Аляксей КУЛАКОЎСКІ
ДАБРАСЕЛЬЦЫ
Аповесць
Ад аўтара
З год таму назад мне давялося размаўляць з адной дэпутаткай Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй сельсавета, вельмі сціплай і разумнай жанчынай. Яна шмат расказвала мне пра сваю мінулую работу. Нельга было без хвалявання слухаць, як яна гаварыла аб тым вялікім уздыме сельскай гаспадаркі, які распачаўся ў калгасах сельсавета пасля вераснёўскага Пленума ЦК КПСС 1956 г., аб актыўнасці і небывалай ініцыятыве калгаснікаў — гаспадароў зямлі.
I ў той жа час яна ўспамінала пра мінулыя гады, калі ў сельсавеце вялася ўпартая барацьба з пасляваеннымі цяжкасцямі і недахопамі ў кіраўніцтве сельскай гаспадаркай.
Некаторыя эпізоды гэтага расказа і ляглі ў аснову мае аповесці.
1
Час-ад-часу нешта шоргаецца аб шыбу. Жанчына ведае, што гэта ссохлы куст малінніку, але кожны раз уздрыгвае, намерваецца падысці да акна. Улетку гэты куст прыносіў многа радасці. Прыбяжыць гаспадыня з работы, адчыніць акно і, пынячыся, бывае, сарве спелую, важкую ягаду. Смокча тады яе, як цукерку, і здаецца, што адразу прападае смага і стомленасць адчуваецца меыш.
А цяпер вось ужо каторы раз Андрэіха паглядвае на акно, хоць нікога і не чакае. На дварэ злосна шуміць вецер і наносіць яшчэ больш снегу. За ноч, мабыць, занясе ўвесь агародчык. У хаце гарыць электрычная лямпачка на эмтээсаўскім ліміце. Заплаці ў МТС пяць рублёў у месяц і свяці, колькі хочаш. Сусед Андрэіхі, стары Мітрафан, кажуць, што і спаў пры святле, калі правёў у хату лямпачку і ўнёс першую плату. Друri ж сусед, Лявон Мокрут, аблытаў праводкай нават свой хлеў i не плаціць за святло зусім.
Здалося жанчыне, што нехта бразнуў знадворку дзвярыма. Але ці мала што можа пачуцца пры такім ветры?
Управіўшыся крыху каля мыцельніка, Андрэіха ўсё ж выйшла ў сенцы. Бычок-двухтыднёвік варухнуўся ў загародцы, павярнуў да гаспадыні галаву, і ў змроку забялела яго вялікая, на ўвесь лоб, лысіна. Тут бычку цяплей, зацішней, як у хляве, пакуль ён яшчэ кволы. Андрэіха лепш зачыніла, дзверы, апусціла на крук запору і, пагладзіўшы бычкову лысіну, вярнулася ў хату. Праз некалькі хвілін яна выключыла святло, узлезла на печ, скруцілася там, як малая, у клубочак, але заснуць чамусьці не магла. Спачатку залішне гарачым здаўся чарэн, а потым, як гэта часта бывае, апанавалі галаву розныя думкі, i рады ім ніякай не дасі. A сухі маліннік усё шоргаўся і шоргаўся аб намерзлую шыбу…
Некалі Андрэіху звалі Настулькай. Самы прыгожы ў вёсцы хлопец, цёмнавалосы Андрэй, падчас у жартах ганяўся за ёю, непаседай, па вуліцы:
— Не ўцякай, Настулька, усёроўна даганю!
А яна тупацела па густым пыле босымі, амаль дзіцячымі нагамі, смяялася і крычала на ўсю вуліцу, звала каго на паратунак. Толькі ніхто не ратаваў дзяўчынку, а калі Андрэй лавіў малую за рукі і пачынаў круціць вакол сябе, знаходзіліся такія, што пачыналі заахвочваць хлапца:
— За ногі яе пакружы, за ногі!
Так і ўсё жыццё Андрэй зваў сваю жонку Настулькай. Адыходзіў у армію, узяў жанчыну за плечы, і ёй раптам здалося, што і цяпер ён скажа: «Давай, чуеш, я цябе пакружу».
Але Андрэй прытуліў кабету да грудзей, апусціў калючы падбародак ёй на галаву і ціха прамовіў:
— Не сумуй, мая Настулька, чакай нас!
I яна чакала. Чакала не толькі Андрэя, а яшчэ i двух сыноў, якія пайшлі на фронт раней за бацьку. Старэйшы па прызыву, а малодшы дабраахвотна. Чакала ды нікога не прычакала. Навучылася толькі за гэты час не спаць начамі, хаваць ад людзей слёзы, каб не вельмі выклікаць спагаду. Цяпер толькі ў сне, бывае, чуецца голас то аднаго, то другога сына і толькі ў сне Андрэй ласкава кліча яе Настулькай. Адзінокай жыве Андрэіха ўжо дзесятак год.
2
Радыё ў хаце маўчала ўвесь вечар, мабыць, ветрам пашкодзіла праводку. А потым нешта прарвалася ў рупарчыку, i ён спачатку пачаў хрыпець, затым і гукі пачуліся, нібы з глыбокага падзямелля. Андрэіха спала вельмі чутка, бо адразу прахапілася ад гэтых гукаў. Пачула, што іграюць гімн, і ўспомніла, што ёй, перш чым ісці на работу, трэба хуценька ўправіцца з гэтым, з гэтым і з гэтым у хаце, разграбці снег у двары, даць есці карове, напаіць бычка і не забыць яшчэ безліч усялякіх хатніх дробязяў. Злезла з чарана, уключыла святло, прыадзелася цяплей і пачала расколваць натонка дровы, каб запаліць у печы. Работа ішла цяжка, сякера ледзь не валілася з рук, ныла ўсё цела і вельмі непрыемна марочыла ў галаве. Разгінаючыся, глянула на будзільнік, які стаяў на акне. Глянула і ў першы момант не паверыла сваім вачам: будзільнік паказваў толькі пятнаццаць мінут пасля поўначы. Праверыла, можа не заведзены гадзіннік, ажно ж заведзены, значыцца, яна спала ўсяго некалькі хвілін.