У Зіны валасы былі намнога цямнейшыя, як у Святланы, магчыма, што i не такія прыгожыя, але яна не хацела абрэзваць іх. Усё роўна ёй мала калі даводзілася хадзіць без хусткі, да таго-ж цяпер не аб гэтым клопат. Душу грызла пакута ад таго, што занемагла ў такі суровы час, што робіць многа небыту хлопцам у гэтакім складаным паходзе. За Святлану таксама балела сэрца. Вельмі-ж многа яна цяпер ходзіць усюды, многа рызыкуе. На гэтых днях прынесла нават гладыш кіслага малака.
— I з гладышом табе аддалі? — спытала Зіна.
— Не, гладыш трэба занесці, — адказала дзяўчынка. — Я сказала бабулі, што мая мама, гэта значыць вы, — усміхнулася Святлана, — засталася непадалёку на дарозе, бо захварэла i не можа ісці.
Калі, не тут кажучы, здарыцца што-небудзь з дзяўчынкай, загінем тады. I цяпер ужо хлопцы нямаведама на каго падобны: учарнелыя ад непасільных пераходаў i ад голаду, абадраныя i абшарпаныя, некаторыя амаль зусім босыя. Ды з такой разведкай, якая вядзецца цяпер, далёка не скочыш. Хоць амаль цэлымі суткамі байцы ідуць, хоць адпачынак зведзены да самых неабходных хвілін, усё роўна спорнасці ў руху мала, бо трэба на хаду рабіць разведку, вызначаць маршрут. Трэба, нарэшце, i харчавацца чым-небудзь, піць чыстую ваду. Пасля таго, як узбек папакурчыўся жыватом ад балотнай вады, Машкін забараніў набіраць у біклажкі ваду з розных лужын і канаў.
Адным словам, Зіна разумела, што калі так ісці ўвесь час, то могуць насцігнуць асеннія халады, тады прапалі ўсе намеры. Па вачах, па асобных асцярожных рэпліках яна заўважала, што і некаторыя хлопцы гэтага баяцца, толькі хаваюць свае думкі і ад сяброў і ад саміх сябе. Таму самае важнае — паправіцца, стаць на ногі, а астатняе ўяўлялася нібы нават няцяжкім, нескладаным. Тады і за сабою можна будзе лепш прыгледзець, i за байцамі, а разведку даць такую, што можна будзе ісці хутка i без меншых перашкод. Пасля цяжкага выпрабавання, якое давялося перажыць на тым злапамятным хутары, усё цяпер уяўлялася нястрашным, расла ўпэўненасць, што больш ужо ніякаму д’яблу не ўдасца перахітрыць.
I вось прычакаўся той дзень, калі Зіна ўпершыню пасля хваробы пайшла на разведку. Радасны гэта быў дзень. Байцы сядзелі ў густым зарасніку і з хвіліны на хвіліну чакалі яе. Кожны бачыў на сабе або на сваім сябры такія з’явы, што толькі ўздыхаць-бы ды пакутаваць ад іх. У каго ногі пабітыя i абадраныя так, што глядзець на ix страшна, у каго плячук голы і спаласаваны сухім веццем. Аднак цяпер усё гэта амаль, не заўважалася. Усё наладзіцца, калі Зіна ўзялася за справу, усё пойдзе на самы лепшы лад.
Не відно было ніякай бадзёрасці толькі на твары Міхала. Ён сядзеў трошкі ў баку ад групы і моўчкі плёў з ядлоўцавай кары лапці. He надта трывалыя былі лапці з гэтай кары, іх ледзь хапала на адзін добры пераход, але-ж затое многа ўсюды было такога матэрыялу і здабываць яго было няцяжка: ядловец лупіцца ўсё лета. Чаго быў невясёлы Міхал, ніхто пэўна не ведаў, аднак заўважылі хлопцы, што ўжо з учарашняга дня яго даўгаваты сухі нос паглядваў усе больш пад ногі, вочы рабіліся хмурымі і невыразнымі.
Калі вярнулася Зіна, хлопец на нейкі час павесялеў, стаў прыслухоўвацца, пра што яна дакладвае Машкіну. Але хутка зноў задумаўся, і яго падплётка пачала хадзіць у руках марудна і няўпэўнена.
— Хочаце, я і вам спляту вось такія лапцікі, — прапанаваў ён Зіне, калі група збіралася ўжо ісці далей.
Ён наўмысля не глянуў на зінін абутак: здавалася яму, што дзяўчына можа засароміцца, пачырванець.
— Дзякую, — адказала Зіна і сапраўды пачырванела, калі зірнула на свае ногі. — У мяне яшчэ моцныя чаравікі, дарма што трохі падвязаныя знізу. Я-ж колькі дзён не хадзіла.
— Спляту ў запас, — паабяцаў Міхал. — Вось няхай толькі яшчэ спынімся.
У дарозе ён увесь час трымаўся каля Зіны, усё нібы памыкаўся нешта сказаць, нечым падзяліцца з ёю, нарэшце няёмка закхекаў, быццам нешта засела ў яго горле, і нерашуча спытаў:
— ЦІ каля той вёскі, што вы нядаўна назвалі, каля Забалоцця, мы недалёка будзем ісці?
Зіна прыпыніла крок, з цікаўнасцю глянула на хлопца.
— Зусім блізка, — адказала яна. — А што?
— Ды так, — сумеўшыся, прамовіў Міхал.
Хвілін колькі Зіна не задавала больш пытанняў, не спрабавала што-небудзь угадаць, толькі неўпрыкметку паглядвала на хлапца. Калі Miхал заўважаў гэтыя позіркі, то, напэўна, вельмі хваляваўся, бо ў іх былі і жаль, і загадкавасць, і здзіўленне, і нават падазронасць. Хто яго ведае, можа і заўважаў ён усё гэта.
Нарэшце, калі яны крыху адсталі ад групы, Зіна сказала:
— Ваша вёска будзе, прыблізна, у кілометры ад нас.