Цяпер ужо вочы расплюшчыліся, мабыць толькі ад таго, што неўзабаве выплыла з-за хмаркі жыватворнае летняе сонейка і пачало пранізваць павекі. I калі дзяўчынка глянула на сонца, якое спускалася ўжо на захад, калі ўбачыла над сабою чыстае, спакойнае неба, тады паверыла, што цяпер ужо сапраўды мінуўся гэты жудасны сон. На хвіліну ёй нават уявілася, што яна недзе дома: нібы каля таго ляска за горадам, куды часта бегалі яе сяброўкі, нібы на мураўцы палігона, дзе ў вольную хвіліну любяць адпачываць і нюхаць малады чабрэц коннікі. Вось і жаваранак узняўся над галавою, затрапятаў крыльцамі, зазвінеў. Калі гэта палігон, дык тут і рэчка недалёка. Хутка прыйдзе тата, і пабяжым тады разам на рэчку. Напіцца-б халодненькай вады, памачыць свежым струменьчыкам галаву… Баліць нешта галава…
Непадалёку нехта застагнаў, і адразу-ж знікла песня жаваранка. Святлана ўзнялася на локаць. Перад ёю ляжаў коламі ўверх перадок газіка. У першы момант дзяўчынцы здалося, што гэтыя колы яшчэ круцяцца. Кроках у дзесяці збоку намагалася ўстаць нейкая дзяўчына: узмахвала рукамі, упіралася ў зямлю.
— Пачакайце трошачкі! — сказала Святлана, — я вам памагу.
Яна ўскочыла на ногі, але мяккая трава нібы правалілася пад ёю, i дзяўчынка ўпала. На руках і каленках падпаўзла яна потым да той дзяўчыны, што адзін раз застагнала, і пачала пасабляць ёй сесці. Узяла яе за шыю, колькі было сілы пацягнула да сябе. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка.
— Дзе гэта мы? — запытала дзяўчына. А Святлана глядзела на яе i не ведала, што адказаць. Ёй толькі хацелася хутчэй стаць карыснай у бядзе, дапамагчы машыністцы, дапамагчы ўсім, калі гэта трэба.
— Што з вамі? — хацела яна спытаць у машыністкі, але тая перахапіла яе словы i спытала сама:
— Табе не баліць, Светачка?
Дзяўчынка ўзялася рукою за галаву, i яе вочы наліліся слязамі.
А машыністка тым часам разарвала крэмавую блузку проста на сабе:
— Дай я цябе перавяжу, Светачка.
Пакуль перавязвала, прыйшла ў поўную свядомасць, зразумела, што сама не паранена, i трывога брала толькі за Святлану. У дзяўчынкі была пляма вышэй ілба. Можа гэта толькі шкрабінка, а можа і горш. Ці няма яшчэ дзе ран?
У машыністкі калоціцца сэрца, калі яна саджае дзяўчынку сабе на калені, аднак яна гаворыць зусім спакойным гол асам:
— Маленечкая ранка ў цябе, Света, амаль што i не відаць. Мабыць, валасамі за нешта зачапілася, калі ляцела з машыны.
— А што гэта здарылася? — абняўшы машыністку за шыю, спытала дзяўчынка. — Дзе мой тата, дзе Бандарэнка?
— Вайна, Светачка, — ледзь стрымліваючы слёзы, сказала машыністка. — Здарылася вайна.
Адсунуўшы з вачэй не надта ўмелую павязку, Святлана яшчэ раз глянула на газікаўскі перадок з вісячымі нібы для забавы калёсамі; убачыла там паблізу вялікую, круглую яму, акаймаваную свежым чарназёмам, i тую пілотку, што нядаўна паблісквала начышчанай зоркай. Больш не было пра што пытацца.
Першыя гадзіны яны беглі па гэтай дарозе амаль што адны. Зрэдку праходзіла машына, зрэдку праносілася група коннікаў. Стрэчныя людзі часам нават i не ведалі, што заварылася там, на граніцы, і глядзелі на Святлану і машыністку здзіўлена, а то i падазрона. Выгляд гэтых дзяўчат сапраўды выклікаў здзіўленне. Святлана была ў крэмавай павязцы, нібы ў чалме, а на плячах у машыністкі была толькі палавіна блузкі. Памяталася дзяўчыне, што брала яна з сабою касынку, калі выбягала са штаба, але знікла гэтая касынка, як знік шафёр, як знік той баец, што сядзеў у машыне поруч з шафёрам. Гарачае летняе сонца можа выпаліць прыгожыя, блізкія да кучаравасці валасы, зрабіць іх выцвілымі. Але бог з імі, з валасамі. Толькі для таго, каб не было вобмараку ад спёкі, дзяўчына падняла ў адной канаўцы парыжэлы, выдзьмуты ветрам газетны ліст, згарнула яго караблікам і надзела на галаву.
Перад адвячоркам паявіліся грузавыя машыны з раненымі. Многа ішло машын, ледзь не адна за адной. Байцы ў розных павязках, а некаторыя і без павязак, відаць, падабраныя па дарозе, сядзелі, хто мог, ля бартоў, на бартах, нават на кабіне. Цяжка раненыя ляжалі на саломе, хто ніцма, хто бокам, хто дагары, прыкрыўшы твар рукамі. Святлана, са згоды машыністкі, пачала галасаваць: яна-ж таксама раненая, яе павінны ўзяць на машыну. Але шафёры нават вока не спынялі на гэтым галасаванні і ціснулі на газ, што было сілы. Часам машыну падкідвала так, што траха не зляталі з бартоў раненыя; крычалі, стагналі, прасілі і з апошняга слова лаяліся тыя, каму ледзь не смерцю была такая язда. Нішто не праймала шафёраў. Яны глядзелі толькі на дарогу ды праз бакавыя вокны сачылі, ці чыстае неба, ці няма пад хмаркамі таго жудаснага ліха, ад якога вось гэтыя людзі, што ў кузаве, сталі калекамі.