Выбрать главу

У сваёй вёсцы Іван Дабрасельскі меў свой сэдас: былі ў яго тут хата, хлеў, свіранчык, дрывотня. Усё гэта было ўжо не новае, аднак жыць дома можна было. Не жыў хлапец толькі таму, што вельмі баяўся зімовай адзіноты. У сельсавет ён прыходзіў рана, яшчэ толькі вучні пачыналі гурбачкамі сыпаць у школу. Калі ў яго бакоўцы было вельмі ўжо натоптана, браў у маленькім настылым калідорчыку дзяркач, падмятаў, як можна было падмясці такім дзеркачом, сціраў газецінай свой стол і садзіўся за работу. Печка прыходзіў на добрую гадзіну пазней, фінагент жа зранку зусім не паказваўся ў сельсавет, а з’яўляўся ўжо тады, калі ногі ледзь намацвалі ўсходцы, а рукі — клямку. Іван і Васіль звычайна ўспаміналі, чыя сёння чарга падмятаць асноўны сельсавецкі пакой. Мокрут забараняў трымаць прыбіральшчыцу, таму што законных гаспадарчых сродкаў ледзь хапала на ўтрыманне каня. Хлопцам падчас трэба было паламаць галаву, як гэта ўсё ўладзіць, каб старшыня не злаваўся. Любіў Мокрут добра, хораша праехаць, каб аж снег разлятаўся з-пад конскіх капытоў. Любіў, каб і ў яго службовым пакоі быў парадак: падлога падмецена, стол прыбраны, папоўскае крэсла працёрта, Амаль кожны дзень па справядлівасці выходзіла, што трэба было фінагенту брацца за дзяркач, але дзе ж там яго дачакаешся. Таму часцей за ўсё хлопцы закасвалі рукавы ўдвух i да прыходу Мокрута разганялі пыл i смецце па такіх кутках, дзе гэта менш было заўважна.

Сёння Іван выйшаў на работу яшчэ прыцемкам. Бабулька яго ўспорваецца вельмі рана, пачынае шкрэбаць па падлозе сваімі старасвецкімі гамашамі, падоранымі, мабыць, яшчэ самой пападдзёй. Шкрабаценне гэтае ўжо не дасць спаць, бо старая часта прасоўваецца паўз самую тую канапку, якую здае кватаранту. Адчыніў Іван сваю бакоўку i па густаце паветра адчуў, што ў ёй нехта начаваў. Стаў сціраць стол, а там сапраўды было што сціраць: ад заснежаных ботаў ці валёнкаў увесь край вялікага, мабыць, у мінулым сямейнага, стала быў мокры, пасярэдзіне валяліся чэрствыя крошкі хлеба, лушпайкі цыбуліны, было таксама рассыпана трохі солі і трохі махоркі.

«Гэта Павел Паўлавіч, — падумаў Дабрасельскі, — больш тут некаму. У цемнаце забыў прыбраць са стала».

Калі прышоў Васіль Печка, Іван сказаў яму, што на тэрыторыі сельсавета — інструктар райвыканкома, аднак сакратар не звярнуў на гэта амаль ніякай увагі.

— Там, дзе гэты чалавек начуе, — сказаў ён, усміхнуўшыся, — там не днюе, а дзе днюе, там не начуе. Пры такім інструктары можна жыць спакойна.

Управіўшыся з Мокрутавым пакоем, хлопцы разышліся, каб заняцца службовымі справамі. У Дабрасельскага сёння, на жаль, ніякіх службовых спраў не было. Такія дні выпадаліся частавата. Іван не надта радаваўся ім, бо па сваёй натуры ён быў чалавек працавіты, не любіў сядзець, склаўшы рукі, i не хіліўся таксама да гульні ў шашкі, шахматы ці ў што іншае, моднае цяпер у сельсаветах і ў калгасных канцылярыях. Паколькі чытаць пад рукамі нічога не было, хлапец, як ужо каторы раз, паставіў перад сабою скрынку з уліковымі карткамі і пачаў пераглядваць іх, перачытваць. Яму падабаўся такі занятак. Карткі знаёмых людзей цікавілі тым, як яны былі запоўнены: можа хто прыбавіў сабе год ці трохі працоўнага стажу, можа хто жанаты, а напісаў, што халасты. Карткі ж незнаёмых мелі асаблівую цікавасць. Любіў Іван чытаць людскія біяграфіі; ён і ў кніжках спачатку падрабязна вывучаў, хто такі аўтар, а тады ўжо браўся за тэкст.

Хлопец перакладаў карткі аж да таго часу, пакуль не данёсся да яго голас Мокрута. Затым, вярнуўшыся з грознага выкліку, слухаў, як старшыня распякаў сакратара і фінагента, чутно было, як яшчэ разоў два Мокрут павышаў голас, а потым надышло тое звычайнае, што бывае тут даволі часта. Старшыня знік, Печка з фінагентам селі гуляць у шахматы, а ўсе, хто прыходзіў у сельсавет, акрамя, вядома, дзядоў i бабулек, прыліпалі да сакратарскага стала, углядаліся ў канёў і каралёў і забывалі пра свае справы. Некаторыя для гэтага і прыходзілі сюды.

Выйшаў быў на хвіліну і Іван са свае бакоўкі, спыніўся каля шахматыстаў, хацеў нешта сказаць Печку, але ў гэты момант фінагент здзекліва глянуў на яго і спытаў:

— Што табе, начальнік?

Ён не сказаў «кульгавы», аднак усе зразумелі, што ні які іншы.

Іван змоўчаў і, стараючыся як можна менш прыкульгваць, пайшоў у Мокрутаў пакой. Там ён узяў раённую газету з пошты гэтага дня i вярнуўся ў сваю бакоўку. Газетка ў гэтым раёне выходзіла маленькая, як лістоўка, зводак і рапартаў у ёй пакуль што не было, дык i прачытаць не вельмі што знаходзілася. Тыя заможныя інфармацыі, што былі змешчаны ў канцы другой старонкі, ужо даўно перадаваліся па радыё, і Дабрасельскі іх чуў. Прагляд райгазеты заняў усяго некалькі хвілін, а потым хлапец зноў узяўся за сваю скрынку. Трапілася на вочы картка Васіля Печкі.