Выбрать главу

Увесь той дзень гурчалі на дарозе машыны, тарахцелі падводы, ішлі і беглі людзі. Зіна раз-по-раз выходзіла на шашу, галасавала, упрошвала шафёраў узяць раненых байцоў. Мала хто спыняўся, заўважыўшы яе паднятую руку, а калі і спыняўся, то рабіў спачувальны выгляд, паказваў на свой кузаў і зноў паспешліва ўключаў матор. Пад вечар яны выйшлі на дарогу ўчацвярых: кавалерыст, якога ўжо ўсе ў лагеры звалі Грыцком, аднарукі камандзір аддзялення, Зіна і Святлана. Яны амаль сілай пачалі спыняць машыны. Адзін чалавек у цывільнай вопратцы сам пачаў тарабаніць свайму шафёру, калі ўбачыў наперадзе такую грозную заставу. Ён стаяў у кузаве ля кабіны і прытрымліваў за вераўчаны залыгач карову.

— У чым справа, таварышы? — гучна спытаў чалавек. — Пад’ехаць хочаце? Дык недалёка еду, усяго якіх вярстоў пяць. Раненых? Не, раненых не магу. Вось дзевачак можна падвезці, калі хочуць.

Грыцко і камандзір аддзялення сталі на падножку каля шафёра:

— Калі толькі рушыш без майго дазволу — аглушу дурня. Бачыш, што гэта? — I Грыцко паказаў шафёру камень.

— Дык можа так рашым, — пайшоў гаспадар на хітрыкі, бачачы, што цяпер яму ўжо адсюль не ўлізнуць. — Я даеду вось да гэтай вёскі, згружу там усё, а тады прыгазую па вас.

— Прыгазу-уеш, — недаверліва паўтарыў Грыцко. — Дурняў знайшоў.

— Ды што вы, таварышы, — пачаў абурацца гаспадар, — за каго вы мяне прымаеце? Сказаў, што падвязу, значыць падвязу. Недалёка, праўда, бо гаручага мала, але падкіну кілометраў за дзесяць.

— Ну, паехалі! — раптам загадаў Грыцко. — Няма часу таргавацца. Я правяду вас да вёскі i разам вернемся. Паехалі!

Ён глянуў на шафёра, i той уключыў матор, не чакаючы каманды гаспадара.

Шчуплы ў постаці і вельмі сталы і валявы з твару камандзір аддзялення адразу саступіў з падножкі. Ён, вядома, згадзіўся з рашэннем Грыцка, хоць у душы трошкі сумняваўся, што ўсё гэта пойдзе на карысць. Угаворыць гаспадар кавалерыста, i яны драпануць адсюль разам. Зіна, чамусьці, больш давярала Грыцку, але і яе трошкі збянтэжыла гэтае яго раптоўнае рашэнне.

Вярталіся ў свой лагерок з нейкай надзеяй i з трывогай у душы. Усе трое разумелі, што гэта была апошняя спроба паехаць, дабрацца да шпіталя. Пачынала цямнець, ноччу машыны ідуць без фар і ніводная не спыніцца, хоць нават ляжаш на дарозе. А заўтра… Хто ведае, што будзе заўтра.

— Гэта шуркін бацька паехаў, — задумліва сказала Святлана. — Шурка з мамаю ў кабіне сядзела, і калі хацела загаварыць са мною, дык мама сціснула яе за руку.

— Чаму-ж ты сама не загаварыла? — крыху здзіўлена спытала Зіна. — Знаёмыя людзі. Яны ўзялі-б цябе, i можа так было-б лепш.

— Я не хацела з імі ехаць, — упэўнена сказала дзяўчынка.

Прыдарожны лагер чакаў сваіх пасланцоў цяпер з асаблівай нецярплівасцю. Усе параненыя, нават і тыя, каторыя адчувалі сябе вельмі дрэнна, разумелі, што нейкі паратунак павінен быць знойдзены толькі сёння. Кожны раз, калі Зіна адыходзіла на дарогу, яны праводзілі яе шчырымі даверлівымі позіркамі, а потым чакалі з хвіліны на хвіліну. Апошні выхад чацвярых яшчэ больш абнадзеіў ix, i тут ужо кожная хвіліна здавалася гадзінай. Усе верылі Зіне, спадзяваліся на яе, бачылі ў ёй свайго збавіцеля ад пакут, а то можа i ад смерці. Калі сёння Зіна нічога не даможацца, калі яе старанне не прынясе дабра, дык што будзе далей, што чакае ўсіх наперадзе? Харчоў амаль што няма — рэдка хто паспеў у трывозе падрыхтаваць рукзак. Вады таксама няма. А што ўжо гаварыць аб нейкім лячэнні, аб бінце, аб медыкаментах?

Даведаўшыся, што Грыцко паехаў на падножцы грузавіка з кароваю і павінен хутка прыехаць назад, лагер крыху павесялеў, а кульгавы шафёр пачаў запэўняць, што ён даедзе на гэтым грузавіку хоць да самай Масквы i кожнага давязе, куды трэба. Папрасілі Машкіна (такое прозвішча насіў шчуплы камандзір аддзялення) пайсці на дарогу падзяжурыць, каб адразу-ж даць знаць, як толькі пад’едзе Грыцко.

Аднак праходзіла гадзіна, другая, а машыны ўсё не было. Ужо ўсё ў лагеры было падрыхтавана да хуткай пагрузкі, шафёр нават змайстраваў насілкі для пераноскі ляжачых хворых, а ад Машкіна ніякага сігналу. «Збег Грыцко, — пачалі падумваць некаторыя, — выкарыстаў зручны момант».

Ужо і Зіна стала хвалявацца, ужо і ў яе пачалі з’яўляцца трывожныя думкі наконт кавалерыста, але ў гэты час прыбег у лагер Машкін, сеў на снапку зялёнага жыта побач з Зінаю і, аддыхаўшыся, сказаў:

— Па-мойму, сябры, гэта немцы!

Усе, хто мог, паднялі галовы.

— Я доўга ляжаў у разоры, — працягваў камандзір аддзялення, — хацеў упэўніцца. Спачатку праехалі матацыклісты. Цёмначы не разбярэш, я яшчэ сумняваўся. А потым пайшлі бронемашыны, і я ўбачыў: тэхніка не наша, людзі не нашы. Значыцца, нас ужо абышлі.