— Адкуль вы ведаеце, што мая? — уражаны нечаканасцю, спытаў Міхал.
— Адчуваю, — сказала Зіна, — ды i помню нашу размову ў першыя дні знаёмства.
— Так, гэта мая вёска, — шчыра загаварыў Міхал. — Маё Забалоцце! Двое сутак ужо аб гэтым думаю, чую пах сваіх лясоў, свайго балота, а не гавару хлопцам, баюся, каб не падумалі чаго дрэннага, каб не сталі кідаць на мяне падазроныя позіркі.
— Немцаў у Забалоцці няма, — яшчэ сама не ведаючы, для чаго гэта трэба, паведаміла Зіна.
Міхал насцярожыўся, яго жывыя чорныя вочы ўсхвалявана заблішчалі.
— Ну дык што, калі няма? — узбуджана запытаў ён. — Ну дык што? Няўжо вы думаеце?…
Зіна ўзяла яго за руку і супакойліва паціснула.
— Я нічога кепскага не думаю, — ціха сказала яна і міжвольна прыслухалася да свае душы: ёсць там гэтакае перакананне ці няма.
— У мяне толькі маці ўвесь час перад вачыма, — працягваў Міхал. — Каб, здаецца, можна было хоць на адзін момант убачыць яе ці хоць даведацца, жывая яна ці не… Але я ўжо цвёрда рашыў, што не звярну з дарогі, не пайду. Няхай сэрца баліць, а не пайду, не затрымаю хлопцаў.
— Праведаць то трэба было-б, — разважліва сказала Зіна. — Хочаце, я сама скажу Машкіну. Ён дазволіць.
— Не трэба, — адмовіўся Міхал. — Пойдзем наперад калоны, вам-жа трэба дарогу паказваць.
Доўга баец ішоў моўчкі, утупіўшы вочы сабе пад ногі. На вузкай лясной дарожцы ўжо сцямнела і цішыня запанавала такая, што, здавалася, самы асцярожны крок чуцён быў далёка. У такія часы і ўся група больш намагала на слых, чым на зрок. Міхалу ўяўлялася, што вось ужо зусім хутка, калі яны параўняюцца з яго вёскай, ён пачуе хоць якія-небудзь гукі, з маленства знаёмыя, незабыўныя. Магчыма, хто-небудзь з суседзяў захоча ў гэты час набраць у калодзежы вядро вады нанач. Заскрыпіць журавель, і Міхал адразу скажа, чый гэта журавель. А можа якраз матуля выйдзе па ваду, тады Міхал пазнае скрып свайго жураўля…
Чым бліжэй падыходзілі да вёскі, тым усё больш Міхал хваляваўся, усё больш насцярожваў слых. Аднак ад вёскі не даносілася нічога, быццам яе тут i не было. Змрочная цішыня навакол і маўчанне Міхала пачалі наганяць сум і на Зіну. Пранікнёна глянуўшы на байца, яна зноў прапанавала:
— Давайце я ўсё-такі скажу Машкіну. Хоць прыпынімся тут на які час.
— Не трэба, я вас прашу, — запярэчыў Міхал. — Не хачу я, каб хоць адну хвіліну хлопцы трывожыліся за мяне. Хапае трывогі i без гэтага. Галоўнае-ж, не хачу, каб вы трывожыліся.
— Я не буду трывожыцца, — ледзь чутна сказала Зіна, але ў голасе яе прагучала цяпер поўная шчырасць, i гэта Міхал адчуў.
— Я вельмі жадаю, каб вы ва ўсім верылі мне, — з удзячнасцю сказаў ён. — Мне тады будзе лягчэй.
Зіна спытала нібы толькі для таго, каб схіліць размову трохі ў другі бок:
— У вас толькі адна маці i засталася дома?
— Яшчэ сястра была, — адказаў Міхал. — Меншая за мяне.
— А больш нікога? — Тут у Зіны вырваўся чыста дзявочы смяшок, але ён не пакрыўдзіў Міхала. Наадварот, яму нават радасна стала, што за ўвесь час знаёмства яна ўпершыню так загаварыла з ім.
— Больш нікога, — шчыра прызнаўся Міхал. — Зусім нікога.
Зіна зноў усміхнулася:
— А вось гэтая кофтачка, што цяпер на мне, усё-ж такі не для мацеры куплялася. Праўда? Вельмі-ж яна вясёлая для старой жанчыны.
— Дальбог для мацеры, — запэўніў баец. — Гэта ў мяне такі густ неважнецкі.
— Ну, нічога, — прыпыніла Зіна няёмкую спрэчку. Гэта я проста так, каб разагнаць ваш смутак. Скончыцца вайна, тады ўсё будзе проста i ясна. Знойдзем і мацярок сваіх, і знаёмых, і каханых. Усіх пазнаходзім.
— А ў вайну?
Міхал доўга чакаў адказу, але дзяўчына маўчала. Ён таксама ішоў моўчкі і глыбокі роздум зноў пачынаў авалодваць ім. Забрахаў за лесам сабака, і баец спыніўся, пачаў старанна прыслухоўвацца. Яму здалося, што гэта іхні «Шарык» падаў голас, і сэрца радасна, усхвалявана затрапяталася.
— Чаго ты? — спытаў Грыцко, ледзь не наступіўшы хлопцу на пяты.
— Нічога, — адказаў Міхал і цвёрдым крокам пайшоў далей.
Яшчэ тыдняў праз два напружанай, амаль бесперапыннай хады байцы сталі заўважаць, што чым далей, тым усё больш i больш траплялася на дарозе немцаў, самалёты раўлі над лесам і ўдзень і ноччу. Часта проста над галовамі байцоў адбываліся паветраныя баі. Ісці ўжо нельга было так, як раней: разведку трэба было рабіць вельмі асцярожна і дасканала, падавацца ў глыбокія абходы, кожную ноч прабірацца праз густыя лясы, мясіць непралазныя балоты, пераплываць рэкі. Часта здаралася так, што тут ужо недастаткова было разведчыцкага вопыту Зіны i Святланы, трэба было браць праваднікоў.