— Трэба ісці, — шэптам, каб не пачула Святлана, сказаў адзін з байцоў, — а то канец тут будзе ўсім.
Грыцко так глянуў на гэтага байца, што ён гатоў быў скрозь зямлю праваліцца. Святлана па губах пазнала, што ён прашаптаў, зірнула на Машкіна, i пад сэрцам у яе пахаладзела. У шэрых вачах камандзіра зноў мільгнула разгубленасць. Тут i кожнаму было-б не лёгка прыняць рашэнне, а Машкіну тым больш. Не было ў яго яшчэ звычкі хутка i самастойна ацэньваць усё, што здаралася.
— Я не пайду адсюль, — прыглушана сказала Святлана i заплакала. — Я застануся шукаць Зіну.
— I я застануся, — нібы падхапіў яе словы Грыцко. — Ціха, Святлана, не плач, ніхто без Зіны не пойдзе.
Было вырашана абшукаць увесь лес повідну, у выпадку варожай аблавы агню не адкрываць, а хавацца. Кожнаму байцу — пэўны ўчастак. Сігнал сувязі — такі, а сігнал збору — такі.
Грыцку выпала ісці самым левым флангам і далёка ад дарогі. З ім пайшла і Святлана. Не прайшлі яны і сотні крокаў, як дзяўчынка раптам спынілася і схапіла Грыцка за руку.
— Вунь, глядзіце! — прашаптала яна, паказваючы рукою лявей ад сябе.
Грыцко прыставіў да ілба далонь, стаў шарыць вачыма па кустах вербалозніку, што рос ускрай балота. Большыя з гэтых кустоў стаялі яшчэ да палавіны ў сінявата-мутным прадусходнім тумане, а некаторыя з меншых танулі поўнасцю.
— Нічога не бачу, — з жалем сказаў Грыцко.
Святлана маўчала, відаць, і яна ў гэты момант нічога не бачыла. Вочы яе міжвольна наплывалі слязамі. Грыцко апусціўся рукамі на купіну, стаў глядзець паверх травы.
— А што ты там бачыла, Света? — даверліва спытаў ён.
Дзяўчынка напружана глядзела ў тое месца, якое хвіліну таму назад так узрадавала яе, i гатова была заплакаць ад роспачы, ад таго, што цяпер там нічога, акрамя кустоў, не відно.
— Мне здалося, што я там зініну хустку ўбачыла.
Грыцко падняўся, моўчкі ўзяў Святлану за руку.
— Пойдзем, мілая, — спачувальна сказаў ён. — Так з многімі бывае. Мне вось таксама здавалася, што бачу Зіну, калі ішоў сюды з вёскі.
Прайшлі яшчэ некалькі крокаў, і Святлана зноў спынілася, рука яе задрыжала. На гэты раз i Грыцко пачуў, што з-за тых кустоў, на якія паказвала дзяўчынка, данёсся слабы, працяглы голас. Нехта клікаў Святлану. Грыцко падаў знак хлопцам i што было сілы памчаў да вербалозніку.
Зіна ляжала пад кустом у балотнай твані. Зняможанасць, пакутлівы боль у галаве і ва ўсім целе затрымалі яе ў дарозе. З апошняй сілы дзяўчына намагалася да світання прыйсці ў лагер, ды сама не заўважыла, як узяла ў лесе не той напрамак, заблудзілася. Калі пачало світаць, яна зразумела, што ідзе не ў той бок, але ўжо знікала i тая сіла, што была, ногі падкошваліся, перад вачыма ўсплывалі жоўтыя кругі. Нечакана трапіўшы ў балотную іржу, Зіна ўжо не магла выбрацца адтуль.
Да лагера байцы перанеслі Зіну на руках, а там шафёр адразу-ж успомніў свае ранейшыя абавязкі. Ён збегаў да старога адонка, выцягнуў адтуль дзве сухія жардзіны i за некалькі хвілін зладзіў насілкі.
Выйшлі са свайго часовага лагера перад самым усходам сонца. Першыя ласкава-вясёлыя праменні засвяцілі байцам у вочы, як толькі яны перайшлі балота.
Зіна не магла сама ісці некалькі дзён, яе неслі байцы на насілках. Да яе зняможанасці пасля той жудаснай ночы падпала нейкая хвароба: не валодалі ў дзяўчыны рукі і ногі, страшэнна балела галава. Усе гэтыя дні байцы самі хадзілі на разведку, а ў найбольш небяспечныя месцы, куды самім нельга было дабрацца, пасылалі Святлану. Дзяўчынка нібы нават пасталела за гэты час. Калі яна адчула, што вельмі патрэбна трупе, што яна па-сапраўднаму дапамагае байцам, смялей і энергічней сталі свяціцца яе блакітныя i чыстыя, як яснае неба, вочы. Яна, здавалася, не адчувала ні стомленасці, ні страху, заўсёды была ўпэўнена, што ўсякая перашкода скорыцца перад ёю. Зіне радасна было глядзець на яе. У пагодлівыя дні Святлана нават развязвала сваю хустку, i яе светлыя валасы ззялі на сонцы залатым адлівам.
Цяпер Святлана не — саромелася здымаць з галавы сваю хустку. Ранка яе зажыла, i хоць на тым месцы, дзе глыбока была садрана скура, цяпер не растуць валасы, гэта ўжо не надта турбуе дзяўчынку. Калі зарасла рана, то, нябось, вырастуць i валасы. Пасля таго, як Грыцко з усім сваім стараннем пахадзіў каля Святланы з ножнамі, прычоска яе стала нават прыгожай, з ёй можна было-б жыць не толькі ў лясах ды ў балотах, a i ва ўсякім горадзе.
— Няхай-бы i вас Грыцко падстрыг, — сказала яна тады Зіне, гледзячыся ў маленькае шклячко люстэрка. Яна падняла гэтае люстэрка ў адной вёсцы на сметніку. Яно так ярка і прывабна блішчала на сонцы, што яна не магла яго не падняць.