— Не спыніцца ён, — сказаў той баец, што першы азваўся Зіне.
— Стукайце! — цвёрда паўтарыла дзяўчына. — Мы яго прымусім спыніцца.
— Застукала адразу некалькі байцоў.
— Што такое? — крыкнуў шафёр, прытармазіўшы машыну.
— Вады трэба набраць, — сказала Зіна.
— На дзіва ўсіх шафёр адразу згадзіўся і выключыў матор.
— I мне трэба вады, — сказаў ён, выцягваючы з-пад сядзення пагнутую бляшанку. — Толькі прашу ўмомант: раз-два. А то немец прэ за намі.
Зіна з дапамогай Святланы сабрала ў байцоў біклажкі, праз якую хвіліну яны былі напоўнены ля калодзежа, шафёр заліў ваду ў радыятар, і машына памчала далей. Глытнуўшы свежай вады, байцы павесялелі, сталі глядзець на дзяўчат з замілаванай павагай, а сусед з завязанымі вачамі многазначна сказаў:
— У нашым палку таксама была Зіна, машыністка. Харошая, кажуць, была дзяўчына, але загінула напэўна, бо першыя бомбы ўпалі на штаб.
— Вы з таго палка? — рынулася да яго Святлана, але Зіна ўхапіла яе за плечы і прытуліла да сябе.
— Не трэба, Светачка, — зашаптала яна, — не трэба, родная. Лепш нічога не ведаць, чым распытваць цяпер. Людзей будзем трывожыць i сябе.
— Светачка ў нас таксама была, — нечакана сказаў баец. — Дачка камандзіра палка.
Дзяўчынка дрыжала ад хвалявання, ледзь не плакала, а Зіна ўсё туліла яе да сябе і ўгаварвала маўчаць.
— У вас вельмі тонкі слых, — сказала яна байцу, каб хоць як-небудзь пачаць іншую размову, — чуеце самы ціхі шэпт.
— Вушы ў мяне добрыя, — ніколькі не сумеўшыся, згадзіўся баец. — Вялікія. Бачыце? — Ён абедзвюма рукамі пацягнуў сябе за вушы. — Таму i ловяць усё.
— А як мой тата? — нястрымна хацелася спытаць Святлане. — Ці не чулі вы чаго пра майго тату?
Баец, нібы адчуваючы жаданне дзяўчынкі, пачаў усё-ж гаварыць пра свой полк, сказаў-бы ён, напэўна, i пра камандзіра палка, але ў гэты час нечага зачмыхала машына i пачала сударгава, са штуршкамі спыняцца.
— Прыехалі! — абвясціў нарэшце шафёр, вылезшы з кабіны. — З’елі ўсё гаручае!
Твары ў байцоў адразу пазмрачнелі, а Зіна адчула нешта падобнае да палёгкі, бо каб не гэты выпадак, то сляпы баец сказаў-бы пра смерць святланінага бацькі. Зіна была ўпэўнена, што камандзір загінуў.
— Гэта номер! — сказаў баец з павязкай на вачах.
— Ну, нічога! — дадаў шафёр, паглядваючы з-пад чуба толькі на Зіну. — Вы тут крыху пабудзьце, а я збегаю вунь у тую вёску, дастану хоць газы якой. — Ён зноў выцягнуў з кабіны сваю пагнутую бляшанку. — Я хутка: раз-два!
Шафёр пабег, пазвоньваючы бляшанкай, і ўсе тыя байцы, што сядзелі на бартах, праводзілі яго сумнымі і безнадзейнымі позіркамі.
— Цяпер будзем загараць, — прамовіў сляпы баец.
— Ціха вы! — загадала яму Зіна. — Трэба зрабіць усё, каб не стаяць тут доўга.
Яна рухава саскочыла з барта, выйшла на сярэдзіну дарогі i пачала настойліва спыняць грузавікі. Амаль усе шафёры — спыняліся, аднак гаручага пакуль што ніхто не даваў.
— А што-б мы рабілі з тым гаручым, — усё-ж не ўстрымаўся сляпы баец, — калі-б нам яго і далі? Хіба вы — шафёрка?
— Я шафёр, — раптам заявіў адзін з тых байцоў, што сядзелі на краі кабіны.
— Рукі і ногі ў цябе цэлыя? — спытаў сляпы баец.
— Рукі цэлыя, — адказаў той, — і нага адна дзейнічае. Зіна! — звярнуўся ён да дзяўчыны адразу па імю. — Паглядзі там, шафёр пакінуў ключы ці не?
— Пакінуў, — адказала дзяўчына, зірнуўшы ў кабіну.
— Значыць, паедзем.
I яны, канешне, паехалі-б, дагналі-б недзе свайго чубатага шафёра, каб у гэты час не з’явіліся над шашою варожыя самалёты. Усе байцы, хто хоць трохі мог варушыцца, пачалі саскакваць, а то проста звальвацца з машыны. У кузаве застаўся толькі той чарнявы юнак з перавязанай галавою, ды яшчэ некалькі байцоў, вельмі цяжка параненых. Зіна паспрабавала высадзіць і іх, з усёй сілы дапамагала ёй Святлана, але дваім ім цяжка было спусціць на зямлю амаль што нерухомых байцоў. Тады падняўся з кювета і на адной назе прыскакаў да машыны той баец, што назваўся шафёрам. Спрытным рухам працавітых рук ён апусціў задні борт. Падбег яшчэ адзін вайскавік, з падвязанай рукой, з двума трохкутнікамі на пятліцах, i яны ўдвух пачалі прымаць на рукі тых пакутнікаў, якія самі нават паварушыцца не маглі.
Самалёты ўжо раўлі над самай шашою i над вёскаю, куды чубаты шафёр пайшоў шукаць бензіну. Вайсковыя машыны віхрам праносіліся міма заглохлага i быццам ужо нікому непатрэбнага грузавіка. Шафёры выціскалі з іх апошняе, каб хутчэй ускочыць у вёску, а там дзе-небудзь прытуліцца, навясці маскіроўку. Святлана з жудасцю наглядала, як некаторыя байцы на хаду выскаквалі з машыны, перакручваліся па некалькі разоў на адкосе, а потым знікалі ў быльняку ці прыдарожным жыце. Яе вельмі цягнула бачыць, ці застаюцца яны жывымі, таму пры набліжэнні кожнай машыны яна ўзнімала Галаву з кювета, і Зіна моўчкі прыціскала дзяўчынку да зямлі.