і ногі.

— Дзяўчынка ўцякла з хаты, — нібы нават з уцехай сказала гаспадыня. — Выскачыла вось сюды. Можа вам вады падаць?

Жанчына стала на падлогу каленямі і нахілілася над Зінай. Зусім блізка над сабою Зіна ўбачыла яе ўстрывожаны, але добры твар, чорныя, блішчастыя ў цемнаце вочы.

— Развяжыце мяне, — папрасіла дзяўчына. Яна сказала гэта і сама не верыла, што так сказалася, што яе пачулі, што зноў не пачнуць біць і давіць.

— Не магу я так, мілая, — азірнуўшыся на акно, ціха загаварыла жанчына. — Вернецца ён, то прыб’е i мяне i вас. Гэта-ж ён за вашай дзяўчынкай пабег. Вы яшчэ i падняцца не паспееце, як ён можа вярнуцца. Я хіба вас сама папрашу: скажыце вы яму што-небудзь, каб адчапіцца. Можа якіх палонных дзе тут паблізу бачылі, можа якіх комуністых? Гэта-ж прыйшлі пазаўчора, сказалі, вунь і напіска на брамцы вісіць, што калі хто падкажа, дзе хаваюцца палонныя або комуністыя, таму немцы дадуць дзялянку добрай зямлі ды яшчэ і грашыма прыплацяць. За гэтым мой так і стараецца i злуецца. Каму-ж гэта не хочацца мець лішні загончык зямлі. А вы яму скажаце, ён вас і пусціць. I дзяўчынку вашу пусціць, калі толькі ён яе дагнаў.

Зіна насцярожліва глядзела на жанчыну і ў першую хвіліну не магла зразумець, як прымаць гэтыя словы. Няўжо гэта такая лісіная хітрасць? I гаспадар пачынаў з гэтакіх-жа слоў.

Аднак вочы жанчыны быццам-бы не хітравалі, у іх свяцілася жаллівасць, спачуванне, хоць спалох і разгубленасць засланялі ўсё гэта. Хлопчык усё мацней і настойлівей клікаў маму. Ён, відаць, падпоўз на самы край печы, бо плач яго чуўся бліжэй i яшчэ больш жалобіў душу.

— Іду, сыночак, іду-у, — прамовіла жанчына, і нават у цемры Зіна ўбачыла, што па смуглых шчоках гаспадыні пацяклі буйныя кроплі слёз, гэтакія-ж блішчастыя, як i яе вочы.

— Зразумейце мяне, — паспешліва зашаптала Зіна. — Зразумейце, як жанчына з добрым сэрцам, як маці вось гэтых дзяцей. Я не магу сказаць яму нічога, ніводнага слова. Няхай нават загіну, а не скажу.

Зіна крыху падняла галаву, каб быць яшчэ бліжэй да гэтай жанчыны, лепш бачыць яе твар, яе слёзы. Дзяўчына рада была-б абняць яе за шыю, прытуліць да сябе, ды звязаны былі рукі, цяжка было паварушыцца…

Гаспадар прыбег амаль што праз поўгадзіны.

Усунуў раскудлачаную галаву ў выбітае акно, чыхнуў, як кот, з’еўшы чужое мяса, потым успёрся рукамі на падаконнік i палез у хату. Улезшы, адразу пабег адмыкаць дзверы. Следам за ім у хату ўвайшлі два плячыстыя мужчыны з дубальтоўкамі. У хаце было зусім ціха, не чутно было ні стогну, ні плачу дзяцей. Гаспадар паклікаў жонку, але яна не азвалася. Тады ён запаліў запалку і ўбачыў ля сваіх ног зблытаныя лейцы…

Калі праз некаторы час разам са Святланай прыбегла на хутар уся група байцоў, у хаце ўжо не было ні гаспадара, ні тых плячыстых мужчын з дубальтоўкамі. На падлозе валяліся лейцы, толькі яны ўжо былі мокрыя і месцамі ў крыві. Побач з лейцамі ляжала і ціха, зняможана стагнала гаспадыня. Каля яе сядзелі заплаканыя і да смерці напалоханыя дзеці.

* * *

З першага дня вайны не было ў хлопцаў нетурботнай ночы, а гэтая выдалася самая трывожная, самая небяспечная. Усе разумелі, што хутаранец са сваімі дубальтоўшчыкамі збег з хаты не так сабе, што ён можа навесці сюды немцаў ці якую іншую ўзброеную погань. Можа нават i цяпер ён прытаіўся недзе тут у засадзе i чакае зручнага выпадку, каб нашкодзіць. Але трэба шукаць Зіну. Хіба можа нават мільгнуць у каго думка, каб яе пакінуць? Што вядома хлопцам пра Зіну? Толькі тое, што на бягу расказала ім Святлана. Пра далейшае амаль нічога. Удалося выціснуць два словы ў знявечанай гаспадыні. Яна сказала, што развязала Зіне рукі і ногі, што памагла ёй вылезці праз акно, а больш нічога жанчына не ведае i шмат чаго не памятае. Можа гаспадар са сваімі падручнымі злавіў дзяўчыну каля хутара і пацягнуў у вёску, можа дзяўчына не мела сілы далёка ісці і звалілася недзе тут у кустах? Усё гэта магло быць, але што-б ні было, што-б ні здарылася, байцы павінны выратаваць свайго шчырага таварыша.