На ўсё жыццё застануцца ў памяці байцоў гэтыя простыя, сумленныя людзі — праваднікі. Колькі вытрымкі і мужнасці даводзілася праяўляць групе ў часе паходу, а ўсё гэта выглядала малазначным у параўнанні з той самаахвярнасцю, на якую здольны былі праваднікі. Ідзе сабе чалавек наперадзе і крок яго цвёрды, вочы гараць рашучасцю. Ён ведае, што кожную хвіліну можна наткнуцца на ворага, што першая куля пападзе яму, але ідзе без ніякіх хістанняў. Прапануй яму вярнуцца — не вернецца, пакуль не давядзе да належнага месца. А што гэта былі за людзі? Гэта звычайныя беларускія калгаснікі, у пераважнай большасці дзяды або жанчыны, маткі дробных дзяцей.
Па ўсяму духу на сцежках i дарогах байцы адчувалі, што фронт ужо недалёка. Аб гэтым гаварылі і праваднікі. Прыбаўлялася хвалявання, але радасна было, што фронт прыпыніўся, што запаветная мэта, дзеля якой гэтулькі ўсяго перажыта, была ўжо не за гарамі. Цяпер трэба было выкарыстоўваць кожны, хоць крыху зручны, момант, каб як мага бліжэй падысці да франтавой лініі, выведаць самае тонкае месца ў гэтай лініі i там прарвацца. Няхай дзе ні будзе гэтая лінія: у лесе, на балоце ці хоць нават на суцэльным вадзяным плёсе. Усякую мясцовасць група гатова была пераадолець i да ўсякай магчымасці прарыву рыхтавала сябе. Можна будзе прабрацца цішком — прабірацца, паўзці, плысці, бегчы; трэба будзе брацца за зброю — дык прабівацца кулямі і гранатамі.
Прыйшла нарэшце тая ноч, якая павінна была вырашыць усё. Гэта была яшчэ летняя ноч, хоць раса на траве і вада ў балоце былі ўжо халаднаватымі, хоць на плёсе ляснога лужка ці азярца можна было заўважыць пры месяцы шызы асінавы лісток або жоўты бярозавы. Байцы прабіраліся забалочанымі зараснікамі. Ціха было ўсюды, хоць некалькі гадзін таму назад з левага боку адсюль ішоў, відаць, вельмі жорсткі бой: чуліся частыя выбухі снарадаў, залпы нямецкіх гармат, далятала з ветрам і залівістае сакатанне кулямётаў. Цяпер толькі ракеты ўспыхвалі над лесам, і чорт ведае каму патрэбна было іх гэтае халоднае, трапяткое святло.
Па ўсіх вестках, якія былі ў групе, за гэтым непралазным зараснікам павінна пачынацца так званая нейтральная паласа, калі можна ўявіць такую наогул, а там далей, за глыбокім ярам, — пазіцыі нашых войск. Калі-б зараснікі ішлі да самага яру, то больш зручнага месца для пераходу нельга было-б і ўявіць, але там ёсць адна прагалінка i абмінуць яе нельга: з левага боку нямецкія ўмацаванні, а з правага — вялікае возера. Пашукаць чаго-небудзь лепшага цяпер ужо не было калі, ды і сэнсу ў гэтым ніякага: тут хоць на вузкім прамежку, па ўсіх вестках, няма варожай заставы, а ўзяцца правей, на другі бок возера, то там, магчыма, немец на немцу сядзіць.
Пакуль дабраліся да канца зараснікаў, стала набліжацца к світанню. Гэта i добра, бо ў такую пару акупанты любяць спаць, але гэта-ж i дрэнна: калі цяпер выйдзе хоць невялічкая затрымка, то разрэдзіцца змрок i немцы могуць заўважыць пластуноў на прагаліне.
Дрыжучы за кожную хвіліну, за кожны момант, хлопцы выпаўзлі з густога кусцістага лазняку, наскрозь мокрыя, абшарпаныя, адсапліся крыху, агледзеліся і радком, крокаў на тры адзін ад аднаго, паплылі па шчодрай перадсвітальнай расе далей. Зіна са Святланай паўзлі пасярэдзіне. Яны трымаліся бліжэй адна аднае.
Кожны локаць наперад болем і радасцю аддаваўся ў сэрцы. Набліжалася мэта, набліжалася i самая страшная небяспека можа за ўвесь час шляху. А світанне, як-бы нічога не ведаючы пра такое становішча байцоў, не марудзіла, хутка падплывала з усходу, падбельвала i рассейвала туман, надавала снежны колер расе. Што-б яму трохі пачакаць!
Палявая канюшынка, пырнік, пераспелае шчаўе i розная іншая порасль на прагаліне, якая, відаць, нядаўна засявалася, была густой, спорнай, але невысокай. Святлана, паўзучы, хапалася рукамі то за кусцік шчаўя, то за канюшыну, туліла ў зелень галаву i перажывала дзяўчынка, што ўсе расліны разам не маглі схаваць не толькі ўсю яе, а нават адну галаву. Бадай што ўпершыню паўзла яна па такім адкрытым месцы. Дзе ні даводзілася раней паўзці, усюды былі хоць якія-небудзь кусцікі, купіны, дрэўцы, хоць якое-небудзь прыкрыццё, а тут няма нічога. Здавалася Святлане, што калі вось-вось трэсне нешта збоку або ззаду, то абавязкова пацэліць ёй па галаве. З часу першага ранення ў дзяўчынкі кожны раз было такое адчуванне.
Узвілася непадалёку ракета, зрабіла высокую дугу над прагалінай і ўпала, ужо мала што асвяціўшы. Машкін нават пачуў стрэл ракетніцы. Стрэл гэты не толькі яшчэ больш насцярожыў яго, a i ледзяной жудасцю аддаўся ўнутры. Калі адсюль так добра чуцён слабы стрэл, значыць немец зусім блізка, значыць адно з двух: або іхнія весткі былі недакладнымі, або нанач падышла сюды новая застава. Шчасце, калі немец, дрэмлючы, пусціў гэтую ракету. А калі ён сочыць за прагалінай, то ў кожны момант можа ўзняць трывогу.