Аднак знайшоўся ўсё-такі адзін шафёр, які затармазіў машыну перад паднятай маленькай рукой.
— Перавязваць умееце? — спытаў ён, высунуўшы запылены чуб праз выбітае бакавое акно.
— Умеем, — адказала Святлана.
Чубаты ўсміхнуўся і, зірнуўшы на машыністку, загадаў:
— Сядайце! Толькі хутка: раз, два! Вось вам бінты!
— Куды іх, на галовы? — заенчыў нехта з кузава, але тыя байцы, што ледзь не адзін на адным сядзелі на бартах, жвава заварушыліся, нейкім цудам зрабілі шчыліну між сабою і дапамаглі дзяўчатам узлезці. Машына зноў пайшла, ды так ірванула з месца, што Святлана сапраўды села аднаму байцу на галаву, аднак той не сказаў нічога, усміхнуўся, як толькі можна ўсміхнуцца, перамагаючы боль, і адвёў убок перавязанае плячо.
Сяк-так прымасціўшыся, Святлана пачала глядзець туды, дзе, па яе арыентыру, павінен быць іхні вайсковы гарадок. Можа ён яшчэ відзён з машыны, можа хоць якія прыкметы пашанцуе заўважыць. Не, не было ўжо ніякіх прыкмет. Нават густыя клубы дыму, якія яшчэ не так даўно ўзнімаліся недзе там, каля гарадка, і зліваліся з воблакамі, цяпер, відаць, рассеяліся ці сталі недасягальнымі для вока. Скрозь па дарозе відны былі толькі машыны ды фурманкі. Тады дзяўчынка пачала ўглядацца ў сваіх суседзяў. Ці ёсць тут коннікі? — перш-на-перш цікавіла яе. Коннікаў яна магла адрозніць заўсёды калі не па сініх пятлічках, дык па асабліваму паху. Ёй, чамусьці, здавалася, што тут, у кузаве, абавязкова павінен нехта быць з іхняга палка. Калі-ж ёсць, то яна адразу пазнае яго.
Адзін баец ляжаў у кутку ля самай кабіны. Пятліцы на яго гімнасцёрцы былі ў крыві, таму нельга было вызначыць іх колеру. У байца была перавязана галава. Трохі лепш яна была перавязана, як у самой Святланы, але прыблізна ў гэтым-жа месцы. Валасы густа чарнелі на цемені, а каля самай раны не відно было ніводнага валаска.
— Ці добра ён перавязаны? — спытала дзяўчынка ў машыністкі i непрыкметна паказала вачамі на байца.
— Нядобра, — ціха адказала машыністка, — але на такой дарозе цяжка паправіць.
— Цёця, — зноў неўзабаве загаварыла дзяўчынка і ўжо шэптам. У яе голасе чутны былі ноткі горнасці і бязмежнага давер’я. — А ў яго рана такая-ж, як у мяне, праўда?
— Не, што ты? — здагадаўшыся, у чым справа, пачала ўгаварваць дзяўчынку машыністка. — У цябе зусім не такая, у цябе — маленечкая, драпінка проста. Твая хутка загоіцца i знаку ніякага не будзе.
— А валасы? — нясмела прашаптала дзяўчынка.
— Усё ў цябе будзе добра, усё, — суцяшала машыністка. — Не думай нічога. Потым вось што, Светачка: не заві мяне цёцяй, а проста па імю. Зінай мяне завуць.
Дзяўчынка змоўкла, усё яшчэ не спускаючы сумных вачэй з перавязанай галавы байца, а Зіне стала няёмка, што яна сказала падлетку няпраўду. Нетрывожная рана на галаве ў Святланы, але хто ведае, як яна будзе гаіцца. Скура над ілбом садрана, магчыма, і сапраўды не будуць расці валасы. Мабыць дзяўчынка адчувае гэта i не верыць ніякім словам. Шкада ёй гэтага байца, што ляжыць ля кабіны з перавязанай галавой, яшчэ больш шкада бацьку, які застаўся там, у гарадку, i можа таксама недзе пакутуе ў цяжкіх ранах, але-ж шкада і сваіх валасоў.
Баец ля кабіны раптам паварушыўся, застагнаў, i Святлана спалохана адвяла ад яго вочы.
— Вады-ы, — ледзь чутна папрасіў баец.
— Ёсць у каго вада? — спытала Зіна.
— Даўно няма, — адказаў адзін з тых байцоў, што сядзелі на кабіне.
— Хаця-б глыточак, Зіначка, — раптам пачула дзяўчына зусім побач з сабою. — Усё нутро ссохлася.
Зіна азірнулася на гэты голас.
— Адкуль вы ведаеце маё імя? — спытала яна, яшчэ добра не разабраўшы, хто гэта гаварыў.
— Дык у мяне-ж толькі вочы завязаны, — з жартаўлівай ноткай адказаў баец, — а вушы не. Падслухаў. Не крыўдуйце…
Святлана таксама паглядзела на гэтага байца i ледзь не крыкнула ад нечаканасці: у яго на гімнасцёрцы былі сінія пятліцы.
— Стукайце шафёру ў кабіну! — падала каманду Зіна, калі машына ўляцела ў вуліцу адной невялікай вёсачкі.