За перагародкай чуцён голас Печкі, а тут яго картка. Хорашанька запоўнены кожны пункт. Почырк роўны, чысты, толькі сям-там выкрунтасікі не зусім патрэбныя. Год нараджэння… Нацыянальнасць… Далей Іван чытае пра тое, што яму добра вядома, аднак доўга спыняецца на гэтых радках… «Бацька загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, старэйшы брат служыць у арміі»…
Прывыклі чытаць: загінуў. А што гэта значыць, не заўсёды і ўяўляецца. У Івана таксама загінуў бацька, у дзесятку дабрасельскіх сямей — таксама. Можа гэтыя людзі суткамі сцякалі крывёю, пакуль з’явілася магчымасць перавязаць іх, аказаць запозненую дапамогу. Магчыма, ляжалі яны дзе-небудзь у балоце, у голым бязлюдным месцы, нікога не чакалі, акрамя звера, драпежнай птушкі, аднак не трацілі надзеі на выратаванне… Можа, выконваючы баявыя заданні ў тыле ворага, ахвяравалі жыццём, каб перадаць весткі, патрэбныя каардынаты. Магчыма, што некаторыя з іх жывуць дзе-небудзь i цяпер, ды не могуць падаць голасу на радзіму, папрасіць, каб іх вызвалілі.
Калі Іван глыбока задумваўся, перад яго вачыма ўзнікала безліч уяўленняў пра невядомую пагібель яго бацькі. Усе ўяўленні былі толькі гераічнымі, бо Іван вельмі любіў свайго бацьку. Колькі, бывала, гэты маўклівы, працавіты чалавек папанасіў свайго ўжо не зусім маленькага сына на руках, пакуль у таго балела нага i нельга было нават і кроку ступіць самому. Здаралася, выйдуць вясною ў садок, ходзяць каля прышчэпак цэлымі гадзінамі.
— Трымайся добра за маю шыю, — просіць бацька — Іван дзвюма рукамі абшчапервае бацькаву шыю, таму што бацька часта нагінаецца, каб паглядзець, як дрэўца перазімавала ў корані, ці не папсавала што кару на камлі.
— Хутка ты паправішся, — з добрай надзеяй гаворыць бацька, — тады будзеш памагаць мне. Маці ў нас, сам бачыш, нездараўчаная, усё кволіцца ды скардзіцца на болі, а работы каля дому многа.
I хлопчык верыў, што ён паправіцца, будзе сам стаяць, хадзіць, бегаць. У любы час года, у любое бездарожжа браў яго бацька на рукі i за некалькі кіламетраў ішоў у медыцынскі пункт. Стары фельчар аглядваў нагу, даваў мазі i таксама гаварыў, што хутка ўсё пройдзе, загоіцца, што праз які тыдзень-два малы пачне лётаць з кім хочаш навыперадкі. Бацька выціраў рукавом успацелы твар і адразу весялеў, а малы Іван глядзеў на чорныя вільготныя пасмы бацькавых валасоў, паціху варушыў балючай нагой, i здавалася яму, што вось зараз ён здзівіць не толькі бацьку i гэтага добрага дзядулю-фельчара, a і ўвесь свет: устане i пойдзе сам дадому. Бацька ледзь не подбегам будзе спяшацца за ім i аж да самай хаты не возьме на рукі, бо не будзе ў гэтым патрэбы.
Іван сапраўды неўзабаве паправіўся, але ўсё ж накульгваў, бо нагу падцягнула ў цяглях. Доўга ён яшчэ верыў бацьку i старому фельчару, што i гэта хутка мінецца, што абедзве нагі стануць роўнымі, доўга яшчэ марыў аб тым, што хутка пачне бегаць вельмі моцна i нават Андрэевага Уладзіка апярэдзіць, хоць той бегае шпарчэй за ўсіх. Потым з часам надзея гэтая змяншалася, светлыя мары змрачнелі, хлопчык стаў ціхім i не па сваіх гадах задумлівым. У пачатковай школе ён вучыўся разам з Васілём і Уладзікам. Тыя кожны дзень прыляталі ў школу на двух жалезных каньках, грымелі імі нават і ў калідоры. А Іван ужо не зайздросціў. Ён ужо ведаў, адчуваў, што не ўсё тое можна яму, што можна Васілю або Уладзіку. У іх, няхай сабе, па два канькі, няхай сабе, жалезныя, а яму бацька зрабіў адзін, дзеравяны, абкуты тоўстым дротам. Іван прывязваў гэты канёк да правае, даўжэйшае нагі, а левай, кароткай, папіхаў. Так і ехаў па замерзлай канаўцы аж да самай школы.
Вучыўся Іван добра. Бацька цяпер браў у аснову гэта і заўсёды наказваў, прасіў:
— Вучыся, мой сынок, старайся. Помачы ад цябе дома не патрабую, спраўляйся хоць з урокамі. Станеш вучоным, тады будзе i помач.
Магчыма, што і быў бы Іван вучоным, каб не вайна…
…За перагародкай пачуўся раздразнёны, з сыканнем ад перасохласці ў роце голас фінагента. Ён за нешта крычаў на Васіля, нават злосна лаяўся. Васіль жа адмоўчваўся, а калі нешта і гаварыў, дык ціха, памяркоўна, нібы ва ўсім прызнаваў сябе вінаватым.
«Так вось ён і з Мокрутам, — падумаў Іван. — Што б той ні сказаў, рота не разявіць, каб запярэчыць ці выказаць сваю думку. Заўсёды з усім згодны, заўсёды пакорлівы, быццам бы ў яго i не бывае тае свае думкі. А некалі гэта быў вельмі бойкі, жвавы хлапец, лез у спрэчкі нават i тады, калі не трэба было лезці. Ці перамяніўся чалавек з гадамі, ці i раней у яго не было пэўнай цвёрдасці?»