— I вочы мне завяжыце, i вочы! — настойліва зашаптаў Грыцко замест таго, каб адказаць шаферу.
— Навошта-ж гэта? — безуважна сказала Зіна, не перапыняючы сваю справу.
— Каб не бачыць мне, што робіцца навакол, — зусім ціха прамовіў Грыцко. I Зіна адчула, што ні кропелькі жарту не было ў гэтых словах i што яны былі сказаны толькі для яе адной.
Затым хлапец пачаў гаварыць ужо для шафёра і іншых байцоў:
— Пакуль высадзіў я там з кузава гэтую карову, пакуль адбіў атаку гаспадара і асабліва гаспадыні, дык i немцы на вуліцы. Бачу — бяда. Гаспадар спужаўся, пачуўшы пра немцаў, а гаспадыня зусім звар’яцела; крычыць немым гол асам на ўсю вуліцу i гатова горла мне перагрызці за карову. Бачачы, што машыны цяпер ужо не ўзяць, я пачаў націскаць на шафёра, каб ён кінуў усё і пайшоў са мной. Ён чалавек мясцовы, падумаў я, ведае тут усё навакол. Спатрэбіцца нам такі чалавек. Хлапец вылез ужо з кабіны, а тут гаспадынька як кінецца з лямантам на мяне ды аберуч за мой бінт. Сцяміў я тут, што справы мае слізкія; кабетка гэта я хоча i карову сваю даіць i мяне ўпячы Гітлеру ў лапы. Давялося пайсці на грэх: тузануў я яе за кудлы, ды так з тымі каўтунамі, што засталіся у руцэ, і падаўся ў вішняк. Пакуль яна там галасіла, я ўжо на загуменнях быў. Праскочыў на чацвярых у жыта і іду сабе ціхом паўз дарогу. Жыта добрае тут, мне, як чалавеку нізкаросламу, дык і прыгінацца асабліва не трэба было. 1ду, а па шашы Гітлер прэ. Ён, нечысць, туды, а я назад, насустрач яму. I радасна мне на душы, што не ўцякаю ад яго, і страшнавата трохі.
Шафёр больш не задаваў Грыцку пытанняў, ды не было патрэбы яшчэ пра што пытацца. Зварот кавалерыста ў лагер вельмі крануў усіх байцоў. Хоць канкрэтна ён нічым не дапамог лагеру, хоць i цяпер яшчэ не было вядома, што рабіць, як ратавацца, але ў кожнага на душы з’явілася нейкае прасвятленне. Грыцко дапамог ужо тым, што прыйшоў сам.
— Дарэмна, выходзіць, я насілкі майстраваў,- толькі і сказаў шафёр.
— Насілкі якраз спатрэбяцца, — задумліва прамовіў Машкін. — Баюся, што мала будзе адных.
Нейкую хвіліну ў лагеры панавала цішыня, быццам кожны абдумваў сваю важную прапанову. Ніхто пакуль што не мог сказаць нічога пэўнага, аднак усім было ясна, што перш за ўсё трэба адысці ад дарогі, бо да раніцы на гэтым месцы заставацца нельга.
— Пайсці нам са Святланай у вёску, — нібы сама з сабою пачала разважаць Зіна. — Паспрабаваць там знайсці людзей, каб пусцілі ў якую пуню, дапамаглі перанесціся? Але-ж дваццаць чалавек… Хто гэта пусціць?
— I Гітлер у вёсцы, — дадаў Грыцко.
— У вёску наўрад ці можна, — усумніўся Машкін, і яго падтрымалі амаль усе байцы.
— Тады трэба выбіраць месца пакуль што тут, — сказала Зіна і неяк асабліва ўважліва паглядзела на Грыцка. Ёй было няёмка перад гэтым байцом. Хлопец можа нават малодшы за яе, нізкарослы, несамавіты на выгляд, а вытрымка ў яго такая, што кожны можа пазайздросціць. Дзяўчыне падумалася, што яна ўжо больш ніколі не гляне на свет так, як паглядзела некалькі хвілін таму назад.
Машкін устаў.
— Пайшлі! — сказаў ён шафёру, мабыць не жадаючы турбаваць Грыцка, як чалавека, напэўна, стомленага. Але Грыцко ўстаў хутчэй за шафёра, і ўтрох яны пайшлі выбіраць больш зручнае месца.
Над палеткам спусцілася ноч. Цёплая, кароткая, але густа-цёмная i крыху вільготная. Дзіўна было тое, што ноч прынесла і цішыню, хоць не надта ўтульную, ненадзейную, але ўсё-ж-такі цішыню. Нават на шашы стала спакойна.
Зіне не верылася ў гэтую цішыню, усё ёй здавалася, што гэта зман, што ў такі суровы час не можа быць цішыні ніколі, нават у самую глыбокую ноч. А Святлана нібы i чакала гэтага спакою: яна прыхінулася да Зіны, падагнула ледзь не да барады голыя каленкі i заснула. Адзін баец, паранены ў ногі, клапатліва заварушыўся, выцягнуў з-пад сябе шынель і накрыў ім дзяўчынку.
— Дзякуй вам, — сказала Зіна, — але-ж можа вам самім будзе холадна.
— А я вось саломкі пад сябе, — сказаў баец і працягнуў руку, каб вырваць некалькі жменяў зялёнага, але ўжо каласістага жыта.
— Я вам памагу, — сказала Зіна i асцярожна стала адхіляцца ад Святланы, каб пакласці яе галаву на снапок. Падаўшыся крыху ўбок, яна аберуч пачала рваць пругкае, але ласкавае, бо ўжо крыху роснае жыта. Некаторыя каліўі перагіналіся ў яе пальцах і заставаліся ў руцэ без кораня, большасць-жа вырывалася з коранем. Ад карэнняў пахла свежай зямлёй (які прыемны і знаёмы з дзяцінства быў гэты пах!), а зламаныя каліўі таксама пахлі, ды так, што хацелася ўдыхаць іх водар, глытаць яго, як ваду ў вялікую смагу.
— Я вам дам ножык, — прапанаваў баец. I голас яго быў ласкавы, спагадлівы. Відаць і да яго дайшоў гэты жыватворны пах, відаць i яму прынёс ён успаміны пра ўсё лепшае, што было ў дзяцінстве, у раннім юнацтве.