Не надта далёка было ўжо да летняга світання. На траве i на густых альховых кустах ляжала самая буйная раса, у далёкім беразаку ўжо разоў два цінькнула самая ранняя птушка. Машкін даў каманду агледзець усё ўсюды каля хутара, а потым сабрацца на паляначцы за кустамі. Святлану ён пакінуў пры сабе. Яна так стамілася, так перахвалявалася, бедная, што ледзь трымалася на нагах. Праз некалькі хвілін хлопцы былі на ўказаным месцы і кожны з іх далажыў, што нідзе нічога не знойдзена. Параіліся ўсе разам i потым быў аддадзены загад асноўнай групе ісці фронтам паабапал дарогі аж да таго месца, дзе быў часовы лагер. Ісці i аглядваць кожны куст, кожную імшаліну. Грыцку-ж і Міхалу трэба было прабрацца ў вёску i выведаць, што чутно там.
Ішлі да лагера марудна, старанна прыглядаліся, прыслухоўваліся. Святлане спачатку здавалася, што яна пад кожным кустом бачыць Зіну ў чорнай хустцы, у Міхалавай кофтачцы, з абрыўкамі вяроўкі на руках i нагах. Сэрца падказвала дзяўчынцы, што Зіна абавязкова павінна быць недзе тут, што яна не падалася ў рукі ворагу. Калі хоць трохі ў яе заставалася сілы, то яна ўцякла ад хутаранца, і калі потым нават падкасіліся ногі, то недзе хоць паўзком, а ўсё-ж дабіраецца да месца.
Аднак прайшлі байцы і агледзелі ля дарогі ўсё кустаўё, мінулі беразак, пачалі ўжо набліжацца да свае стаянкі, а Зіны нідзе не было. Заставалася яшчэ надзея на лагер. Можа дзяўчына апярэдзіла іх і прыйшла на месца раней?
На світанні прыйшлі на сваю часовую стаянку. Грудок, зарослы маладымі дубкамі, грушынай і алешнікам, кішэў ужо жвавымі, клапатлівымі птушкамі; іх свіст і ціліканне разносіліся адсюль на ўсё балота. Прасохлыя шкілеты мінулагодніх будак касцоў жаўцелі сярод свежай зелені. Вярхі іх былі наспех накрыты пачарнелым сенам, якое сабралі байцы на пракосах. Не шмат было тут пракосаў, ды i тыя ўжо зараслі атавай. Відаць, не давялося людзям размахнуцца тут з касой, перашкодзіла вайна. У будках таксама ляжала сена, сухое, яшчэ нават пахучае. Так-бы хацелася прылегчы на гэтым сене ды хоць трошкі паспаць, хоць да таго часу, пакуль узыдзе сонца ды зліжа расу, якая радуе вока, аднак вельмі мочыць і ацяжарвае абутак. Але-ж ці можна думаць пра сон, пра адпачынак? Машкін з шафёрам агледзелі будку, узбек i яшчэ тры байцы аббеглі навакольны зараснік і вярнуліся мокрыя, нібы з ракі. Машкін пайшоў на рызыку і нягучна, аднак выразна паклікаў Зіну. Нідзе ніхто не азваўся.
Цень разгубленасці мільгануў на твары камандзіра. Ён адчуваў, што трэба прымаць неадкладна рашэнне, і не ведаў, што сказаць. Заставацца тут і чакаць хлопцаў з вёскі вельмі рызыкоўна, — немцы, напэўна, ужо ведаюць пра іх стаянку. Адыходзіць-жа адсюль таксама нельга. Байцы заўважылі гэтую разгубленасць Машкіна і апусцілі вочы, ніхто з іх не мог нічога падказаць. Аднак выйсце ўсё-такі павінна быць. Як заўсёды ў надзвычай цяжкіх выпадках, падступілі байцы адзін к аднаму і адразу стала крыху лягчэй. Каб не вельмі пакутаваць у маўчанні, шафёр пачаў аглядаць свой карабін, падсумак з абоймамі, гранаты. Нібы следуючы яго прыкладу, нібы інстынктыўна адчуваючы такую неабходнасць, і астатнія байцы пачалі аглядаць сваю зброю. У гэтую-ж хвіліну Машкін аддаў загад: заняць абарону на ўскраіне грудка, наспех акапацца i чакаць звароту Грыцка і Міхала. У Святланы задрыжалі павекі ад гэтага загаду, але яна нічога не сказала, ні аб чым не спытала, толькі цясней завязала вузялок сваёй шэрай хусткі пад барадою ды на ўсе гузікі зашпіліла паношаную, хлапчуковую світачку — падарунак адной добрай бабулі. Машкін ціха сказаў ёй:
— Не бойся, Света, ты будзеш са мною.
Бегчы на ўскраіну, выбіраць зручнае месца, акопвацца, — усё гэта было не цяжка. А вось ляжаць нерухома пасля зморанасці, ды яшчэ перад усходам сонца, ды яшчэ ў цяпле, гэта сапраўдныя пакуты. Тут можа задрамаць нават сам генерал, а не толькі радавы баец. I усё-ж трэба вытрымаць. Машкін можа i не ведаць пра гэта, але сумленне загрызе, калі спусціш вочы.
На шчасце, ляжаць моўчкі доўга не давялося. Не паспелі хлопцы яшчэ добра ўгледзецца ў процілеглы лясок, што сінеў за балотам, як з-за недалёкіх кустоў вынырнулі і падскокам пусціліся па балоце два ўзброеныя чалавекі. Па кароткіх нагах і шырокіх плячах байцы адразу пазналі Грыцка, a Міхал ужо сам сабою разумеўся. Машкін даў сігнал збору. Грыцко і Міхал паведамілі, што на світанні ў вёску найшло многа немцаў з танкамі і бронемашынамі, усюды ў ваколіцы выстаўлены пасты, таму прабрацца ў вёску не ўдалося. Гаварылі яны толькі з адным пастушком-падлеткам, які ішоў некуды з торбай і пугай, а ніякага статку пры ім не было. Пастушок сказаў, што бачыў хутараніна ў вёсцы, але чужой жанчыны пры ім не бачыў.